Творчы вечар Георгія Шундрыка
Опубликовал

Творчы вечар Георгія Шундрыка

Творчы вечар дзятлаўскага паэта Георгія Шундрыка адбыўся ў раённай бібліятэцы. Мерапрыемства прайшло пад назвай «Зямля, што нараджае паэтаў».

IMG_3393

На сустрэчу з Георгіем Міхайлавічам прыйшлі сябры, знаёмыя, прыхільнікі творчасці паэта, галоўнае месца ў якой займае тэма Радзімы. Ёй Георгій Шундрык прысвяціў шмат вершаў. Адзін з іх — «Маці-Радзіма» — пакладзены на музыку, стаў песняй. Яна прагучала ў час мерапрыемства.

IMG_3395

Музычную нотку ў творчы вечар унесла і выступленне ўнучкі Георгія Міхайлавіча — скрыпачкі Анастасіі Карызна.

IMG_3415

Творчая сустрэча была напоўнена паэзіяй, успамінамі. Імі падзяліліся калегі Георгія Міхайлавіча па былым літаратурным аб’яднанні «Пралескі» — Лідзія Нічыпар, Вера Хрышчановіч, Леанарда Юргілевіч.

Вершы пра мову, Беларусь, невялікія гумарыстычныя паэтычныя замалёўкі — усё гэта складае аснову творчасці Георгія Шундрыка. Ёсць у ёй месца і перакладам вершаў — як з рускай, так і з украінскай, польскай моваў. У час творчай сустрэчы прагучалі пераклады вершаў Івана Франко, верша Аляксандра Пушкіна «Помнік». Яго прачыталі вучні СШ №1 горада Дзятлава.

Вучні гімназіі прадэкламавалі верш, які Георгій Міхайлавіч напісаў як духоўны наказ для моладзі.

«Мае вершы выхаваўчыя, яны ставяць на мэце данесці ўсё лепшае да нашчадкаў», — так характарызуе сваю творчасць Георгій Шундрык — ураджэнец Слонімшчыны, былы настаўнік, які шмат гадоў адпрацаваў на Дзятлаўшчыне. На творчы вечар яго прыйшлі павіншаваць і былыя калегі па педагагічным цэху — старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Раіса Ганчарэвіч і яе намеснік Яўгенія Савань.

Завяршылася мерапрыемства пажаданнямі новых поспехаў, новых твораў, душэўнай бадзёрасці яшчэ на многія гады. Гэтыя словы на адрас Георгія Міхайлавіча прагучалі ад вядучых мерапрыемства і яго ўдзельнікаў.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота Н. АВЯРЧУК

0 0 1050 18 Ноябрь, 2015 Падзеі Ноябрь 18, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *