Л. А. Бялятка: “Люблю сваю справу бязмежна”

Сацыяльная сфера

Па рэдакцыйных справах мне даводзіцца гутарыць з рознымі людзьмі – больш ці менш камунікабельнымі. Здараецца і так, што чалавек увогуле не любіць пра сябе гаварыць, але ад гэтага яго праца не становіцца менш значнай і заслужанай. Пацвярджэнне таму – біяграфія аптэкара з Казлоўшчыны Ларысы Аляксандраўны Бялятка.

Гэтай зімой жанчыне давялося дзесяць дзён з-за хваробы адсутнічаць на працы, і ўвесь гэты час жыхары пасёлка з нецярпеннем чакалі яе. Нават не таму, што загадчыца мясцовай аптэкі цяпер – адзіны яе работнік, проста аптэкар шчыра любіць сваіх землякоў, і гэта ўзаемна.

З 1974 года Ларыса Аляксандраўна працуе ў аптэцы ў Казлоўшчыне, 35 гадоў з’яўляецца нязменнай загадчыцай аптэчнай установы. Ураджэнка вёскі Талявічы нашага раёна пасля вучобы на фармацэўта ў Магілёве свядома вярнулася працаваць на радзіму. На пытанне, чаму выбрала такую прафесію, жанчына адказвае проста:

— Бацькі выбралі. Працуючы ўсё жыццё ў сельскай гаспадарцы, яны хацелі для дачкі лепшага жыцця. Я закончыла 8 класаў на выдатна, а тады фармацэўтыка была прафесіяй новай і перспектыўнай.

Яе тата з мамай не памыліліся: за доўгі час працы ў аптэчнай сістэме Ларыса Аляксандраўна ні хвіліны не шкадавала, што яна – фармацэўт.

— Люблю сваю працу бязмежна, люблю людзей. Ведаю кожнага жыхара пасёлка, – кажа жанчына.

_MG_3641

Яно і не дзіва: у аптэку прыходзяць і прыязджаюць не толькі пасялкоўцы, але і жыхары ўсіх бліжэйшых вёсак. У звычайныя дні – да 140 чалавек, а ў пік захворванняў – у разы больш. Казлоўшчынская аптэка забяспечвае медыкаментамі 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, а з нядаўняга часу – яшчэ і дом-інтэрнат. Тут, вядома, не толькі любоў да справы аптэкару патрэбна, а яшчэ і немалая вытрымка, загартаванасць.

Пасялкоўцы не раз дасылалі ў рэдакцыю газеты “Перамога” лісты з падзякай Ларысе Аляксандраўне Бялятка. Пра сваю любімую аптэкарку кожны з іх знойдзе колькі цёплых словаў. Як, напрыклад, даўняя знаёмая жанчыны, жыхарка Казлоўшчыны Саліна Людвігаўна Шапель:

— Больш уважлівага да людзей работніка, чым Ларыса Аляксандраўна, можа і не сустрэнеш. Я ведаю яе вельмі даўно, калі яшчэ працавала на ФАПе ў Малой Волі, атрымлівала ў Казлоўшчыне медыкаменты. Шмат гадоў мінула з тае пары: ужо і аптэка ў іншым будынку, і я даўно не працую. Цяпер часцей наведваю ўстанову як пакупніца. Мужу патрэбны некаторыя спецыфічныя лекі, але ў нашай аптэцы яны амаль заўсёды ёсць або хутка прывозяцца. Колькі раз бачыла такую сітуацыю: прыйдзе чалавек у аптэку, яму нешта баліць, а якія лекі набыць – не ведае. Аптэкар заўжды параіць, што будзе эфектыўней, а мо і танней. Фармацэўт ад Бога, добрай душы чалавек. Думаю, і жыхары пасёлка пагодзяцца, што з аптэкарам нам усім моцна пашанцавала.  

Шануюць і паважаюць заслужанага фармацэўта яе калегі, высока ацэньвае работу спецыяліста загадчыца Дзятлаўскай аптэкі №55 Лідзія Віктараўна Баравік:

— У 1974 годзе Ларыса Аляксандраўна Бялятка прыйшла працаваць у “Фармацыю”. Прафесіяналізм, вопыт і ўменне ладзіць з людзьмі лучацца ў яе характары з неверагоднай сціпласцю. За больш чым 40 гадоў працы Ларысу Аляксандраўну не раз узнагароджвалі за выдатную працу, але гэтыя ўзнагароды нідзе навідавоку вы не пабачыце. Літаральна летась яна атрымала Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама за шматгадовую сумленную працу. Як спецыяліст Ларыса Аляксандраўна Бялятка зарэкамендавала сябе на дзесяць з плюсам: заўжы ветлівая, вельмі дасведчаная. У кожнай з аптэк раёна, у тым ліку ў Казлоўшчыне, устаноўлены праграмны комплекс “Беларуская аптэка”, які яна, спецыяліст яшчэ савецкай школы, хутка асвоіла і выдатна ім карыстаецца. Установа заўжды мае добрыя вынікі працы і водгукі наведвальнікаў. Каб не быць галаслоўнай, прывяду факты: у 2012 і 2013 гадах Казлоўшчынская атпэка, якой загадвае Ларыса Аляксандраўна Бялятка, па выніках работы была лепшай у вобласці сярод аптэк 3-яй катэгорыі. Не так даўно ў Казлоўшчыне пайшоў на пенсію фармацэўт, і Ларыса Аляксандраўна пакуль спраўляецца адна. Пастараемся знайсці ёй добрую памочніцу.

Мабыць ніхто так шчыра, кранальна не скажа пра жанчыну, як яе дзеці. Сын Ларысы Аляксандраўны – Вадзім Бялятка ўдзячны матулі за тое, што падарыла жыццё ім з сястрой, годна выхавала і працягвае падтрымліваць дагэтуль:

— Мама – самы дарагі чалавек у жыцці. Я ўжо даўно дарослы, свае дзеці падрастаюць, але заўжды помню маміну пяшчоту і дабрыню, яе спагаду і жыццёвыя ўрокі. Помніцца, з маленства шмат працавалі разам з бацькамі, дапамагалі бабулям і дзядулям па гаспадарцы. І калі мы, дзеці, потым маглі пабегаць па вуліцы, пабавіць вольны час, то мама, здавалася, не адпачывала ніколі. Яна і цяпер не можа проста сядзець на канапе і глядзець тэлевізар: займаецца домам, садзіць вялікі агарод, які ўтрымлівае ў ідэальным парадку, робіць шмат нарыхтовак на зіму для дзяцей і ўнукаў, а то і знаёмым нешта дапамагае. Той высокай самаарганізаванасці, якую мае матуля, я дагэтуль не змог дасягнуць, хаця вельмі хацеў бы. Вялікае шчасце, што нашы мамы, мая і жонкі, жывуць непадалёку ад нас, у Казлоўшчыне. Мы ёсць адзін у аднаго, мы – адна сапраўдная сям’я.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК



3 комментария по теме “Л. А. Бялятка: “Люблю сваю справу бязмежна”

  1. Замечательная, внимательная, умная провизор. Очень отзывчивая, видно как она любит свою работу. У неё замечательный сын. Очень приятно приезжать в родные места и общаться с такими прекрасными и замечательными людьми. Удачи и крепкого здоровья! С уважением Ульянова Тамара!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. СПАСИБО, СОТРУДНИКАМ ГАЗЕТЫ ПЕРАМОГА. Успехов и крепкого всем здоровья!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  3. очень приятно что у меня такая замечательная одноклассница,Крепкого ей здоровья и благополучия в семье, С уважением София Нестер!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *