Якасць трэба пацвярджаць

Падзеі

Новы год пачаўся па-новаму найперш для індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер прадаваць тавары лёгкай прамысловасці можна толькі з сертыфікатам і санітарнымі дакументамі.

Указ Прэзідэнта №222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” быў падпісаны 16 мая 2014 года, аднак набыў сілу сёлета. Згодна з ім, гандляваць цяпер можна толькі сертыфікаваным таварам. А паводле пастановы Урада №666 уся прадукцыя, увезеная ў Беларусь з-за мяжы, павінна праходзіць санітарна-гігіенічную праверку. Акрамя таго, з 1 студзеня 2016 года ўсе тавары лёгкай прамысловасці павінны адпавядаць нормам Тэхнічнага рэгламента Мытнага саюза 017/2011 “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці” – мець аб’ектыўную інфармацыю пра вытворцу, імпарцёра, спажывецкія якасці і неабходныя дакументы аб пацвярджэнні бяспекі.

Па словах намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Сяргея Іўлева, сёння ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці:

— У прынцыпе, сёння створаны ўсе ўмовы для таго, каб нармальна прасоўваць прадукцыю лягпрама на рынкі Еўразійскага эканамічнага саюза, вырабляць гэту прадукцыю на нашай тэрыторыі. Таму той, хто хоча нармальна дзейнічаць (а такіх дастаткова шмат, і мы гэта бачым), ён будзе гэта рабіць. Усе патрабаванні можна выканаць і цывілізавана выступаць з гэтай прадукцыяй на рынках, – адзначыў Сяргей Антонавіч.
Тавар, які індывідуальныя прадпрымальнікі набываюць за мяжой нашай краіны без дакументаў, павінен прайсці абавязковую сертыфікацыю ў Беларусі. Пералік прадукцыі лёгкай прамысловасці, якая падлягае абавязковай сертыфікацыі або дэклараванню, немалы – сярод іншага ў ім пасцельная і нацельная бялізна, верхняя вопратка і галаўныя ўборы, абутак, тканіна і дывановыя пакрыцці. На Гродзеншчыне можна замовіць сертыфікацыю тавара ў Лідзе ці Гродне. Аднак пры сертыфікацыі неабходныя для выпрабаванняў узоры вызначае эксперт акрэдытаванага органа па сертыфікацыі, а пры дэклараванні гэта робіць сам заяўнік.
На тэрыторыі нашага раёна пытаннямі сертыфікацыі прадукцыі лёгкай прамысловасці займаецца раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Кожны індывідуальны прадпрымальнік Дзятлаўшчыны можа звярнуцца ў арганізацыю з заявай аб сертыфікацыі па сістэме “Аднаго акна”.

— Мы самі не праводзім даследаванне тавараў лёгкай прамысловасці, аднак можам рабіць адбор узораў і адпраўляць іх у “Гродзенскі цэнтр стандартызацыі і метралогіі”, – адзначае памочнік доктара-гігіеніста па камунальнай гігіене Людміла Глубокая. – Калі індывідуальныя прадпрымальнікі хочуць паскорыць працэдуру, яны могуць самі адвезці тавар на сертыфікацыю ў Гродна або Ліду”.

З пачатку 2016 года зваротаў аб сертыфікацыі ў Дзятлаўскі РайЦГЭ не паступала.

Як заўважыла галоўны санітарны доктар Дзятлаўскага раёна Алена Шайбак, сертыфікацыя тавараў – з’ява не новая для прыватнага гандлю. Ужо не адзін год дзейнічаюць патрабаванні па абавязковым сертыфікаванні дзіцячых тавараў, парфумерна-касметычнай прадукцыі і тавараў бытавой хіміі, сродкаў асабістай гігіены. Паслабленне тычылася толькі тавараў лёгкай прамысловасці, рэшту якіх прадпрымальнікі павінны былі рэалізаваць да 2016 года.

Мінула два месяцы з таго часу, як набылі сілу Указ №222 і пастанова №666. Як да вядзення гандлю ў сучасных умовах адаптуюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і спажыўцы, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў іх саміх.

Тамара Марчанка, індывідуальны прадпрымальнік:

— Люблю сваю работу, жыву ёй і, безумоўна, буду працаваць па законе ў тых умовах, якія прапануе дзяржава. Тры гады таму прачытала ў “Кансультанце прадпрымальніка” пра патрабаванні, якія будуць ставіцца да тавараў лёгкай прамысловасці, а найперш – да дзіцячага адзення і цацак, якія пераважаюць у маім асартыменце. Стала перастройвацца да гэтага – рэгулярна наведваць выставы дзіцячых тавараў у Мінску, наладжваць кантакты з вытворцамі, з прадпрымальнікамі, якія завозяць у краіну сертыфікаваны тавар. Таксама паездзіла па беларускіх прадпрыемствах у Жодзіне, Лідзе, Баранавічах, Кобрыне – адны варыянты выбрала для сваёй работы, заключыла з імі дамовы, ад другіх – адмовілася. Частку прадукцыі набываю на аптовых базах. Аднак зазначу, што, на мой погляд, выбар прадукцыі і ўзровень абслугоўвання на такіх базах патрабуюць істотнай дапрацоўкі. З вопыту сваёй працы магу сказаць, што пераход да работы выключна з сертыфікаваным таварам – справа не аднаго месяца, аднак працаваць у такіх умовах цалкам магчыма.

Таццяна, індывідуальны прадпрымальнік:

— Сёння вы наўрад ці знойдзеце ў Дзятлаве ды ў раёне прадпрымальніка, які сам звяртаецца па сертыфікацыю тавараў. Я абсалютна згодная з тым, што ў тым ліку прадукцыя лёгкай прамысловасці павінна быць якаснай, і гэта трэба пацвярджаць дакументальна. Аднак нават лідская лабараторыя пацвярджае, што, каб сертыфікаваць свой тавар, трэба закупляць буйныя партыі. А гэта ніводзін прадпрымальнік не можа сёння сабе дазволіць – мы яго проста не зможам тут прадаць. У той жа час мы не адмаўляемся ад сваіх абавязкаў, проста выходзім з сітуацыі па-іншаму: пераходзім на прадукцыю беларускіх вытворцаў (апошнім часам з’явілася даволі шмат неблагіх фірмаў) або набываем тавары легпрама ў аптавікоў, якія ў сваю чаргу правяраюць прадукцыю ў лабараторыі.

Аксана Уладзіміраўна, спажывец:

— Што тычыцца дзіцячых тавараў, на такую прадукцыю, лічу, абавязкова павінны быць сертыфікаты якасці. А калі набываю нешта для сябе, пра сертыфікат якасці не пытаюся, больш спадзяюся на свой жыццёвы досвед і ўменне адрозніць якасную прадукцыю ад “падробкі”.

Гандляваць трэба па законе. Гэта сцвярджэнне не новае як для дзяржаўных, так і для прыватных аб’ектаў гандлю. Днямі работнікі Дзятлаўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі пазапланавую праверку гандлёвых аб’ектаў, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці, дзіцячыя тавары, бытавую хімію, тавары асабістай гігіены. Былі правераны два прыватныя гандлёвыя аб’екты – парушэнняў выяўлена не было. Бліжэйшым часам  праверкі прадоўжацца.

Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *