Творчы падарунак для жанчын падрыхтавалі галерэйшчыкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Традыцыйная выстава “Кветкавы рай” ужо восьмы раз радуе прыгажосцю, абуджанай пасля зімы.
Кветкі… Сімвал прыгажосці, любові, надзеі, шчасця. Кветкі прыносяць у наша жыццё пяшчоту і вясёлку разнакаляровых рытмаў і вобразаў, таму мастакі ніколі не застаюцца абыякавымі да кветак — і не толькі ў традыцыйных нацюрмортах. Яны гарманічна ўводзяць іх у фігуратыўныя карціны, пейзажы. Гэтыя творы робяць наша жыццё больш радасным, яркім і непаўторным.
Прыемнае і цікавае для сябе ў сценах галерэі знойдуць аматары мастацтва любога ўзросту і густу: удзел у праекце прымаюць больш за 40 мастакоў, сярод якіх мастакі, якія пачалі свой творчы шлях, і вядомыя мастакі. Браты Іван і Юрый Козелы з Дзятлаўшчыны экспануюць свае жывапісны творы: Іван – “Дзятлаўская старонка”, Юрый—“Нацюрморт з пралескамі”. Выстава працуе з 3 па 31 сакавіка (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, галерэя “Ракурс”, метро станцыя “Усход”).
Падрыхтавала да друку Т. ГРЫЦУК