Юныя Хрыстаславы цуд абвяшчалі

Падзеі

Святкі – чудоўны час ад Нараджэння Хрыстовага да Хрышчэння, дванаццаць дзён, калі людзі весяляцца і адпачываюць, не шкадуюць адзін для аднаго дабра і пачастункаў. Гэтымі днямі дзеці-хрыстаславы, вучні сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, песнямі-калядкамі павіншавалі дзятлаўчан са святамі.

Традыцыя хрыстаслаўлення па праваслаўным звычаі была адноўлена ў нашым раёне пяць гадоў таму. З таго часу кожны год праходзіў песенны конкурс паміж праваслаўнымі нядзельнымі школамі благачыння нашага раёна. Сёлета, у адпаведнасці з дамоўленасцю паміж праваслаўнай царквой і аддзелам адукацыі райвыканкама, конкурс хрыстаславаў выйшаў за межы нядзельных школ і аб’яднаў пад сваёй эгідай усіх школьнікаў. На Дзятлаўшчыне прайшоў першы фестываль-конкурс хрыстаславаў, у якім паўдзельнічалі ажно 15 камандаў. Пераможцамі сталі вучні сярэдняй школы №1, праграму якім дапамаглі падрыхтаваць педагогі Галіна Мілейка, Марына Шаўчук і Кацярына Бальшая.

— У нашай камандзе на фестывалі ўдзельнічалі восем чалавек, шэсць з якіх – навучэнцы нядзельнай школы пры храме Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава, дзе я таксама выкладаю, – распавядае Галіна Іванаўна Мілейка пра падрыхтоўку да конкурсу. – Таму скласці праграму, вывучыць калядкі было не складана. Тым больш, што дзеці вельмі ахвотна ўзяліся за справу.

IMG_1267

IMG_1289

IMG_1311

Па добрым звычаі, які слаўся за апошнія некалькі гадоў, дзеткі-хрыстаславы разам з Благачынным цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэем Мікалаем Пінчуком наведалі прадпрыемствы і арганізацыі райцэнтра, каб павіншаваць працоўныя калектывы з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым. Візіт дзяцей-хрыстаславаў сімвалізаваў сабою прыход вешчуноў, якія паведамлялі аб нараджэнні Ісуса Хрыста. Галоўны атрыбут шэсця – зробленая сваімі рукамі калядная зорачка – сімвал Віфлеемскай зоркі. Юнакі і дзяўчаты разам са сваімі педагогамі выканалі калядкі, прачыталі віншаванні і пажаданні здароўя, дабра, багатага ўраджаю.

Сёлета юныя хрыстаславы наведалі Дзятлаўскі вузел электрычнай сувязі, Дзятлаўскі вузел паштовай сувязі, ТАА “Ізакам”, дзятлаўскі ўчастак ЗАТ “Сельэнерга”, прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Дзятлаўскім раёне, Дзятлаўскі сыраробны завод, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, сацыяльна-педагагічны цэнтр.

— У кожнай арганізацыі без выключэння нам былі вельмі рады, – кажа Галіна Мілейка. – Некаторыя ўжо дарослыя людзі ўпершыню з нашага выступлення даведаліся аб традыцыі хрыстаслаўлення. Больш за ўсіх, вядома, радаваліся бацькі юных хрыстаславаў, якія бачылі сваіх дзетак у пастаноўцы.

Акрамя выкладання ў нядзельнай школе, Галіна Іванаўна вядзе факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры” ў дзятлаўскай школе №1. Аналагічныя заняткі праходзяць практычна ва ўсіх школах нашага раёна. Педагог адзначае, што дзеці актыўна наведваюць урокі, з радасцю прымаюць удзел у калядных, велікодных мерапрыемствах, з цікавасцю вывучаюць гісторыю рэлігіі і яе сучаснасць. Таму традыцыя хрыстаслаўлення абавязкова будзе мець працяг і на наступны год.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *