Акцыя “Гадзіна Зямлі”

Падзеі

Наша краіна далучыцца да маштабнай міжнароднай экалагічнай акцыі “Гадзіна Зямлі”, якая праходзіць па ўсім свеце больш як у 7 тысячах гарадах. Яе мэта – зрабіць беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў пастаяннай звычкай. У нас яна праходзіць ужо восьмы раз і з кожным годам становіцца ўсё больш маштабнай.

19 сакавіка на адну гадзіну з 20.30 да 21.30 людзі адключаць непатрэбнае святло і электрапрыборы дома або ў офісе. У Мінску на адну гадзіну патухне падсвет праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, агні Нацыянальнай бібліятэкі, падсвет на будынках гандлёвых цэнтраў, універсітэтаў і шматлікіх аб’ектаў грамадскага харчавання. У Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Браславе, Чавусах у гэты час патухне падсвет адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых цэнтраў, кавярняў, а таксама пройдуць канцэрты пры свечках, лекцыі, велапрабег, выступяць тэатры ценяў.

У гэтым годзе далучыцца да акцыі можна і з дапамогай эксперымента “21 дзень на добрую звычку”. Удзельнікі будуць строга выконваць правілы па энергазберажэнні, весці дзённік і фіксаваць паказанні лічыльнікаў электраэнергіі дома. “Па выніках конкурсу можна будзе даведацца, колькі на самой справе рэсурсаў планеты можа зберагчы звычайная маленькая хатняя гаспадарка, ужыўшы новыя тэхналогіі і злёгку змяніўшы лад жыцця” – адзначаюць у таварыстве экалагічных арганізацый “Зялёная сетка”.

Дарэчы, ідэю праводзіць “Гадзіну Зямлі” ў нашай краіне разам з “Зялёнай сеткай” падтрымліваюць Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У мінулым годзе за час акцыі было сэканомлена 100 тысяч кВт/гадзін.

Па матэрыялах газеты “Рэспубліка”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *