В. Якаўчык: Галоўныя перамогі — любімая прафесія і сям’я

Падзеі

Наша зямлячка Вікторыя Якаўчык — малады спецыяліст Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «лячэбная справа» і інтэрнатуры па спецыялізацыі «фтызіятрыя» Вікторыя была накіравана працаваць у Дзятлава, дзе даўно не хапала доктара-фтызіятра. Цяпер Вікторыя не толькі лечыць хворых, але і з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Як маладая дзяўчына ўсё паспявае і аб чым яна марыць, высвятляла карэспандэнтка газеты.

— Вікторыя, вы — фтызіятр, вузкі спецыяліст, значыць у прыняцці рашэнняў можаце разлічваць толькі на свае веды. Складана працаваць?

— Аб прафесіі медыка я марыла з 9 класа і мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення. Медыцына — гэта маё: тое, што ведаю, тое, што мне падабаецца. Працаваць фтызіятрам цікава, хаця на працягу вучобы ва ўніверсітэце і не думала, што выберу такую спецыялізацыю. У Дзятлаўскую бальніцу прыйшла ў жніўні 2015 года, у прафесіі ўжо асвоілася.

Да мяне ў тубкабінет звяртаюцца пацыенты, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні, а да гэтага яны ўжо лячыліся ў Гродне. Кансультуюцца ў мяне і людзі, якія ляжаць у стацыянары бальніцы з зацяжнымі пнеўманіямі. Раз у месяц мне даводзіцца ездзіць у Гродзенскі абласны клінічны цэнтр фтызіятрыі. Туды на кансіліум дактароў важу дакументы сваіх пацыентаў, курс лячэння якіх скончыўся. Там і вырашаецца пытанне прадоўжыць ці завяршыць лячэнне кожнага канкрэтнага чалавека або назначыць назіранне за станам яго задроўя.

Акрамя гэтага, я яшчэ працую тэрапеўтам аддзялення тэрапіі Дзятлаўскай бальніцы, бяру дзяжурствы па бальніцы. Фтызіятр — вузкая спецыялізацыя, а я хачу развівацца і расці прафесійна. Тэрапія ахоплівае ўсе вобласці медыцыны, і практыка ў аддзяленні дапамагае мне ўдасканальваць свае веды і навыкі.  

— Як пры такой занятасці ўзначалілі пярвічку ГА «БРСМ» Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы?

— Мне прапанавалі гэта зрабіць, калі я прыйшла працаваць. Я чалавек актыўны, таму і згадзілася. Тым больш, што ў многіх арганізацыйных пытаннях мне дапамагае Валерый Макарчык — старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі нашай установы. Вядома, мы разумеем, што медыкам складана весці актыўнае грамадскае жыццё, бо яны то на рабоце занятыя, то на дзяжурствах, але рук не апускаем, стараемся падключыць да ўдзелу ў мерапрыемствах тых, хто свабодны. Дарэчы, вельмі яркім і цікавым момантам у жыцці нашай пярвічкі быў удзел у абласным свяце «Дажынкі». У складзе зборнай раёна былі чатыры спецыялісты нашай установы. Атрымалі найлепшыя ўражанні.

— Ці проста працаваць з сучаснай моладдзю?

— Не вельмі. Як доктар, магу паставіць дыягназ сучасным маладым людзям — «усеагульная незацікаўленасць». Каб зрабіць што-небудзь карыснае, добрае, трэба быць актыўнымі, праяўляць ініцыятыву. Пад ляжачы камень і вада не цячэ. Хочацца, каб маладыя людзі звярталіся да мяне з прапановамі, расказвалі, што ім самім цікава, у чым жадаюць паўдзельнічаць. У нашым раёне моладзі шмат, але ўсе самі па сабе, іх цяжка арганізаваць на агульную справу.

_MG_3696

— А вы, Вікторыя, як моладзевы лідар, што можаце прапанаваць раённаму камітэту ГА «БРСМ»?

— Каб часцей ладзіліся спартыўныя конкурсы і спаборніцтвы. Таксама лічу, што моладзі нашага раёна не хапае сумесных паездак і экскурсій. Няхай гэта будуць туры выхаднога дня. Можна было б арганізаваць паездку у Піцер або Прагу. Сама я люблю падарожнічаць, хаця не заўжды знаходзіцца вольны час. Раней ездзіла адпачываць на Чорнае мора ва Украіну. Мне там вельмі спадабалася, асабліва ў Адэсе. Гэта прыгожы стары горад, па якім прыемна прагуляцца пешшу, усё там дыхае даўніной.

— А ў нашым горадзе моладзі ёсць дзе бавіць вольны час?

— Месцаў хапае. Працуюць спартыўныя секцыі, басейн. Толькі вось не хапае ўстановаў, дзе можна было б пасядзець з сябрамі за кубачкам кавы, проста сустрэцца і пагаварыць ва ўтульнай атмасферы, дзе не кураць і не ўжываюць алкаголю. Ёсць, праўда, мясцовая піцэрыя, але там часта ўсе столікі занятыя.

— Вікторыя, а вы мэтанакіраваны чалавек?

— Лічу, што мэтанакіраваны. Калі мяне што-небудзь зацікавіла, я зраблю ўсё, каб гэтым заняцца. Напрыклад, мяне прываблівае спорт, і я адшукваю час, каб трэніравацца. У жніўні, калі прыехала на Дзятлаўшчыну, хадзіла на фітнэс. Цяпер стараюся наведваць басейн.

Яшчэ са школы люблю кнігі. Апошнія прачытаныя мною творы — «100 гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсія Маркеса, «450 градусаў па фарынгейце» Рэя Дугласа Брэдберы. У мастацкай літаратуры мяне прывабліваюць людскія лёсы, псіхалогія характараў і сітуацый.

— А ў рэальным жыцці аб чым марыце?

— Больш чым год таму я выйшла замуж. Да гэтага з будучым мужам сустракаліся чатыры гады, ён таксама з Дзятлаўшчыны. Пазнаёміліся на вяселлі ў сяброў, калі я была студэнткай 3 курса, а ён — студэнтам-выпускніком аднаго з мінскіх універсітэтаў. Сустракаліся мы толькі па выхадных і на канікулах. Пасля заканчэння вучобы яго накіравалі працаваць інжынерам па аўтаматызацыі на наваполацкі завод «Нафтан». Я таксама старалася пераразмеркавацца ў Наваполацк — не атрымалася. Таму ў бліжэйшыя два гады бачыцца будзем рэдка. Мая мара — быць разам, каб у нас была моцная сям’я, уласны дом і абавязкова — дзеці, можна нават трое.

— Вікторыя, ваша імя ў перакладзе гучыць, як «перамога». Ці часта перамагаеце?

— Галоўнымі перамогамі ў сваім жыцці лічу любімую прафесію і сям’ю. Да сваёй мары я таксама буду імкнуцца з надзеяй на перамогу.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *