Яго хлеб пах порахам

Падзеі

У гэтыя зімовыя дні мы адзначалі 95-годдзе з дня нараджэння любімага аўтара не аднаго пакалення чытачоў: Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года. Яго малая радзіма —  вёсачка Карма Добрушскага раёна.

Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, 75-годдзе пачатку якой прыпадае на 2016 год. Глыбока сімвалічна, што Іван Пятровіч пачаў друкавацца ў першы год вайны ў армейскай газеце “Часовой Севера”, дзе змясціў свае нарысы і вершы. Тэма Вялікай Айчыннай стане адной з самых важных і галоўных у яго мастацкім празаічным летапісе. Вёў пісьменнік у вайну і дзённік.

Іван Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі гарадамі на поўначы СССР.  Быў камандзірам гарматы, камсоргам дывізіёна.  Браў удзел у вызваленні Польшчы. Салют Перамогі пачуў на Одэры.

Яго першае апавяданне “У снежнай пустыні” было напісана ў 1944 годзе, апублікавана адразу ж пасля вайны – у 1946 годзе ў часопісе “Полымя”. Галоўная тэма твора – гераізм савецкіх воінаў у барацьбе з ворагам у жорсткіх умовах Поўначы.

Аповесць “Помста” (1945) услаўляе вызваленчую місію Чырвонай Арміі. Гэты твор абавязкова трэба прачытаць сёння тым, хто так хоча перакрэсліць заслугі Чырвонай Арміі ў тыя цяжкія 1418 дзён і начэй. Аўтар даказвае нам, што чырвонаармейцам ніколі не была ўласціва сляпая помста, яны прынеслі на сваіх плячах справядлівасць і гуманізм многім народам свету, у тым ліку і нямецкаму. Дарэчы, “Помсту” празаік напісаў у Германіі.

У рамане “Глыбокая плынь” (1947-1948) пісьменнік здолеў паказаць народныя вытокі партызанскага руху, маральна-псіхалагічную асаблівасць вайны ў тыле ворага, стварыць запамінальныя вобразы партызанаў і камандзіраў (Таццяна і Карп Маеўскія, камісар Лясніцкі), адлюстраваць складанасць умоваў жыцця і барацьбы з фашыстамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі, раскрыць масавы гераізм беларускага народа.

А ў  сваёй знакамітай кнізе-пенталогіі “Трывожнае шчасце” (1957-1965), якая найбольш блізкая па змесце да ваеннага і жыццёвага вопыту аўтара і складаецца з пяці аповесцяў (“Непаўторная вясна”, “Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі сустрэчы”, “Мост”),  лёс герояў — Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай — таленавіта ўпісаны ў лёс усяго пакалення, што здолела прайсці праз невыносна цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай, змагаючыся як на франтах, так і ў партызанскіх атрадах.

Раман “Сэрца на далоні” (1963) ставіць і вырашае перад намі важныя праблемы: сувязь праўды гістарычнага мінулага з сённяшнім днём, узаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, якія актуальныя ва ўсе часы.

Раман “Снежныя зімы” (1968) даследуе лёс былога партызанскага камандзіра Антанюка, які ўсім свядомым жыццём абараняе права чалавека быць Асобай з вялікай літары і не скардзіцца перад неспрыяльным збегам абставінаў.

Па аповесці аўтара “Эшалон у Германію” (1971) быў зняты кінафільм “Хлеб пахне порахам”.
У аповесцях “Шлюбная ноч” (1975), “Гандлярка і паэт” Іван Шамякін зноў вяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. У рамане “Вазьму твой боль” (1978) зноў-такі паказана душэўная драма героя, асірацелага ў вайну. Механізатар Іван Батрак пакутуе ад памяці пра незлічоныя зверствы, учыненыя гітлераўцамі з яго роднымі, трагічным сведкам якіх ён сам і аказаўся. Празаік паказвае нам, што пакуты героя яшчэ больш узмацняюцца з вяртаннем віноўніка смерці яго блізкіх.

У рамане “Зеніт” (1987) Шамякін паказвае крывавыя падзеі апошняга года Вялікай Айчыннай, раскрывае ўнутранае высакародства і гуманізм савецкіх салдат – вызваліцеляў народаў Еўропы. Перачытваеш гэты твор – і проста сэрца болем напаўняецца ад успамінаў пра сучасныя кадры па ТВ, калі паказваецца, што ў многіх кропках гэтай самай Еўропы сёння знішчаецца не толькі памяць, але і фізічна самі помнікі мінулай вайны.
Іншыя  творы Івана Шамякіна  – “Слаўся, Марыя!”,  “Злая зорка”, “Ахвяры”, “Палеская мадонна”, “Вернісаж”, “Падзенне”, “Без пакаяння”, “Крывінка”, “Зона павышанай радыяцыі”, “Пошукі прытулку”, “Выкармак”, “Звіхрэнне” – таксама  складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі, нярэдка складанага і супярэчлівага.

Іван Шамякін у пасляваенны час настаўнічаў, з’яўляўся  рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”, галоўным рэдактарам знакамітага выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. Броўкі”. Мабыць, няма такога чалавека, хто хоць аднойчы не карыстаўся даведнікамі гэтага навуковага таварыства. Больш чым паўстагоддзя ён аддаў творчай працы і актыўнай  грамадскай дзейнасці.

Майстра нацыянальнай прозы не стала ў 2004 годзе. А праз два гады імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна было прысвоена Мазырскаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту.

Яго жыццё — надзвычай красамоўны прыклад самаадданага служэння айчыннай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу. Ён  быў перакананы ў галоўных каштоўнасцях жыцця, сцвярджаючы: “Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё — любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў”.

Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Творы  Івана Шамякіна перакладзены больш чым на 30 моваў свету, выдаваліся ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі тыражамі.  Напрыканцы 70-х гадоў ён займаў пятае месца сярод пісьменнікаў па чытанні ў СССР.

Не страціла сваёй актуальнасці яго проза і сёння. Да яе звярталіся многія чытачы і ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі. І сёлета, у 75-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай, мы проста абавязаны зноў і зноў вяртацца да яго неўміручай ваеннай спадчыны, каб хлеб наш больш ніколі не пах порахам.

К. КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *