Зацверджаны план па правядзенні Года культуры ў Беларусі

Сацыяльная сфера

У Беларусі зацверджаны рэспубліканскі план па правядзенні Года культуры, паведамілі БЕЛТА ў Савеце Міністраў.

У плане названы розныя конкурсы, фестывалі, форумы і г.д. Так, на працягу 2016 года запланавана правядзенне акцый «Культурная сталіца Беларусі» і «Мецэнат культуры ў Год культуры», рэспубліканскіх конкурсаў — «Горад культуры ў Год культуры» (найбольш паспяховы турыстычны цэнтр) і «Чалавек Года культуры» (сярод работнікаў гэтай сферы). Вынікі рэспубліканскіх конкурсаў будуць падведзены ў пачатку 2017 года.

Прадоўжыцца мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, у тым ліку ідзе размова аб завяршэнні рэканструкцыі комплексу будынкаў і збудаванняў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», аб завяршэнні капітальнага рамонту і рэканструкцыі памяшканняў рэгіянальных устаноў культуры. Прадоўжыцца стварэнне Музейнага квартала ў Мінску на базе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (будаўніцтва плануецца завяршыць у 2018 годзе).

Акрамя таго, у 2016 годзе будуць рэалізаваны мерапрыемствы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, плануецца завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і заканчэнне рэканструкцыі з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя — Свята-Пакроўскага манастыра ў Талочыне. Пройдуць Дні еўрапейскай спадчыны, у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА будзе прадстаўлена дасье «Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай».

У чэрвені па традыцыі пройдзе Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, у ліпені — свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), у жніўні-верасні — міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», у снежні — канферэнцыя «Другія Беларускія Калядныя чытанні». У плане — міжнародная акцыя «Ноч музеяў» (май) і III Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» (верасень-кастрычнік). У маі-чэрвені таксама пройдуць XIV Свята мастацтваў «Мірскі замак» і фестываль «Музычныя вечары ў замках Беларусі».

Плануецца ўручыць Нацыянальную тэатральную, літаратурную і музычную (у галіне эстраднага мастацтва) прэміі. У ліпені пройдзе юбілейны XXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у сакавіку — міжнародны маладзёжны тэатральны форум «M.art. кантакт», у маі — Міжнародны фестываль тэатраў лялек, у чэрвені — XVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, у верасні — міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа», у верасні-кастрычніку — форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», у кастрычніку — XI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, у лістападзе — XXIII Міжнародны кінафестываль «Лістапад».

У цэлым у плане прапісана правядзенне фестываляў, конкурсаў, выставак, форумаў, накіраваных на развіццё і папулярызацыю музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва. Гэта, сярод іншага, прадугледжвае правядзенне Дзён культуры, Дзён кіно Беларусі за мяжой і мерапрыемстваў у адказ у Беларусі.

Асобна ў 2016 годзе будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя юбілярам — выдатным асобам беларускай культуры. Яны прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 95-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

На 3-4 верасня намечана святкаванне Дня беларускага пісьменства.

У лютым-верасні адбудзецца дабрачынны творчы марафон «Адраджэнне», прымеркаваны да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У чэрвені будуць арганізаваны мерапрыемствы да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У снежні адбудзецца Форум творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *