Тэатр для ўсіх

Падзеі

Заканчэнне 2015 года для ўзорнай тэатральнай студыі «Мелодыя душы» было азнаменавана ўдзелам у абласным фестывалі аматарскіх тэатральных калектываў «Слонімскія цудадзействы». На суд журы і гледачоў юныя артысты з Дзятлава прадставілі шоу-спектакль «Гэта мой выбар — гэта маё жыццё». Па выніках конкурсу тэатральная студыя была адзначана дыпломам «За лепшую рэжысёрскую пастаноўку».
Артыст «Мелодыі душы» Данііл Каско атрымаў дыплом «За лепшую мужчынскую ролю».

_MG_0737

— У абласным фестывалі «Слонімскія цудадзействы» мы ўдзельнічаем не ўпершыню, — гаворыць кіраўнік студыі «Мелодыя душы» Іван Каско. — Сёлета — ужо трэці раз.  Прыемна, што ігра аднаго з нашых юных акцёраў адзначана дыпломам «За лепшую мужчынскую ролю». Такую ўзнагароду па выніках фестывалю атрымаў прадстаўнік толькі нашай студыі.

— Іван Іванавіч, якімі яшчэ дасягненнямі быў азнаменаваны для тэатральнай студыі і для тэатра роставых лялек 2015 год?

— Мінулы год падарыў шэраг знакавых падзеяў. У гэтым ліку і ўдзел у фестывалі «Славянскі базар»,  мерапрыемствах да Дня беларускага пісьменства, гастрольныя паездкі ў Маладзечна і Мядзель, Ваўкавыск, выступленне ў моладзевым цэнтры ў Гродне. На мерапрыемства былі запрошаны дзеці, якія адзначалі свой дзень нараджэння 1 верасня. Таксама сёлета ўдзельнічалі ў «Карнавале весялосці», які праходзіў у Воранаве.
Увогуле, за мінулы год мы атрымалі амаль трыццаць запрашэнняў, аднак  з-за таго, што артысты студыі і гульнёвага тэатра лялек — школьнікі,  яны свабодныя ад заняткаў толькі ў выхадныя, ад многіх запрашэнняў прыйшлося адхіліць. Адзначу і тое, што артысты гульнёвага тэатра лялек у мінулым годзе атрымалі запрашэнне выступіць у Маскве, Польшчы, Германіі.

— Іван Іванавіч, чаго чакаеце ад  2016 года, які аб’яўлены Годам культуры?

— Будзем спадзявацца, што гульнёвы тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх» у гэтым годзе атрымае званне «узорны».

Таксама спадзяюся на тое, што пройдзе фестываль роставых лялек і гульнёвых праграмаў у рамках Саюзнай дзяржавы.  Неабходныя дакументы на правядзенне мерапрыемства ўжо знаходзяцца ў Расіі.

Некалькі гадоў запар артысты тэатральнай студыі і тэатра роставых лялек адзначаюць Дзень тэатра. Па традыцыі, у  гэты дзень мы праводзім «капуснік», паказваем новую пастаноўку. Сёлета мы таксама рыхтуемся да тэатральнага капусніка, працуем над пастаноўкай «Як Бабы Ягі казку ратавалі», якая будзе ўтрымліваць і фокусы.

Увогуле, у новым годзе хочам паспрабаваць асвоіць і новыя фарматы, у прыватнасці, тэатр у фармаце «чорнага кабінета», які дасць магчымасць ствараць на сцэне ілюзію.

Калі ж казаць наконт артыстаў тэатральнай студыі, то цяпер яна налічвае больш за трыццаць чалавек. Прыйшла і новая група юных акцёраў. Да дня тэатра яна рыхтуе пастаноўку «Прыгоды Вінкс».
Адзначу і тое, што ўсе акцёры студыі — таленавітыя і актыўныя дзеці, якія любяць тэатр і  ім жывуць.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *