Падпісана трохбаковая дамова аб супрацоўніцтве

Улада

На чарговым пасяджэнні савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж прафсаюзным аб’яднаннем, раённым саветам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і райкамам БРСМ. У дакуменце прапісаны прынцыпы, накірункі сумеснай дзейнасці прафсаюзаў, ветэранаў і моладзі раёна, па якіх будзе весціся работа. У прыватнасці, усе бакі пагадзіліся павышаць узровень сацыяльнай абароненасці пажылых людзей, актыўна займацца грамадзянска-патрыятычным выхаваннем моладзі, удасканальваць шэфства над ветэранамі і адзінокімі пажылымі, узаемадзейнічаць у пытаннях папулярызацыі настаўніцтва, перадачы працоўных традыцый.

— Пагадненне з’явілася не проста так, — адзначыў прафсаюзны лідар Дзятлаўшчыны Андрэй Сатараў. – Яшчэ ў лістападзе мінулага года падобны дакумент падпісаны на ўзроўні рэспублікі і вобласці паміж кіраўнікамі нашых арганізацый. Я лічу, што правільна сёння і на раённым узроўні замацаваць адносіны. Для нас пагадненне з’яўляецца не рытуалам або нейкай прыгожай дзеяй, а паўсядзённай працоўнай практыкай. Прафсаюзы і ветэранская арганізацыя супрацоўнічаюць ужо шмат гадоў, што сведчыць пра клопат і ўвагу да людзей пажылога ўзросту. Таксама вызначаем для сябе асаблівым накірункам дзейнасці падтрымку моладзі, паколькі за адкрытасцю, нестандартнасцю мыслення, уменнем рэагаваць на зменлівыя ўмовы свету нашых юнакоў і дзяўчат – будучыня, перспектывы.

У пасяджэнні прыняў удзел генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Гроднатурыст” Андрэй Кардаш. Старшыні прафсаюзных пярвічак арганізацый нашага раёна добра ведаюць Андрэя Міхайлавіча – яшчэ месяц таму ён займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, быў нязменным памочнікам прафсаюзам па вырашэнні спрэчных юрыдычных пытанняў, неаднаразова выступаў адвакатам работнікаў арагнізацый у судовых справах. Ён засяродзіў увагу прысутных на некалькіх пытаннях: аналізе выканання і заключэння новых калектыўных дамоваў у арганізацыях; маніторынгу эканамічнай сітуацыі на прадпрыемствах раёна па выплаце заработнай платы, няпоўнай занятасці, пераліках прафсаюзных узносаў наймальнікамі; выкананні заканадаўства па ахове працы, прафілактыцы вытворчага траўматызму; аказанні бясплатнай юрыдычнай дапамогі грамадзянам прававымі інспектарамі працы Федэрацыі
прафсаюзаў.

Напрыканцы свайго выступлення Андрэй Кардаш павіншаваў усіх з новым вітком у рабоце, якім стала падпісанне трохбаковага пагаднення, а таксама нагадаў словы старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды аб тым, што “прафсаюзныя лідары павінны быць у гушчы падзеяў, усе пытанні павінны вырашаць сумеснымі намаганнямі, калі трэба – падставіць адзін аднаму плячо”.

І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *