Супраць стыхіі – сумеснымі намаганнямі

Здарэнні і бяспека

У сувязі з рэзкім пагаршэннем умоваў надвор’я ў Дзятлаве прайшло тэрміновае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў, іх намеснікаў СВК і арганізацый раёна.

— Няпростая склалася сітуацыя 12 студзеня на тэрыторыі Беларусі з-за цыклону “Даніэла”. Адключэнні электразабеспячэння былі зафіксаваны ва ўсіх абласцях рэспублікі. Асабліва пацярпела Мінская вобласць. На Гродзеншчыне аварыйныя адключэнні электраэнергіі адбыліся ў Слонімскім і Дзятлаўскім раёнах. Без святла ў Слонімскім раёне заставаліся 14 населеных пунктаў, у Дзятлаўскім – 8 (усяго 1279 уласных жылых дамоў, 2897 жыхароў у двух раёнах), — праінфармаваў прысутных начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Нячаеў. — Да 20 гадзін 12 студзеня электразабеспячэнне ў населеных пунктах нашага раёна было адноўлена ў поўным аб’ёме.

Спрацавалі ў гэты дзень аператыўна не толькі ратаўнікі, але і  дарожная служба, жыллёва-камунальная гаспадарка, медыкі, выязны гандаль (аўталаўкі).

— Між тым, па прагнозах метэаролагаў, у бліжэйшы час надвор’е не дасць паслаблення, сцішыцца снег, але ўзмоцняцца маразы, — адзначыў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі. – І мы ўсе разам, арганізацыі і жыхары раёна, павінны падрыхтавацца да экстраных сітуацый.

Кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна, старшыням СВК дадзена даручэнне стварыць неабходны рэзерв гаруча-змазачных матэрыялаў; арганізаваць кругласутачнае дзяжурства неабходнай колькасці спецтэхнікі для расчысткі ад снега дарог агульнага карыстання, пад’ездаў да населеных пунктаў, будынкаў і збудаванняў, крыніцаў водазабеспячэння; прывесці ў гатоўнасць аўтаномныя крыніцы электразабеспячэння; узмацніць аварыйныя і дзяжурна-дыспетчарскія службы, стварыць дадатковыя выязныя брыгады. На тэрыторыі раёна арганізавана  відэафіксацыя па арганізацыі забеспячэння жыццядзейнасці ў надзвычайнай сітуацыі з наступным аналізам атрыманай інфармацыі. Таксама было прынята рашэнне аб стварэнні сумесных групаў сельвыканкамаў і СВК для абследавання: будынкаў і збудаванняў, малочнатаварных фермаў наконт функцыянавання вадаправодаў, своечасовай ачысткі дахаў ад снегу і г.д.; жыхароў аддаленых населеных пунктаў; сем’яў, якія знаходзяцца на ўліку як сацыяльна-ненадзейныя і адносяцца да групы рызыкі.

Праз раённыя газету і радыё з пераканаўчай просьбай звяртаецца камісія і да жыхароў раёна падключыцца да ўборкі снегу ў дварах уласных дамоў і шматпавярховак, на прыдваровых тэрыторыях, тратуарах (не хапае спецтэхнікі, спецыялістаў для ліквідацыі снежных сумётаў), не заставацца абыякавымі ў складанай сітуацыі.

І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *