Свет захапленняў Марыі Гранкоўскай
Опубликовал

Свет захапленняў Марыі Гранкоўскай

У кожнага з нас ёсць захапленні, дзякуючы якім мы адкрываем свет прыгожага, ствараем яго — калі малюем, спяваем, рукадзельнічаем. Часцей за ўсё захапленні з’яўляюцца ўсяго толькі хобі, ім мы аддаём  свой вольны час. А здараецца так, што з захапленняў пачынаецца шлях у будучую прафесію. Менавіта так адбылося і з гераіняй гэтага артыкула — навучэнкай гімназіі №1 горада Дзятлава, юнай мастачкай  Марыяй Гранкоўскай.

ДАНТЭ І ДАЛІ

—  У школу мастацтваў мяне запісала мама. Прыйшоўшы на вучобу, я нават не меркавала, што мне настолькі спадабаецца маляваць, што гэта стане сапраўды маім захапленнем. А цяпер маё хобі неабходна мне для таго, каб паступіць вучыцца на архітэктара.

— Чаму ты выбрала менавіта гэтую прафесію?

— Гэтае пытанне мне задавалі ўжо неаднаразова — родныя, знаёмыя, сябры. І я тлумачу ім, што прафесія архітэктара на самой справе выдатная і цікавая.

Я чалавек «дакладны» ў сэнсе таго, што мне падабаюцца дакладныя навукі — фізіка, матэматыка. Люблю я і мастацтва. А прафесія архітэктара, на мой погляд, гарманічна сумяшчае ў сабе гэтыя галіны.
Упэўнілася я ў гэтым і нядаўна, калі наведала Дзень адчыненых дзвярэй у Беларускім нацыянальным тэхналагічным універсітэце, архітэктурны факультэт. У час мерапрыемства я пагутарыла з выкладчыкамі і студэнтамі. Было цікава паслухаць іх, адкрыць для сябе шмат новага.

— Ведаю, што пасля Дня адчыненых дзвярэй ты наведала  выставу работ Сальвадора Далі…

— Сапраўды так. Я пабыла на гэтай выставе разам са сваёй сястрой, а таксама з настаўніцай Дзятлаўскай школы мастацтваў Жаннай Вячаславаўнай Лукашэня.

Выстава праходзіла ў нядаўна адкрытай галерэі «Дом карцін».  У экспазіцыі былі прадстаўлены работы не толькі Сальвадора Далі, але і Марка Шагала, сучаснай беларускай мастачкі Зоі Літвінавай.  У афішы  былі заяўлены і творы Анры Маціса. Толькі чамусьці ў гэты дзень у галерэі яны не выстаўляліся.

Больш за ўсё мяне ўразіла творчасць Сальвадора Далі, яго цыкл работ на тэму «Боскай камедыі» Дантэ.  Шчыра кажучы, я не чытала цалкам гэты твор, аднак  асэнсаванне яго вобразаў вялікім мастаком мяне вельмі ўразіла. А вось работы Марка Шагала  ўсхвалявалі менш.

— А творчасць сучаснай беларускай мастачкі Зоі Літвінавай?

— Яе карціны вельмі яркія, я нават сказала б — насычаныя колерам. У кожнай рабоце прадстаўлена багатая палітра, а таксама розныя тэхнікі малявання.

— А ў якой тэхніцы любіш працаваць ты?

— Больш за ўсё падабаецца графіка.

1

МУЗЫКА, МАРЫ І ПАДАРОЖЖЫ

—  Марыя, сучасная моладзь вельмі рознабаковая ў сэнсе захапленняў. Акрамя малявання, чым яшчэ захапляешся ты?

— Іграю на гітары. Асвоіла яе зноў жа ў час навучання ў школе мастацтваў. Увогуле, мне вельмі падабаецца музыка. І цяпер нават ёсць  мара навучыцца іграць на фартэпіяна. Аднак, на жаль, на гэта няма часу. Цяпер большую яго частку я аддаю вучобе.

Таксама ў свой час займалася бісерапляценнем, вышывала. Рукадзельнічаю і цяпер.

 Наведвала і тэатральную студыю «Мелодыя душы»,  уваходзіла ў склад гімназічнай каманды па чарлідынгу. Усе гэтыя заняткі падарылі мне новы цікавы вопыт.

А яшчэ я люблю вандраваць.

— Якія цікавыя мясціны ўжо наведала?

— Пазнаёмілася з многімі адметнымі мясцінамі Беларусі. Гэта  Мірскі, Нясвіжскі, Лідскі замкі.  Была ва Украіне, Расіі, а менавіта ў Санкт-Пецярбургу. Горад уразіў сваёй прыгажосцю. У час вандроўкі, якая доўжылася некалькі дзён, атрымалася ўбачыць толькі некаторыя адметнасці гэтага горада, наведаць Эрмітаж. Запомнілася і экскурсія на катары па Няве.
Аднак больш за ўсё мяне вабяць прыродныя краявіды. А таксама  я вельмі люблю свой родны горад Дзятлава. На мой погляд, ён вельмі ўтульны.

— А якую краіну ты яшчэ толькі марыш наведаць?

— Хачу  пабываць у многіх краінах, паколькі вельмі люблю вандраваць.

ВОСЕНЬ, КНІГІ, АПТЫМІЗМ

—Марыя, а якая пара года табе падабаецца?

— Восень. Я нарадзілася ў гэтую пару года. Люблю яе за  яркасць фарбаў. Падабаецца не толькі залатая , але і позняя восень. Люблю гуляць па вуліцы нават і ў пахмурныя дні. У такое надвор’е адчуваеш нейкую супакоенасць, адпачываеш ад мітусні.

— А ці любіш чытаць?

— Так, люблю. Перавагу аддаю раманам, дэтэктывам. Цяпер чытаю Дэна Браўна «Код да Вінчы». Увогуле падабаецца літаратура такога кшталту.

— А ці ёсць у цябе любімы мастак?

— Кагосьці аднаго я не выдзяляю, паколькі у кожнага мастака свая тэхніка, свой стыль, ёсць чаму павучыцца.

— Марыя,  якім дэвізам ты кіруешся ў жыцці?

— Пэўнага дэвізу пакуль няма, аднак я імкнуся быць аптымістам. Стараюся не думаць пра кепскае, нацэльваюся на пазітыў.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота Н. АВЯРЧУК

0 0 1034 11 Ноябрь, 2015 Інтэрв'ю Ноябрь 11, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *