Датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах стартуе ў Беларусі

Улада

Датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах стартуе сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Загадзя аддаць свой голас на карысць аднаго з кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду можна да 10 кастрычніка. Удзельнікі будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Пры сабе неабходна мець дакументы, што засведчваюць асобу. Бюлетэні будуць выдавацца пасля прад’яўлення пашпарта або даведкі органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, для ваеннаслужачых тэрміновай службы — пасля прад’яўлення ваеннага білета. Калі ж у выбаршчыка няма пашпарта (напрыклад, пададзены ў пасольства на атрыманне візы), але ён унесены ў спісы для галасавання, бюлетэнь можа быць выдадзены на аснове службовага пасведчання дзяржслужачага, студэнцкага білета, пенсійнага пасведчання з фатаграфіяй або вадзіцельскіх правоў.

Галасаваць у Беларусі (як датэрмінова, так і ў дзень выбараў) можна па месцы рэгістрацыі, адмацавальных пасведчанняў не прадугледжана. Афіцыйна пацвярджэння прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца. Акрамя таго, як удакладніла напярэдадні старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, у выключным выпадку прагаласаваць можна і па месцы пражывання, дзе чалавек не зарэгістраваны, аднак у такім выпадку трэба прадаставіць членам участковай камісіі доказы свайго пражывання. Напрыклад, такім доказам будуць лічыцца дагавор найму жылога памяшкання і дагавор куплі-продажу жылля. «Інакш кажучы, грамадзянін пражывае фактычна ў пэўнай кватэры, але зарэгістраваны не там, а па ранейшым месцы жыхарства», — растлумачыла Лідзія Ярмошына. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што ў такім выпадку ўчастковая камісія павінна пазваніць у той горад, дзе чалавек зарэгістраваны, і паведаміць, што ён ужо ўключаны ў піс у іншым месцы і прагаласуе там. «Але гэта немагчыма, калі ў вас няма такіх доказаў і вы пражываеце ў кватэры знаёмых проста так, без рэгістрацыі», — падкрэсліла старшыня ЦВК.

Прагаласаваць датэрмінова можна на агульных участках унутры краіны і тых, якія ўтвораны за мяжой, у агульнапрынятыя тэрміны. Участкі па традыцыі загадзя пачнуць працаваць і ў воінскіх часцях, каб маглі падтрымаць кандыдатаў у прэзідэнты ваенныя і члены іх сем’яў. Аднак варта памятаць, што датэрміновае галасаванне не праводзіцца на ўчастках, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах.

Беларускае заканадаўства гаворыць, што датэрміновае галасаванне павінна праходзіць у прысутнасці не менш як двух членаў участковай камісіі і толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Датэрміновае галасаванне па месцы жыхарства выбаршчыка не дапускаецца.

Прыйшоўшы на участак, грамадзянін паказвае пашпарт або іншы дакумент, атрымлівае бюлетэнь і пакідае аўтограф у спісе выбаршчыкаў, абавязкова пазначаючы дату датэрміновага галасавання. Бюлетэнь запаўняецца ў кабіне для тайнага галасавання, дзе забараняецца прысутнасць каго б там ні было, акрамя самога выбаршчыка. Выключэнне, праўда, складаюць тыя грамадзяне, якія не маюць магчымасці з-за аб’ектыўных прычын (праблем са здароўем) самастойна запоўніць бюлетэнь. Яны маюць права запрасіць у кабіну іншую асобу па сваім меркаванні, акрамя членаў участковай і вышэйшай камісій, кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асоб, наглядальнікаў і журналістаў.

Бюлетэнь, перш за ўсё, змяшчае растлумачэнне аб парадку запаўнення, на адваротным баку павінны быць прастаўлены подпісы не менш як двух членаў участковай камісіі. У бюлетэнь у адпаведнасці з алфавітам уключаюцца ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзідэнты з пазначэннем прозвіна, імя, імя па бацьку, даты нараджэння, пасады (занятку), месца работы і месца жыхарства, партыйнасці. З правага боку ад даных аб кожным прэтэндэнце на вышэйшую дзяржаўную пасаду знаходзіцца пусты квадрат. У канцы пераліку кандыдатаў ёсць радок «Супраць усіх кандыдатаў» з размешчаным з правага боку ад яго пустым квадратам.

Вызначыўшыся, выбаршчык павінен паставіць у бюлетэні любы знак (крыжык, птушачку) у пустым квадраце, размешчаным з правага боку ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным з правага боку ад радка «Супраць усіх кандыдатаў».

У выпадку калі грамадзянін лічыць, што пры запаўненні бюлетэня дапусціў памылку, ён мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь узамен сапсаванага. Сапсаваны пагашаецца і ў далейшым не ўлічваецца. Несапраўдным прызнаецца бюлетэнь, у якім знак пастаўлены больш чым у адным квадраце і ў якім знак не пастаўлены ні ў адным з квадратаў. Акрамя таго, несапраўдным лічыцца бюлетэнь неўстаноўленага ўзору (адрозніваецца памерам, колерам, якасцю памеры, друкарскім шрыфтам і да т.п.), а таксама калі на адваротным баку адсутнічаюць подпісы членаў участковай камісіі.

У Беларусі для галоўнай электаральнай падзеі 2015 года надрукавана больш за 7 млн бюлетэняў. Колькасць рэзервовых не павінна перасягаць 5 працэнтаў, яны размеркаваны па ўчастках.

Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 11 кастрычніка.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *