ІВАН ГІРЫК, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскім раёне:
— Цалкам згодны з меркаваннем, што ў далейшым варта спрашчаць парадак выплаты падаткаў, каб любы прадпрымальнік-пачатковец мог разабрацца і не патрапіць у парушальнікі. Сёння актыўна ідзе працэс папулярызацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Развіццё прадпрымальніцтва ў нашай краіне – адзін з нацыянальных прыярытэтаў эканомікі. Перад падатковымі органамі ставіцца задача па стварэнні спрыяльных і прывабных умоваў вядзення бізнэсу. У сувязі з гэтым праводзіцца планамерная мэтанакіраваная работа па скарачэнні колькасці падатковых плацяжоў, спрашчэнні працэдуры збірання падаткаў, тлумачальная работа, актыўна ўкараняецца электронны дакументаабарот. Усё гэта стымулюе плацельшчыкаў да добраахвотнага выканання падатковых абавязкаў і празрыстага вядзення бізнэсу.