Школьны мерыдыян

Падзеі

«Святочныя забавы»

Сакавік выдаўся багатым на падзеі і мерапрыемствы для школьнікаў Дзятлаўшчыны. Педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава пастараліся, каб кожная субота месяца была цікавай і адметнай.
На пачатку месяца навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна прынялі ўдзел у раённым этапе абласнога фестывалю-конкурсу мастацкай цацкі «Святочныя забавы». Школьнікі пазнаёміліся з традыцыямі вырабу нацыянальнай лялькі і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю беларусаў. Удзельнікам свята расказалі аб традыцыйных спаборніцтвах-забавах, якія раней ладзіла беларуская моладзь, запрасілі выпрабаваць свае здольнасці ў конкурсных намінацыях «Беларускі сувенір» і «На вясковым падворку».

Журы падвяло вынікі завочнага этапу конкурсу і вызначыла пераможцаў. У намінацыі «Лялька» лепшай была работа, прадастаўленая Круцілавіцкім дзіцячым садам-сярэдняй школай. Лідарам намінацыі «Вышыўка» стаў Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа. У конкурсе «Сюжэтных кампазіцый» перамагла сярэдняя школа №1 горада Дзятлава.

Свята птушак «Саракі»

Раённы этап абласнога фальклорна-экалагічнага свята «Саракі» заклікаў школьнікаў Дзятлаўшчыны прыняць удзел у творчай і практычнай дзейнасці па ахове птушак.

З народным святам «Саракі» звязана павер’е, што ў гэты дзень з цёплых краінаў прылятае 40 птушыных выраяў. Камандам-удзельніцам прапанавалі ў адвольнай форме прадставіць мастацкую мініяцюру «Прывітанне, птушка», у якой яны павінны былі адлюстраваць біялагічныя і экалагічныя асаблівасці выбранага віду птушак. Падрыхтавалі ўдзельнікі і завочнае заданне — «Выставу-прэзентацыю штучных гняздоўяў птушак» (па адным ад кожнай каманды).

Найбольш балаў па выніках конкурсу набрала каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы, якая прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе свята. Другое месца падзялілі каманды гімназіі №1 горада Дзятлава і Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Дыпломы за трэцяе месца атрымалі каманды Наваельнянскай сярэдняй школы, Лявонавіцкага і Раклевіцкага дзіцячых садоў-базавых школ.

Трэція ў вобласці

У фінал абласнога фестывалю клуба вясёлых і знаходлівых сярод установаў адукацыі Гродзеншчыны выйшлі 6 школьных каманд, у тым ліку каманда Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы «Магніт». Нядаўна адбылася заключная сустрэча гумарыстаў на абласной сцэне. Фіналістам прапанавалі паўдзельнічаць у трох конкурсных заданнях: размінцы, візітоўцы, музычным фрыстайле. Лепшыя вынікі былі ў каманды «Так трэба» гімназіі №1 горада Гродна, на другое месца выйшла каманда «Легіён Мінервы» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Слоніма, замкнула тройку лідараў каманда «Магніт» Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

«Тэхнаінтэлект» для разумнікаў

Падведзены вынікі 7 рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў «ТэхнаІнтэлект», які праходзіў на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Удзел у мерапрыемстве прымалі каля 200 маладых рацыяналізатараў і вынаходнікаў ва ўзросце 14-18 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

У рабоце секцый і выставаў, правядзенні майстар-класаў былі задзейнічаны вядомыя беларускія вучоныя, вынаходнікі, педагогі-наватары.

Трэцяе месца сярод удзельнікаў секцыі «Энергазберагаючыя тэхналогіі» заняў наш зямляк Максім Заблоцкі, навучэнец сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, які прадстаўляў праект «Магчымасці выкарыстання энергіі сонца і ветру для атрымання святла і цяпла» (кіраўнік Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык). Максім узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, памятным падарункам і атрымаў пасведчанне «Удзельнік рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў «ТэхнаІнтэлект».

А яшчэ Максім Заблоцкі стаў прызёрам навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair», які праходзіў з ініцыятывы Парка высокіх тэхналогій, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, карпарацыі Intel. У катэгорыі «Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагаючыя тэхналогіі» хлопец узнагароджаны дыпломам другой ступені.

І. МІШЧАНКА,
старшыня раённага савета піянераў, метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па рабоце з дзіцячымі арганізацыямі і аб’яднаннямі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *