Нацэлены на высокія вынікі

Падзеі

У Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў Сяргей Анатольевіч Лішык прыйшоў працаваць у 1994 годзе. Ён — былы выпускнік гэтай навучальнай установы. Вучыўся ў класе акардэона пад кіраўніцтвам Ларысы Мікалаеўны Брагінай. З 2010 года з’яўляецца дырэктарам школы мастацтваў. Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў яго сучаснай гісторыяй навучальнай установы.

IMG_1476a

— Сяргей Анатольевіч, якая сёння Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў?

— Цяпер яна дадаткова мае філіял у Гезгалах і тры аддзяленні — у Хвінявічах, Жукоўшчыне, Вензаўцы. Заняткі ў аддзяленнях праводзяцца тры разы на тыдзень. Яны праходзяць у агульнаадукацыйных школах. Карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць дырэктарам гэтых навучальных установаў за разуменне і падтрымку, прадастаўленне класаў для заняткаў.
Вучацца ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў 294 хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца па 9 музычных спецыяльнасцях, а таксама мастацкім аддзяленні.

— Вам добра працуецца з калегамі?

— Калектыў выдатны, творчы. Сёння ў нас працуюць 35 настаўнікаў. Многія з іх маюць багаты вопыт работы — больш за 30 гадоў педагагічнага стажу. Гэта датычыцца Святланы Уладзіміраўны і Дзмітрыя Іванавіча Мазыркаў, Аксаны Васільеўны Шэінай, Ірыны Пятроўны Сідорчык, Таццяны Віктараўны Шостка, Валянціны Пятроўны Шумскай. Вопыт сваіх старэйшых калегаў пераймае і маладое пакаленне настаўнікаў.
Увогуле, калектыў школы зладжаны, нацэлены на высокія вынікі. Навучэнцы школы пастаянна паказваюць сваё майстэрства на конкурсах рознага ўзроўню — як рэгіянальных, так і абласных, рэспубліканскіх, міжнародных. Сярод нашых навучэнцаў ёсць шэсць стыпендыятаў  спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта Караліна Орсік, Сяргей Бадалаў, Юлія Пранюк, Аляксандра Шатненка, Дар’я Волкава, Вольга Лішык.    

— Сяргей Анатольевіч, на ваш погляд, што дае навучанне у школе мастацтваў тым, хто яго выбірае?

— Шэраг перавагаў. Музычная або мастацкая адукацыя — гэта шлях да ўсебаковага развіцця дзіцяці. У яго развіваецца слых, павышаецца культурны ўзровень, пашыраецца кругагляд. Навучанне ў школе мастацтваў дае магчымасць карысна бавіць вольны час, далучае да свету прыгожага. Акрамя гэтага, дзеці вучацца выступаць на сцэне, а для таго, каб гэта зрабіць, патрэбна быць максімальна  сканцэнтраваным.

— Сяргей Анатольевіч, чаго пажадаеце калектыву і навучэнцам з нагоды пяцідзесяцігоддзя школы мастацтваў?

— Перш за ўсё — здароўя, творчых поспехаў, сямейнага дабрабыту, душэўнай цеплыні. Настаўнікам школы — таленавітых вучняў. А вучням — цярпення, новых дасягненняў.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *