Дзятлаўскія газавікі – лепшыя ў вобласці

Падзеі

Урачыстае адкрыццё пасля капітальнага рамонту адміністрацыйнага будынка Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння дало магчымасць не толькі пабачыць, у якіх умовах сёння працуюць газавікі, але і даведацца, чым падмацаваны вытворчыя поспехі газавай галіны рэгіёна. На пытанні карэспандэнткі адказаў генеральны дырэктар унітарнага рэспубліканскага прадпрыемства “Гроднааблгаз” Яўген Смірноў.

IMG_2519a

— Яўген Барысавіч, як змянілася структура ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблгаз”, што яна сёння сабой уяўляе?

— У мінулым годзе мы правялі аптымізацыю і рэструктурызацыю прадпрыемства. Асноўны напрамак – пазбаўленне ад “іншых” відаў дзейнасці, ад якіх вызваліліся і тарыфы на газ для спажыўцоў. Дзякуючы гэтаму, мы змаглі сканцэнтравацца на дзейнасці эксплуатацыйнай працы: на сёння мы не выконваем работы па праектаванні і будаўніцтве сістэмаў газазабеспячэння. Па вобласці былі аптымізаваны 90 работнікаў, якія, аднак, не засталіся без працы. Яны атрымалі перакваліфікацыю і цяпер выконваюць іншыя эксплуатацыйныя задачы на нашых прадпрыемствах у вобласці і рэспубліцы. Сёння на Гродзеншчыне працуюць пяць арганізацый, якія маюць статус філіялаў. Іх складаюць 13 раёнаў газазабеспячэння, у тым ліку – Дзятлаўскі, які не так даўно ўвайшоў у склад вытворчага ўпраўлення “Слонімгаз”. Нягледзячы на тое, што па тэрыторыі прадпрыемства “Гроднааблгаз” самае маленькае ў рэспубліцы, па ўзроўні газіфікацыі мы – першыя.

— Якая доля ў гэтым Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння?

— Дзятлаўскі раён невялікі, але дастаткова насычаны па газіфікацыі. На Дзятлаўшчыне працуюць больш за 400 кіламетраў газаправодаў рознага ціску, функцыянуюць каля 30 газарэгулятарных пунктаў і 30 шафавых рэгулятарных пунктаў. І гэта пры тым, што тут працуюць усяго толькі 74 чалавекі, якія спраўляюцца з гэтым аб’ёмам, задавальняючы патрэбы жыхароў раёна па дастаўцы звадкаванага газу і эксплуатацыі газаправодаў прыроднага газу, своечасова выконваюць усе аварыйныя заяўкі. Такі калектыў, безумоўна, заслужыў паляпшэнне ўмоваў працы.

— Колькі інвестыцый было ўкладзена ў Дзятлаўскі раён газазабеспячэння?

— За 2015 год на праектныя работы па рэканструкцыі будынкаў, будаўніцтва газаправоду было выдаткавана абласным прадпрыемствам больш за 9 мільярдаў рублёў. Сёлета інвестыцый на Дзятлаўскі раён будзе, адназначна, не менш. У папярэдніх планах – газіфікацыя яшчэ аднаго з аграгарадкоў Дзятлаўшчыны – Белагурна. Пакуль што рапрацоўваюцца два варыянты газіфікацыі населенага пункта, магчыма, гэта адбудзецца сёлета.

— Якія планы на 2016 год для абласнога прадпрыемства “Гроднааблгаз”, непасрэдна для Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння?

— Планаў насамрэч шмат. Сёлета плануем асвоіць інвестыцый не менш, чым у мінулым годзе. Будзем распрацоўваць палі здабычы, каб пашырыць сыравінную базу для нашага торфабрыкетнага завода. Абавязкова будзем набываць інструменты, матэрыялы, працягваць абнаўленне аўтапарка. Да прыкладу, для Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння летась набылі тры адзінкі аўтатранспарту, усяго па вобласці – 83 адзінкі аўтатрактарнай тэхнікі. Нягледзячы на няпростую фінансавую сітуацыю прадпраемства, мы аддаём прыярытэты атму, што неабходна для эфектыўнай і камфортнай працы.

— Чым было абумоўлена абнаўленне базы Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння?

— Рэканструкцыя адміністрацыйнага будынка (1975 года пабудовы) і паляпшэнне ўмоваў працы дзятлаўскіх газавікоў – гэта лагічны крок, узнагарода за выніковую працу. Заўважу, што ва ўнутраных рамонтных работах персанал арганізацыі прымаў непасрэдны ўдзел. І гэта тычыцца не толькі самой базы. Мабыць, мясцовыя жыхары і самі заўважылі, што газавыя збудаванні па раёне – як выставачныя экзэмпляры, гэта плён працы дзятлаўскіх газавікоў. Не пабаюся сказаць, што Дзятлаўскі – адзін з лепшых раёнаў газазабеспячэння ў нашай структуры.

— У чым гэта праяўляецца?

— Работнікі Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, абыходзячы па выніках буйнейшыя ўпраўленні з усёй краіны. У прызёрах мясцовая брыгада па абслугоўванні газарэгулятарных пунктаў, аварыйная брыгада, брыгада па ўнутрыдамавым абслугоўванні. На Дзятлаўшчыне працуе пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў электрагазазваршчык Васіль Казлянкоў. І гэта – не аднаразовыя, не выпадковыя дасягненні, а вынік пастаяннага ўдасканалення і прафесійнага росту. Усе прагнозныя паказчыкі, якія былі даведзены Дзятлаўскаму раёну газазабеспячэння на 2015 год, яго работнікі выканалі яшчэ ў кастрычніку.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *