Каварны газ

Здарэнні і бяспека

Чадны газ (хімічная формула СО) – неадчувальны на пах і колер, але смяротна небяспечны. У ацяпляльны перыяд пачасціліся выпадкі атручвання чадным газам. Атруціцца чадным газам можна не толькі пры пажары (CO ўтвараецца ў паветры як вынік гарэння), але і пры дрэннай вентыляцыі ў гаражах – асабліва калі пакінуць нявыключаным рухавік у невялікім памяшканні, пры несвоечасова закрытых засланках або пры адсутнасці выцяжкі ад газавых калонак, якая нармальна цыркулюе. Першыя прыкметы такога атручвання – гэта галаўны боль, галавакружэнне, слёзацёк, кашаль, млоснасць, ваніты. Пры атручванні сярэдняй цяжкасці адчуваецца дрымота. Пры высокай канцэнтрацыі надыходзіць страта свядомасці і параліч.

Так, адразу некалькі выпадкаў нядаўна патрапілі ў зводкі ратаўнікоў на Міншчыне. Першы адбыўся ў Барысаве. 27 студзеня пажарныя атрымалі паведамленне ад дзяжурнага аварыйнай газавай службы “Барысаўгаз” аб неабходнасці адчыніць дзверы ў кватэрах шматпавярховага дома. Ва ўскрытых ратаўнікамі дзвюх кватэрах на другім і трэцім паверхах дома былі знойдзены мёртвымі 6 чалавек, у тым ліку двое дзяцей 10 і 17 гадоў. Абставіны гібелі людзей высвятляе Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта. Меркаваныя прычыны – няспраўнасць газавага абсталявання, якая прывяла да назапашвання чаднага газу.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Стаўбцоўскім раёне. 23-гадовая жанчына і яе гадавалы сын былі шпіталізаваны з дыягназам “вострае атручванне прадуктамі гарэння прыроднага газу лёгкай ступені”. Сям’я жыве ў двухкватэрным жылым доме ў вёсцы Новы Свержань. Ратаўнікі, якія прыбылі на месца здарэння, высветлілі, што верагодна атручванне чадным газам адбылося з-за самавольнага пераносу трубы адводу прадуктаў гарэння газавага воданагравальніка з коміна ў вентыляцыйны канал кватэры.

Для таго, каб не атрымаць атручванне чадным газам, памятайце, што нельга заўчасна (пакуль вуглі цалкам не прагараць) зачыняць засланку печы. Пры гэтым паліць у печы трэба не менш, чым за дзве гадзіны перад адыходам да сну. Забараняецца карыстацца газавым абсталяваннем ці іншымі цеплагенеруючымі агрэгатамі і прыладамі пры няспраўных комінах і вентыляцыйных каналах.

Не выкарыстоўвайце для ацяплення памяшканняў газавыя бытавыя прылады і апараты (напрыклад, газавыя пліты). Адкрытае полымя выпальвае кісларод у памяшканні, і яго становіцца недастаткова для нармальнай працы гарэлак. З-за недахопу кіслароду газ згарае не цалкам, у выніку ўтвараецца чадны газ. Знаходжанне ў памяшканні, паветра якога змяшчае 0,2% чаднага газу, на працягу 1 гадзіны шкодна для здароўя, а пры канцэнтрацыі 0,5% чаднага газу знаходзіцца ў памяшканні на працягу 5 хвілін небяспечна для жыцця. А калі канцэнтрацыя газу ў паветры больш за 1,2%, чалавек памірае за некалькі секунд. Помніце пра гэта, беражыце сябе і сваіх блізкіх!

А. БЕЛЕНКА,
інспектар Дзятлаўскага РАНС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *