Не прапальвай сваё жыццё

Здарэнні і бяспека

Рэспубліканская акцыя з такой назвай-заклікам адбылася на Дзятлаўшчыне. Накіравана яна была на папярэджанне пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. Другі этап акцыі праходзіў у працоўных калектывах і арганізацыях.

Супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС прысутнічалі ў складзе інфармацыйных груп на Адзіных днях інфармавання насельніцтва, якія прайшлі ў Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння і Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, асвятлялі пытанні пажарнай бяспекі.

IMG_4719

IMG_4740

Сельскі сход, прысвечаны пераважна пытанням пажарнай бяспекі, быў арганізаваны на базе СВК “Вензавец”, у цэнтры адпачынку “Вензавецкі дом культуры”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел работнікі сельгасвытворчага кааператыву, старшыня Вензавецкага сельвыканкама А. І. Шымко, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Д. У. Гульнік, участковы інспектар А. А. Лішык. Сустрэча была запланавана ў форме дыялога паміж прадстаўнікамі ўлады, МНС, міліцыі і мясцовымі жыхарамі.

IMG_4758

IMG_4760

IMG_4766

Прысутным нагадалі, што з 15 пажараў, якія адбыліся сёлета ў нашым раёне, 10 – па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. За апошняе дзесяцігоддзе ў раёне загінулі ў агні 76 чалавек, 72 з іх – з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, амаль заўсёды – у стане алкагольнага ап’янення.

Прысутным быў прадэманстраваны відэаролік “Цана імгнення”, дзе бацькі дзяцей, загінулых з-за недагляду, самі расказваюць аб прычынах трагедыі. Стужка нікога не пакінула раўнадушным.

IMG_4817

IMG_4867

IMG_4894

Акрамя дзятлаўскіх ратаўнікоў, у сходзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі дзятлаўскага ўчастка Добраахвотнага пажарнага таварыства і вензавецкія школьнікі, удзельнікі Беларускай моладзевай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных. Юнакі і дзяўчаты падрыхтавалі агітбрыгаду па прапагандзе пажарабяспечнага ладу жыцця, заклікалі дарослых не дапускаць “п’яных цыгарэт” і ўвогуле курэння дома. Таксама юныя ратаўнікі правялі анкетаванне ўдзельнікаў мерапрыемства.

Месцам для правядзення трэцяга этапу акцыі “Не прапальвай сваё жыццё!” у Дзятлаўскім раёне стаў філіял “Казлоўшчына” Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. На гэтым этапе акцыі да супрацоўнікаў Дзятлаўскага РАНС далучыліся прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Прысутных на імпрэзе навучэнцаў каледжа чакалі рознага плану конкурсы і віктарыны, прагляд відэафільма аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі ў інтэрнатах, а таксама прафілактычныя гутаркі аб шкодзе і небяспецы курэння, а за правільныя адказы і актыўны ўдзел – прызы.

Мерапрыемства пачалося з выступлення інспектара РАНС Аляксандра Беленкі, які нагадаў, што курэнне з’яўляецца асноўнай прычынай гібелі людзей на пажарах. Пра тое, што курэнне з’яўляецца асноўнай прычынай шэрагу захворванняў, у тым ліку і ракавых пухлінаў, распавяла валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Юрэня. Падвяла вынікі мерапрыемства першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ Анастасія Чурай. Са студэнтамі была праведзена рэфлексія: хлопцы разбіліся на шэсць груп і змаглі выказаць на паперы думкі пра шкоду ці карысць курэння, абгрунтаваўшы сваю пазіцыю, зрабіць рэкламу здаровага ладу жыцця, адлюстраваць антытытунёвую рэкламу так, як яны яе бачаць.

Завяршаючым этапам акцыі “Не прапальвай сваё жыццё!” стала сумеснае мерапрыемства ратаўнікоў, дзятлаўскага ўчастка Добраахвотнага пажарнага таварыства і юных ратаўнікоў з сярэдняй школы №1 г. Дзятлава. Праходзла яно ў гандлёвым цэнтры “Родны кут” горада Дзятлава. На ўваходзе ў гандлёвую залу юныя актывісты моладзевай арганізацыі юных ратаўнікоў-пажарных размясцілі свой імправізаваны пункт барацьбы з курэннем, дзе можна было ўсім наведвальнікам прыняць удзел у віктарыне бяспекі, курцам – абмяняць цыгарэту на цукерку. Добраахвотнікі пажарнага таварыства прапаноўвалі ўсім набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і вогнетушыцелі. Удзельнікі сацыялагічнага апытання паказалі добрыя веды патрабаванняў пажарнай бяспекі, далі сваю ацэнку значэнню акцый, якія праводзяцца ў раёне, прапагандысцкіх мерапрыемстваў. Была праведзена тлумачальная работа па падпісцы на часопісы “Юны ратаўнік” і “Служба выратавання”. Усім удзельнікам акцыі ўручалася наглядная друкаваная прадукцыя на супрацьпажарную тэматыку.

Дзятлаўчане актыўна расставаліся з цыгарэтамі, наўзамен атрымліваючы прысмакі, а вось атрымаць маляўнічыя кнігі з рук юных ратаўнікоў змаглі не ўсе, а толькі тыя, хто гатовы быў развітацца з цэлым пачкам цыгарэт і паабяцаў кінуць курыць.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *