Жанчына з моцным характарам

Падзеі

Старшага майстра жыллёвага фонду Дзятлаўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Галіну Альшэўскую ведаюць жыхары практычна кожнага шматпавярховага дома ў райцэнтры. Без яе не абыходзіцца ні адзін сход па пытаннях добраўпарадкавання дамоў, ніводная сезонная праверка тэхнічнага стану жылля. Прыемная і ў той жа час валявая жанчына кажа, што яе праца клопатная, але вельмі цікавая, бо гэта праца з людзьмі.

— Я сама па характары чалавек імпульсіўны, не магу доўга сядзець на адным месцы і выконваць аднатыпныя абавязкі, – прызнаецца работніца камунгаса. – Таму, мабыць і люблю вельмі тое, чым займаюся: штодня даводзіцца сустракаца з дзятлаўчанамі, спрабаваць вырашыць праблемы.

Галіна Альшэўская па спецыяльнасці архітэктар, з чырвоным дыпломам закончыла сённяшні Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, мела спартыўныя поспехі (была прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па веласпорце). І нават працаваць магла застацца ў сталіцы, калі б мела там прапіску. Аднак бацькі, сельскагаспадарчыя работнікі, не маглі фінансава дапамагчы дачцэ, і Галіна вярнулася працаўладкоўвацца на радзіму, на Дзятлаўшчыну.

IMG_8800

Малады спецыяліст папрацавала ў арганізацыях раёна майстрам і нават эканамістам, пакуль яе лёс не вырашыў выпадак: знаёмая збіралася на пенсію і прапанавала жанчыне ўладкоўвацца на яе месца. З таго часу і па сёння ўжо на працягу 15 гадоў Галіна Альшэўская працуе ў камунальнай гаспадарцы горада Дзятлава. На жыллёва-эксплуатацыйным ўчастку, якім загадвае старшы майстар, ёсць спецыялісты па тэхнічным абслугоўванні, сантэхнікі, дворнікі, аварыйная брыгада – без малога 30 чалавек.

— Мы займаемся тэхнічным абслугоўваннем дамоў, бягучымі рамонтнымі работамі, рамонтам даху, малых архітэктурных формаў, месцаў агульнага карыстання, гарышчаў, прыбіраннем прыдомавай тэрыторыі, сезоннымі аглядамі і падрыхтоўкай шматпавярховых дамоў да летняга і зімовага сезонаў, – пералічвае майстар функцыі ўчастка. – Акрамя планавых работ, вельмі важна аператыўна рэагаваць на званкі і заяўкі людзей, дзеля якіх мы і працуем.

Кажучы пра якасці, якімі трэба валодаць у яе працы, старшы майстар найперш называе цярпенне, стараннасць і нераўнадушша.

— Больш за ўсё хатнім дабрабытам клапоцяцца менавіта гаспадыні кватэраў, а не гаспадары, яны часцей і звяртаюцца ў камунальную гаспадарку. Ну, а дзве жанчыны амаль заўсёды змогуць паразумецца і сумесна вырашыць праблему.

Уцеха Галіны Альшэўскай – дзеці. Сын Уладзіслаў – студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, будучы інжынер-механік, а дачушка Валерыя яшчэ школьніца.

— Як і для кожнай матулі, мае дзеці для мяне самыя лепшыя, самыя таленавітыя, а галоўнае – самыя любімыя.
З нагоды прафесійнага свята, апроч моцнага здароўя, сямейнага дабрабытуі цярпення, Галіна Мікалаеўна жадае ўсім работнікам камунальнай гаспадаркі, каб іх праца была паважанай і запатрабаванай.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *