За працу – пашана і ўзнагароды

Падзеі

Абласныя “Дажынкі”, якія праходзілі ў Дзятлаве 13 лістапада, крыху пасунулі раённую ўрачыстасць да прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Шанаванне лепшых працаўнікоў прайшло 21 лістапада ў Цэнтры культуры Дзятлава. Запрашэнне на яго атрымалі пераможцы раённага спаборніцтва на вясновых, летніх, восеньскіх палявых работах, старанныя маладыя працаўнікі, ветэраны сельгасвытворчасці, перадавікі перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Шмат было ўручана грамат, падзяк, грашовых прэмій, падарункаў, кветак, музычных віншаванняў. Многа пажаданняў пачулі прысутныя на ўрачыстасці.

IMG_8100

І. Крахмальчык, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама:

— Дазвольце выказаць асаблівую ўдзячнасць працаўнікам вёскі за іх сялянскую мудрасць, залатыя рукі, высокую грамадзянскую адказнасць. Жадаю моцнага здароўя, новых поспехаў і, вядома ж, багатых і шчодрых ураджаяў!

У сваёй уступнай да ўрачыстасці прамове кіраўнік раёна выказаў задавальненне сёлетнім ураджаем, атрыманым на Дзятлаўшчыне. Намалочана 71,4 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 42,2 цэнтнера з гектара. Прыбаўка да леташняга склала 3700 тон, а ўраджайнасць у параўнанні з 2014 годам павялічылася на 3,7 цэнтнера з гектара. Лідарамі па намалотах з гектара сталі сельгаскааператывы “Русь-Агра” (54,6 ц), “Жукоўшчына” (54,4 ц), “Граніт-Агра” (51,2 ц).

IMG_8158

Старанне працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Дзятлаўшчыны было адзначана Падзякамі абласнога выканаўчага камітэта, Ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы аблвыканкама, Ганаровымі  граматамі Дзятлаўскага райвыканкама, Падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама і прэміямі. Узнагароды атрымалі каля паўсотні лепшых працаўнікоў Дзятлаўшчыны, сярод якіх вадзіцель СВК “Дварэц-Агра” Васіль Жых, механізатар СВК “Вензавец” Іван Храноўскі, галоўны аграном СВК “Русь-Агра” Уладзімір Сянатар, галоўны інжынер СВК “Войневічы” Дзмітрый Лазоўскі, механізатар СВК “Белагурна” Генадзь Швайдзюк.

IMG_8200

А. Гросс, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Дзятлаўскага райвыканкама:

— Нізкі паклон вам, працаўнікі зямлі, за вашу працу. Блакітнага вам неба, моцнага здароўя! Будзьце шчаслівыя!

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва пачалася  з запрашэння на сцэну кіраўніцтва СВК “Граніт-Агра” – старшыні Станіслава Мазура, галоўнага агранома Антона Тарасевіча, галоўнага інжынера Андрэя Падліпскага, паколькі гаспадарка дамаглася лепшых вынікаў на вясновых палявых работах. У такім складзе давялося падымацца на сцэну яшчэ двойчы: сельгаскааператыў заняў другое месца ў спаборніцтве на жніве і таксама быў другім у раённым спаборніцтве на восеньскіх палявых рабатах. А ўвогуле гранітаўцаў запрашалі на ўзнагароджанне каля 40 разоў, некаторых працаўнікоў – і двойчы, і тройчы, бо вынікова працавалі і вясною на ворыве, і ўлетку на жніве, і восенню на ўздыме зябліва.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі лепшыя камбайнавыя экіпажы СВК “Граніт-Агра” – Уладзіміра і Ірыны Гукішаў (на іх  рахунку – 2 817 тон зерня), Юрыя Скварчынскага і Ігара Радзевіча (2 230 тон), Уладзіміра і Івана Чарняўскіх (2 035 тон), Паўла і Таццяны Богданаў (1 480 тон).

А пераможцам на ўборцы ўраджаю 2015 года прызнаны, паводле ўмоваў спаборніцтва, СВК “Русь-Агра” ( старшыня Аляксандр Кароль, галоўны аграном Уладзімір Сянатар, галоўны інжынер Сяргей Лупач). Гаспадарка адзначана прэміяй у 60 базавых велічыняў.

На ўрачыстасці былі ўшанаваны тыя працаўнікі, хто старанна папрацаваў на адвозцы зерня, яго дапрацоўцы, хто рупіўся на нарыхтоўцы кармоў, вырошчванні і ўборцы лёну. Сярод лідараў – шмат маладых, чыя праца таксама адзначана ўзнагародамі.

Н. Калодка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:

— Я хачу пажадаць вам найперш здароўя, а яшчэ бадзёрасці духу. Новых вам працоўных перамог!

Гэтыя пажаданні найперш былі адрасаваны пераможцам моладзевых спаборніцтваў. Сярод іх – моладзевыя экіпажы Паўла і Таццяны Богданаў (СВК “Граніт-Агра”), Дзмітрыя Сухецкага і Максіма Лішыка (СВК “Войневічы”), Дзмітрыя і Сяргея Жыхоў (СВК “Граніт-Агра”), маладыя вадзіцелі Дзмітрый Калнацкі (СВК “Слава працы”), Віталь Болтач (СВК “Граніт-Агра”), малады аграном Аляксандр Кугейка (СВК “Жукоўшчына”), малады інжынер Андрэй Падліпскі (СВК “Граніт-Агра”).

IMG_8267

У. Казак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

— Дзякуй вам за адданасць прафесіі, зямлі, сваім працоўным калектывам. Дай Бог вам міру, здароўя, дабрабыту. Няхай кожны дзень прыносіць шчасце і ўпэўненасць.

Ганаровыя граматы, Падзякі, Падзячныя пісьмы і дыпломы, грашовыя ўзнагароджанні ад абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК  былі ўручаны лепшым працаўнікам  і актывістам прафсаюзнага руху. Сярод ушанаваных  – намеснік старшыні па жывёлагадоўлі СВК “Хвінявічы” Іван Ступчык, аператар па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы СВК “Русь-Агра” Людміла Кухта, дырэктар Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў Віктар Адамчык, старшыня прафкама СВК “Вензавец” Валянціна Макарэвіч.

На ўрачыстасці не засталіся без увагі ветэраны працы, якія на працягу многіх гадоў працавалі на кіруючых і радавых пасадах. Кветкамі, песнямі, апладысментамі віталі іх на свяце.

Механізатар Міхаіл Канстанцінавіч Шыдла, да прыкладу, адпрацаваў у СВК “Жукоўшчына” 37 гадоў, адзначаны ордэнам Працоўнай Славы, сярэбраным медалём ВДНГ СССР, знакамі ўдарніка працы і пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. Працоўным даўгалеццем і руплівай працай славяцца трактарыст СВК “Войневічы” Аляксандр Іосіфавіч  Лабко, цялятніца СВК “Хвінявічы” Вера Іванаўна Філідовіч, даярка СВК “Граніт-Агра” Ніна Аляксандраўна Лашкоўская, жывёлавод СВК “Вензавец” Ганна Іосіфаўна Пятліцкая, загадчык вытворчага ўчастка СВК “Русь-Агра” Анатоль Іванавіч  Рудазуб, галоўны ветдоктар СВК “Белагурна” Канстанцін Канстанцінавіч Бузук, былы загадчык склада ГЗМ СВК “Двагэц-Агра” Уладзімір Аляксандравіч Карповіч.

Ветэранаў працы і актывістаў ветэранскага аб’яднання раёна павіншаваў са святам і ўручыў узнагароды старшыня раённага савета ветэранаў  Леанід Юльянавіч Кашко.

Па традыцыі сваіх самых актыўных пастаўшчыкоў сыравіны павіншавалі кіраўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў – сыраробнага, вінна-гарэлачнага, крухмальнага, ільнозавода, ААТ “Лідахлебапрадукт”, пажадалі поспехаў у працы і далейшага плённага супрацоўніцтва.

IMG_8176

А прыемным дадаткам да ўсіх узнагародаў былі песні, танцавальныя, цыркавыя, музычныя нумары.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Б. ВАРНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *