Успамінаючы мінулае

Падзеі

Вёска Старына Петрыкаўскага раёна — населены пункт, якога ўжо няма на карце Беларусі. Ураджэнцы гэтай вёскі сёння жывуць у розных куточках нашай краіны, захоўваючы памяць пра мінулае на старых фотаздымках, у сваім сэрцы. У гэтых успамінах — дзяцінства і юнацтва, гады ваеннага ліхалецця, цяжкі пасляваенны перыяд, радасць  мірнага жыцця.

Усё гэта ўзгадала ў сваім аповедзе Ганна Рыгораўна Вільчанка, цяперашняя жыхарка Казлоўшчыны, былы вязень канцэнтрацыйнага лагера «Азарычы», бібліятэкар са шматгадовым стажам працы. Цікавы чалавек, жыццё якога нагадвае кнігу. І першая старонка яе — гэта даваенны перыяд.

Сямейныя карані

Ганна Рыгораўна — чацвёртая па ліку сярод дзяцей сям’і Чавус.

— Калі я нарадзілася, — узгадвае жанчына, — у сям’і ўжо было трое дзяцей, двое памерлі. Іван, Вольга, Ніна — мае старэйшыя брат і сёстры. Пазней на свет з’явіўся яшчэ адзін хлопчык, якога бацькі назавуць Пятром. Лёсам яму будзе наканавана стаць ваенным, аўтарам кнігі «Жыццё — для Радзімы, гонар — нікому». У кнізе таксама прысутнічаюць успаміны пра жыццё нашай сям’і.

Нарадзіўся Пётр напрыканцы зімы 1939 года. Адразу ж пасля нараджэння хлопчыка ахрысцілі — у царкве ў Бабруйску. На хрэсьбіны сабралася ўся радня, якая адарыла немаўля падарункамі. Іх клалі ў калыску. А яшчэ ў час хрэсьбінаў кожны госць павінен быў пачаставацца прасянай кашай з глінянага гаршка, які напрыканцы свята разбівалі.

Тата — Рыгор Кірылавіч Чаус быў дэпутатам сельсавета. Працаваў у Мазыры. Неяк атрымаў ён спіс людзей, якія  павінны быць выселены з вёскі. Мама, азнаёміўшыся з паперай, жахнулася: «Як можна высяляць гэтых людзей, такіх добрых гаспадароў?»

Паперу яна кінула ў печ. Бацька, даведаўшыся пра гэта, прамовіў: «Што ты нарабіла! За гэта і мяне могуць аддаць пад суд.» Пазней прадстаўнікам улады ён скажа, што выпадкова згубіў паперу са спісам вяскоўцаў… Многія з іх застануцца ў Старыне, аднак многія сем’і будуць вывезены.

Пачатак саракавых гадоў. Зверху паступае загад — усім жыхарам хутароў перасяляцца ў вёску. Бацька тым часам быў на працы ў Мазыры. Наша хата стаяла зусім побач са Старыной, мы меркавалі, што нам не трэба будзе пераязджаць, застанемся на месцы. Аднак вясковыя актывісты, прыйшоўшы да нас, агучылі загад, запатрабавалі хутка перабірацца. Маці патлумачыла, што мужа дома няма. Яе не паслухалі — разбурылі дах і печ.  Нам давялося некаторы час жыць у хляве. Ежу варылі на вогнішчы, якое распальвалі на двары. Калі бацька прыехаў, пачалі складваць хату на новым месцы. Мы пілілі дошкі, рабілі цэглу для печы.

На работу ў Мазыр бацька спазніўся. За гэта яго арыштавалі. Суд вынес прыгавор — тры гады прымусовых работ. Як пазней даведаліся, яму маглі б прысудзіць і турэмнае зняволенне, але пашкадавалі з-за дзяцей.

Прымусовыя работы бацька адбываў дома, на лесапавале — пілаваў лес, вазіў яго на чыгунку. Нягледзячы на гэта,  ён, тым не менш, знаходзіў час, каб абсталяваць новую хату. Пазней каля яе з’явяцца новы хлеў, гумно, будзе пасаджаны сад. Жыццё паступова наладжвалася. І ніхто не мог ведаць, што пачнецца вайна.

Куды вядуць сляды вайны

— Памятаю, — працягвае Ганна Рыгораўна, — што ў Старыне немцы з’явіліся ў ліпені 1941 года. Тады праз населены пункт праехала нямецкая калона. Паступова ўсталёўвалася новая ўлада, якая ў хуткім часе паказала сваю жорсткасць: суседняя са Старыной вёска Хвойня  была спалена разам з людзьмі.

У гады вайны бацька стаў сувязным партызанаў. У шэрагах партызанаў ваяваў і мой старэйшы брат Іван. Ён быў ад’ютантам у камандзіра Палескага партызанскага злучэння І. Д. Ветрава.

Неяк улетку мы з мамай пайшлі па ягады. Сустрэлі незнаёмага стомленага чалавека. Ён папрасіў дапамогі — правесці да чыгункі. Немцы, якія вартавалі яе, не хацелі прапускаць, аднак мама сказала, што гэта яе муж. За пропуск давялося аддаць немцу ўсе назбіраныя ягады.

У двары царквы, якая знаходзілася ў суседніх са Старыной Кашэвічах, знаходзіліся палонныя савецкія салдаты. Жанчыны з Кашэвічаў і навакольных вёсак падкормлівалі іх, чым маглі. Рабіла гэта і мая мама. А неяк яна выратавала з палону аднаго салдата, сказаўшы, што гэта яе муж.

Тата, падтрымліваючы сувязь з партызанамі, перадаваў ім медыкаменты, ежу, вопратку. Аднойчы партызаны папярэдзілі бацьку, каб ён пераязджаў з вёскі ў лес: немцы сувязь з партызанамі не даруюць усёй сям’і. Так мы  пераехалі ў лес.

Жылі ў будане. Ежу варылі на вогнішчы. Маці і старэйшыя сёстры дапамагалі партызанам чым маглі: латалі вопратку, жорнамі малолі муку, з парашутнага шоўку вязалі рукавіцы.

Аб тым, што будзе карная аперацыя, нас папярэдзіў старэйшы брат Іван. Мы перабраліся жыць у глыб лесу, на Чорнае балота. Два месяцы жылі спакойна, аднак у час нямецкай аблавы нас пагналі ў Слабаду, зачынілі ў хаце. Раніцай выгналі на вуліцу, пачалі сартыраваць — старых — у адзін бок, моладзь — у іншы.

Тых, хто застаўся, пагналі ў суседнюю вёску. Месца вакол царквы абгарадзілі калючым дротам, сюды і загналі людзей. Раніцай зноў жа прыйшлі немцы. На гэты раз яны  пачалі адбіраць хлопчыкаў 6-7 гадоў. Сярод іх быў і суседскі хлопчык Слава, якога мы добра ведалі. Каб выратаваць яго ад вернай смерці (дзяцей забіралі, каб браць у іх кроў), маці зняла з сябе верхнюю спадніцу, хустку, дала мне і сказала: «Перабярыся незаўважна да групы хлопчыкаў, падыдзі да Славы і скажы, каб апрануў гэта». Такім чынам Слава, пераапрануты ў дзяўчынку, застаўся жыць.

Пазней  немцы выгналі ўсіх людзей з царкоўнага двара, пастроілі ў калону і пагналі да калгасных будынкаў. Тыя, хто знаходзіўся ў першай частцы калоны, былі спалены ў  хляве.

Маці і нас, дзяцей, зноў выратаваў лёс. Аднак, па словах мамы, зрабіла гэта заступніцтва Божай Маці. Вянчальную ікону «Неапалімая купіна» ў гады ваенных выпрабаванняў мама заўжды насіла з сабой, шчыра малілася ёй.

Выпрабаваннем для ўсё сям’і стала і захворванне на тыф. Спачатку захварэў самы малодшы з нас — Пётр, затым і я. Аднак нам пашчасціла выздаравець.

Вясной 1944 года не стала бацькі. На лясной дарозе ён сустрэў немцаў. даведаўшыся, што ён партызанскі сувязны, немцы моцна білі яго, а пасля кудысьці забралі. Я і да гэтага часу не ведаю, дзе ён пахаваны. Ведаю толькі тое, што незадоўга да вызвалення Беларусі яго бачылі ў лагеры ў Бабруйску. Верагодна, ён там і быў закатаваны.

Пасля вызвалення мы вярнуліся ў родную Старыну. Сустрэў нас толькі адзін калодзеж, які сіратліва стаяў пасярод падворка. Жылі мы ў чужой уцалелай хаце. Аднак былі рады і гэтаму, тым больш, што з палону вярнуліся мае старэйшыя сёстры Ніна  і Оля, з партызанаў прыйшоў брат Іван. За свае баявыя заслугі ён меў шэраг узнагародаў. Пазней Іван быў накіраваны ў Баранавіцкую вобласць старшынёй сельсавета.
Пасляваеннае жыццё было цяжкім, тым не менш людзі дапамагалі адзін аднаму. Усёй вёскай садзілі па чарзе бульбу. Жанчыны ўпрагаліся ў плуг, дзеці кідалі бульбу ў баразну.

Вестку аб Вялікай Перамозе мы сустракалі з вялікай радасцю. Такой весялосці я ніколі больш не бачыла, такой радасці ніколі больш не перажывала.

Пасля вайны, каб выжыць, наша сям’я, як і многія іншыя, пераехала ў Заходнюю Беларусь. Так і трапіла я на Дзятлаўшчыну, дзе жыву і цяпер.

У Старыну ездзіла ўжо разам з мужам. Наведвала і я Азарычы, дзе мне разам з мамай давялося быць некалькі дзён. Памятаю, калі лагер вызвалялі нашы разведчыкі, яны разразалі калючы дрот, якім быў агароджаны канцэнтрацыйны лагер. Падыходы да яго былі замініраваны, і многія з вязняў, шукаючы выхад з лагеру, падрываліся на мінах.

У Азарычах загінулі мая бабуля і цётка, стрыечныя сёстры Ліда і Надзя. На пачатку 60-ых гадоў у Азарычы ездзіла мама — каб знайсці месца, дзе загінулі нашы родныя людзі, акрапіць яго святой вадой, памаліцца.
Другі раз  Азарычы мама наведвала ўжо разам з маёй старэйшай сястрой Нінай.

Кнігі, з’езды і свята песні

_MG_0121

Усё сваё  працоўнае жыццё Ганна Рыгораўна Вільчанка аддала прафесіі бібліятэкара. Першапачаткова была бібліятэкарам у Студзераўшчыне, затым працавала ў Раготне, Казлоўшчынскай дзіцячай бібліятэцы. 18 гадоў загадвала бібліятэкай Казлоўшчынскага вучылішча.

Да сваёй працы ставілася заўжды з пашанай і адказна, аб чым сведчаць шматлікія граматы

— Я заўжды любіла чытаць, — расказвае Ганна Рыгораўна. — Шмат даводзілася чытаць і з-за сваёй прафесіі. Для таго, каб парэкамендаваць тую ці іншую кнігу, я сама знаёмілася з ёю, рабіла кніжны агляд.
У тыя гады пры бібліятэках працавалі  таварыствы кнігалюбаў, праводзілася шмат мерапрыемстваў па папулярызацыі чытання.

Ганна Рыгораўна была старшынёй таварыства кнігалюбаў, якое працавала пры Казлоўшчынскім вучылішчы. Акрамя гэтага, яна была абрана членам праўлення Усесаюзнага  таварыства кнігалюбаў.
На адным са з’ездаў  таварыства, якое праходзіла ў Маскве, Ганне Рыгораўне нават давялося выступаць з дакладам.

— Выступала я па тэме «Прапаганда сельскагаспадарчай літаратуры». Вельмі хвалявалася, тым больш, што перада мной выступаў сам Мікіта Міхалкоў.  Дадалі хвалявання і словы суседкі, якая перад маім выхадам на сцэну папярэдзіла: «Ты ж глядзі, толькі за правады не зачапіся»,— з усмешкай расказвае Ганна Рыгораўна.

На з’езды Усесаюзнага таварыства кнігалюбаў, якія праходзілі ў Маскве, Ганна Рыгораўна ездзіла двойчы. Узгадвае, што спыняліся дэлегаты ў гасцініцы «Расія», якой ужо няма. Для іх ладзіўся шэраг экскурсій па адметнасцях Масквы.

Расказваючы пра мінулае, Ганна Рыгораўна ўзгадала і свята песні, якое ў сярэдзіне пяцідзясятых праходзіла ў Казлоўшчыне.

— На той момант я яшчэ працавала бібліятэкарам у Раготна, — гаворыць жанчына. — Днём займалася  бібліятэчнымі справамі, а вечарам хадзіла на ачыстку зерня ў збожжасховішчы. Тады яно размяшчалася ў будынку касцёла. Там было вельмі шмат галубоў. І вось напярэдадні  фестывалю песні я разам са сваімі сябрамі налавілі ў мяшок галубоў, якіх выпусцілі перад адкрыццём свята. З той пары ў Казлоўшчыне таксама шмат галубоў,— жартуе жанчына.

Асобнае месца ў біяграфіі Ганны Рыгораўны займае ўдзел  у хоры, які быў створаны пры Казлоўшчынскім вучылішчы. Ён быў вядомым не толькі на Дзятлаўшчыне, але і за яе межамі.

Цяпер жанчына спявае ў царкоўным хоры. Свой вакальны талент яна атрымала ў спадчыну ад мамы.

— Мама заўжды прыгожа спявала. Яе вельмі любіў слухаць тата, — расказвае Ганна Рыгораўна.

_MG_0106
У адным з пакояў яе кватэры абсталяваны вялікі іканастас. Кожную раніцу Ганна Рыгораўна пачынае з малітвы, завяршае ёю і пражыты дзень. У малітвах жанчына просіць спагады нябёсаў да сябе, сваіх родных і блізкіх, дзяцей і ўнукаў, дактароў, якія дапамагаюць ёй падтрымліваць здароўе. Моліцца і за тых, каго ўжо няма на гэтым свеце, аднак яны заўжды ў памяці. Іх твары — на фотаздымках, якія захоўвае Ганна Рыгораўна.
Асобнае і пачэснае месца ў яе кватэры займае ікона Божай Маці «Неапалімая купіна», дзякуючы заступніцтву якой, як лічыць жанчына, яе сям’я перанесла ўсе нягоды даваеннага жыцця, ваеннага ліхалецця, засталася жыць.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Памяць. Петрыкаўскі раён».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *