Узрост — не перашкода

Падзеі

— Раней я была зусім не «спартыўнай» дзяўчынай. Аднак, калі ў Дзятлаве з’явілася студыя цыркавога майстэрства «Марсі», вырашыла паспрабаваць сябе менавіта ў гэтай галіне. І гэта, нягледзячы на даволі «позні» для акрабатыкі ўзрост, — 12 гадоў, — расказвае пра сябе юная гімнастка з Дзятлава Дар’я Ёдчык.

Мэтанакіраванасць, сіла характару, жаданне займацца спартыўнай акрабатыкай — усё гэта дало станоўчы вынік. І ўзрост не стаў таму перашкодай.

Сёння Дар’я — адна з вядучых артыстак студыі «Марсі», неаднаразова дзяўчына выступала на раённай сцэне. «Ізюмінкай» яе праграмы з’яўляецца акрабатычны эцюд  на кольцах. Асвойвае дзяўчына і хадулі. У рэпертуары Дар’і ёсць і шэраг парных нумароў.

— Першапачаткова я баялася сцэны, адчувала дыскамфорт, — расказвае юная гімнастка. — Аднак цяпер выступленні на сцэне — неад’емная частка майго жыцця. Калі доўга не выступаю, нават пачынаю сумаваць.

Кумірам для Дар’і з’яўляецца расійская гімнастка Ляйсан Уцяшава.

— Калі я прачытала гісторыю яе жыцця, гісторыю пераадолення ёю хваробы, была здзіўлена, — гаворыць Дар’я. — Уразіла стойкасць характару Ляйсан, яе сіла волі. Гэта сапраўды моцны чалавек.
Гісторыі такіх людзей для мяне — своеасаблівы прыклад, нават матывацыя: калі чагосьці хочаш дасягнуць —  працуй, займайся, трэніруйся. І ў цябе ўсё абавязкова атрымаецца.

А. ДУБРОЎСКАЯ.
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *