У Дзятлаве адкрылі Год культуры

Падзеі

«Віват, культура!» – пад такім дэвізам на Дзятлаўшчыне ўрачыста адкрылі 2016 год, абвешчаны ў Беларусі Годам культуры. Старт быў дадзены 27 лютага ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава. Госці мерапрыемства  мелі магчымасць павітацца за руку са Скарынам, пабачыць, як працуюць майстры дэкаратыўнай творчасці, паслухаць песні эстрадных і самадзейных калектываў і выканаўцаў нашага раёна, пабачыць дасягненні раённай культуры.
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі №522 “Аб абвяшчэнні 2016 года Годам культуры” быў прыняты 28 снежня 2015 года з мэтай аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятываў.
Уверцюрай да святочнай праграмы стала выступленне народнага зводнага духавога аркестра “Акцэнт” з Наваельні пад кіраўніцтвам Дзяніса Клімовіча. Музыканты выканалі папуры па матывах песень беларускіх кампазітараў.
Адкрыў мерапрыемствы шанавання Года культуры на Дзятлаўшчыне і павіншаваў усіх прысутных са значнай у жыцці грамадства падзеяй старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Крахмальчык.
— Мерапрыемствы Года культуры будуць закранаць усе сферы дзейнасці нашага грамадства, – зазначыў Іван Іосіфавіч. – Гэта культура вытворчасці і земляробства, культура сямейных узаемаадносінаў і быту, культура ўпарадкавання населеных пунктаў.
Кіраўнік раёна заўважыў, што значная ўвага будзе надавацца мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры, якая з’яўляецца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы, а таксама мерапрыемствам, звязаным са знакавымі для Беларусі юбілейнымі датамі.
Удзел у святочным канцэрце ўзялі лепшыя творчыя калектывы – народны хор ветэранаў “Ветэраны ў страі” (кіраўнік Т. Шостка), народны ансамбль музыкі і песні “Ятранка” (кіраўнік Г. Харлінская), узорны ансамбль юных скрыпачоў “Зорачкі” (кіраўнік К. Бальшая), дзіцячы хор Гезгалаўскага філіяла школы мастацтваў (кіраўнік Н. Жданук) і вакальная група Дзятлаўскай школы мастацтваў. Свае творчыя праекты прадставілі цыркавая студыя “Марсі” (кіраўнік В. Герасіменка) і тэатр роставых лялек пад кіраўніцтвам І. Каско.
Свае песні дзятлаўчанам дарылі трыа “Бархат”, Іван Кашко, Ала Чарняўская, саксафаніст Фёдар Маслакоў, дзятлаўскія гімназісткі.
Бібліятэкары нашага раёна не толькі пераканалі прысутных, што з кнігай не засумуеш, але адкрылі ў фае Цэнтра культуры выставачны стэнд, які прэзентаваў работнік біблітэкі ў вобразе Францыска Скарыны. Супрацоўнікі гісторыка-краянаўчага музея горада Дзятлава паказалі ўдзельнікам урачыстасці духоўныя і матэрыяльныя культурныя каштоўнасці, якімі багатая дзятлаўская зямля.
Прадставілі дзятлаўчанам вырабы народнай творчасці і паказалі майстар-клас майстры-ўмельцы з усяго раёна. Сёння яны перадаюць сваё майстэрства дзецям і моладзі на занятках па дэкаратыўна-прыкладным майстэрстве ў сваіх населеных пунктах.
Як было заўважана на цырымоніі адкрыцця Года культуры, усе мерапрыемствы ў культурнай сферы накіраваны таксама і на духоўнае развіццё асобна ўзятай асобы, магчымую пераацэнку людзьмі сваіх жыццёвых прыярытэтаў. А значыць – самы час стаць крышачку лепшымі.

IMG_6102a

IMG_6144а

IMG_6048а

IMG_6036а

IMG_6081a

IMG_6149a

IMG_6159a

IMG_6174a

IMG_6179a

IMG_6201a

IMG_6214a

IMG_6256a

IMG_6264a

IMG_6276a

IMG_6328a

Н. АВЯРЧУК

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *