Каб ёлка была «законнай»

Падзеі

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў для работнікаў дзяржаўнай лясной аховы Дзятлаўскага лясгаса надыходзіць чарговая гарачая пара. Яны пераходзяць на ўзмоцнены рэжым работы.

Будуць праходзіць рэйды, у тым ліку і сумесна з работнікамі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, у час якіх праводзіцца работа па папярэджанні незаконных высечак навагодніх дрэваў, іх вывазу без адпаведных дакументаў, у якіх указаны дазвол на гэта.

У адпаведнасці  з артыкулам 15.22 КоАП Рэспублікі Беларусь незаконная высечка або пашкоджанне дрэваў караецца штрафам у памеры ад 5 да 50 базавых велічыняў. За правоз дрэваў без суправаджальных дакументаў прадугледжаны штраф да 30 базавых велічыняў (арт. 15.21 КоАП РБ,). Таксама парушальніку давядзецца заплаціць за шкоду, якую ён нанёс навакольнаму асяроддзю.

Тым, хто жадае набыць «зялёную прыгажуню» законным шляхам, неабходна проста наведаць ёлкавы рынак або бліжэйшае лясніцтва.

Продаж ёлак будзе доўжыцца з 21 па 31 снежня. Гандлёвая кропка будзе размешчана ў Дзятлаве, на пляцоўцы паміж будынкам рэстарана «Ліпічанка» і будынкам Дома гандлю.

Кошт на ёлкі  застаецца прымальным.  Навагодняе дрэва вышынёй да 3 метраў будзе каштаваць 100 тысяч рублёў на гандлёвай кропцы. Калі вы будзеце купляць ёлку ў лясніцтве, то пакупка абыдзецца  ў 80 тысяч рублёў.

Адпаведна Правілам нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў  і здзяйснення пабочнага лесакарыстання Дзятлаўскі лясгас нарыхтоўвае навагоднія дрэвы хвойных пародаў на адпаведных участках ляснога фонду. Памеры і якасць навагодніх дрэваў  адпавядаюць ўстаноўленым для іх патрабаванням тэхнічных нарматыўна-прававых актаў.

М. КАРЭНКА,
інжынер па ахове лесу Дзятлаўскага лясгаса.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *