Прадаўжае сямейную дынастыю
Опубликовал

Прадаўжае сямейную дынастыю

Ветэрынарны доктар Павел Сядзяк у СВК «Войневічы» прыехаў працаваць у маі бягучага года. За гэты, хоць і не вельмі працяглы час, ён зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст — адказны і старанны. Працуе Павел  на ферме «Ёцавічы».

Агульны працоўны стаж Паўла налічвае  сем гадоў. Пасля заканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа свой  прафесійны шлях  ён пачаў на  малой радзіме — у Воранаўскім раёне.

Павел — ураджэнец вёскі Больцішкі. Адметна тое, што ўся яго сям’я звязала сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Бацька працуе вадзіцелем у мясцовым сельгаскааператыве. Маці — ветэрынарны доктар з 30-гадовым стажам.  Гэтай прафесіі прысвяціў сваё жыццё і дзядуля Паўла. Заатэхнікам пажадала стаць і малодшая сястра хлопца. Таксама як і брат, яна скончыла Ваўкавыскі каледж. Практыку праходзіла ў СВК «Войневічы» пад кіраўніцтвам старэйшага брата. Цяпер Юля атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце.

Здасць апошнюю сесію і атрымае вышэйшую адукацыю ў хуткім часе і  сам Павел. Як прызнаецца, сумяшчаць  работу і вучобу няцяжка, нават зручна: ёсць магчымасць пастаянна быць у курсе ноых напрацовак ветэрынарнай галіны, рэалізоўваць іх на практыцы, паступова прафесійна расці.

— А ў сваёй мамы прафесійны вопыт пераймаеце? — цікаўлюся ў Паўла.

— Калі пачынаў працаваць, вядома, пераймаў. А цяпер мы ўжо хутчэй калегі, дзелімся вопытам, — адказвае мой суразмоўца.

Яго працоўны дзень пачынаецца з абходу, у час якога Павел высвятляе стан здароўя  сваіх «пацыентаў». Затым хлопец складае  план працоўнага дня, які ўключае лячэнне хворых жывёлін, вакцынацыю. Патрэбна запоўніць і неабходную дакументацыю.

— Павел, за вашымі плячыма ўжо сем гадоў работы. Як маладому спецыялісту, з чаго складаней за ўсё вам было пачынаць?

— Для любога маладога спецыяліста вельмі важна, у які калектыў ты трапіш. Калі калектыў зладжаны, добры, тады і пачынаць працаваць лёгка, паколькі ведаеш, што табе дапамогуць і падтрымаюць, калі штосьці не атрымліваецца. Мне ў гэтым пашанцавала — і калі толькі пачынаў працаваць у Воранаўскім раёне,  і калі пераехаў працаваць у  СВК «Войневічы».

Як спецыяліст гаспадаркі, Павел забяспечаны жыллём з усімі зручнасцямі.

_MG_4713

Працаваць у СВК яму падабаецца, мяркуе застацца тут і надалей. Падабаецца яму і Дзятлаўшчына. У першую чаргу тое, што тут шмат вадаёмаў: Павел — аматар рыбалкі. Менавіта ёй аддае свой вольны час. Таксама, калі выпадае магчымасць, у выхадныя дні наведвае сваю малую радзіму.

Быў час, калі захапляўся Павел і спортам. У час вучобы ў  аграрным каледжы ён атрымаў разрад па гіравым спорце, а таксама меў другое месца ў Ваўкавыскім раёне па выніках спаборніцтваў у гэтым відзе практыкаванняў .

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА

0 0 822 30 Ноябрь, 2015 Інтэрв'ю Ноябрь 30, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *