Дарослыя, вы адказваеце за дзяцей

Здарэнні і бяспека

Надышло лета — доўгачаканая пара для школьнікаў і іх бацькоў. Вельмі важна, каб аптымістычныя чаканні ад канікулаў не абярнуліся няшчасцямі, траўмамі, не прывялі вашых дзяцей у сумніўныя кампаніі, не спрыялі ўчыненню правапарушэнняў.
Няўвага да дзяцей, ігнараванне элементарнымі нормамі забеспячэння іх бяспекі дома і на вуліцы, а нярэдка банальная неабачлівасць, на жаль, заканчваюцца трагічнымі паследкамі.
У гэтым годзе ад уздзеяння знешніх фактараў загінулі 10 дзяцей. Сярод прычынаў гэтай сумнай статыстыкі — бестурботнасць бацькоў.
У Смаргонскім раёне вясной на вачах у маці патанула чатырохгадовае дзіця. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле “Пакіданне ў небяспецы”.
Двое непаўналетніх загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях у Астравецкім і Воранаўскім раёнах. У абодвух выпадках вінаватымі аварый былі бацькі або сваякі дзяцей. Яшчэ адна трагедыя адбылася ў Воранаўскім раёне: шаснаццацігадовы падлетак памёр ад пераахаладжэння. Бацька пачаў шукаць сына толькі праз чатыры дні пасля яго знікнення. Дзесяцігадовая дзяўчынка ў Мастоўскім раёне загінула ў выніку абвала цаглянай канструкцыі.
Асабліва трывожаць факты, калі непаўналетнія, якія застаюцца сам-насам са сваімі перажываннямі і праблемамі і не знаходзяць разумення бацькоў, сяброў, прымаюць рашэнне развітацца з жыццём. У гэтым годзе так паступілі дзве дзяўчыны і два юнакі ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў.
У апошнія гады не адзінкавыя выпадкі, калі немаўляты паміраюць у выніку асфіксіі з-за пападання ў дыхальныя шляхі харчовых масаў. І гэта пры тым, што медыкі заўсёды папярэджваюць бацькоў аб наступствах няправільнага догляду нованароджаных.
Паважаныя бацькі, будзьце пільнымі. Памятайце і пра тое, што дзеці, якія засталіся без нагляду і кантролю з боку дарослых, могуць траўміравацца. Дзяцей ва ўзросце да трох гадоў наогул нельга пакідаць адных. У Гродне ўжо пацярпелі ў выніку выпадання з вокнаў шматпавярховых дамоў двое малалетніх дзяцей.
Акрамя таго, тлумачце дзецям, што ў першую чаргу неабходна рабіць пры знаходжанні боепрыпасаў і іншых выбухованебяспечных прадметаў. Так, у маі пяцікласнік адной са школаў Гродзенскага раёна атрымаў цяжкую траўму рукі ў выніку выбуху буйнакалібернага патрона, які непаўналетні кідаў аб бетонную сцяну.
Усім, хто ўбачыць незачыненую каналізацыю, трэба паведаміць у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Адзначаліся неаднаразовыя факты падзення малалетніх дзяцей у каналізацыйныя калодзежы, якія не былі закрыты люкамі.
Ва ўсіх школах напярэдадні канікулаў прайшлі бацькоўскія сходы, на якіх ішла гаворка аб асноўных патрабаваннях па забеспячэнні бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей. Падзяліцеся гэтай інфармацыяй з дзецьмі. Цікаўцеся справамі, баўленнем вольнага часу, сябрамі сваіх дзяцей. Паспрабуйце зрабіць так, каб дзеці не толькі паўнавартасна адпачылі, але і набылі навыкі ў грамадска-карыснай дзейнасці, сталі памочнікамі ў побыце і пры гэтым адчувалі сябе камфортна і ўтульна ў сям’і і сярод блізкіх людзей. Арганізуйце займальныя канікулы сваім дзецям, вучыце іх жыць змястоўна.
Адпраўляючы дзіця на адпачынак у вёску да бабулі, у дзіцячы аздараўленчы лагер, нагадайце ім правілы паводзінаў на вадзе, абыходжання з лёгкаўзгаральнымі рэчывамі, агнём, а таксама аб забароне стасункаў з малазнаёмымі і незнаёмымі людзьмі.
Акрамя таго, яшчэ раз папярэдзьце дзяцей аб адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, распіццё піва, спіртных напояў, кіраванне без правоў транспартнымі сродкамі, учыненне хуліганскіх ці іншых супрацьпраўных дзеянняў. Давяраючы, прыглядайцеся, у якім стане вяртаюцца падлеткі дадому, ці ў парадку іх самаадчуванне.
Дзеці-пешаходы — гэта асаблівая катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху, якія часам забываюць пра небяспеку і гуляюць на дарозе.
Не адпускайце дзяцей адных на водныя аб’екты. Памятайце, што вы несяце адказнасць за знаходжанне дзяцей на вуліцы без суправаджэння дарослых з 23 гадзін да 6 гадзін раніцы.
Учыненне правапарушэнняў і злачынстваў дзецьмі, якiя дасягнулi ўзросту, з якога надыходзіць адміністрацыйная або крымінальная адказнасць, з’яўляецца сведчаннем невыканання бацькамі абавязкаў па выхаванні сваіх дзяцей і прывядзе да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 9.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (“Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”).
Паважаныя дарослыя, магчыма, побач з вамі жывуць ненадзейныя сем’і з дзецьмі. Звяртайце ўвагу на тое, чым заняты непаўналетнія. Спыняйце ўсе небяспечныя дзіцячыя гульні, выпадковымі сведкамі якіх вы сталі. Сёння вы спынілі на шляху да бяды чыёсьці дзіця, а заўтра хтосьці спыніць ваша.
С. НАНКЕВІЧ,
старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці
Л. НІЦКО,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *