Абмеркавалі праблемы выхавання ў сучасных сем’ях

Падзеі

Тыдзнь маці на Дзятлаўшчыне пачаўся з пасяджэння «Круглага стала», ініцыятарам правядзення якога выступіла раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын». Сустрэча праходзіла ў актавай зале сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Эксперты, педагогі, навучэнцы 10-11 класаў гарадскіх школ і іх бацькі абмеркавалі: «Праблемы выхавання ў сучасных сем’ях. Роля жанчыны ў захаванні сям’і і сямейных каштоўнасцяў».

1

Вядучая мерапрыемства — дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БСЖ» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Пятроўна Ваніслаўчык прадставіла прысутным экспертаў, у ролі якіх выступілі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «БСЖ» А. І. Жадзейка; Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй М. Пінчук; начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама В. В. Бародзіч; першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» А. Чурай; дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Т. С. Нікіпорчык; юрысконсульт аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. Ю. Чэпукойць; педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава В. М. Ламака.

2

3

4

Першым пытаннем было: «Што такое сям’я? Ці аднолькава разумеюць гэта паняцце прысутныя ў зале?». Меркаванні выказалі і падрастаючае пакаленне, і дарослыя. Падрахункавала выказванні сваім выступленнем старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка:

— Сям’я — гэта 7 Я, самыя блізкія людзі: мама і тата, дзеці, бабуля і дзядуля — вось класічная сям’я. Гэта мір, спакой, утульнасць, месца, куды заўсёды хочацца вяртацца. У сям’і матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці непадзельныя. Сям’я — гэта цытадэль, якую не павінны разбурыць камяні крыўдаў і плётак. Шчаслівая сям’я — гэта абавязкова поўная сям’я.

5

Сярод сямейных каштоўнасцяў удзельнікі пасяджэння выдзелілі пачуццё прыналежнасці, каханне, узаемапавагу, адказнасць, уменне знаходзіць кампраміс. Абмеркавалі таксама праблему, характэрную для сучаснага грамадства — нетрадыцыйныя формы сям’і: грамадзянскія, аднаполыя шлюбы, гасцявыя сем’і.
Юрысконсульт аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. Ю. Чэпукойць патлумачыў, што ў Беларусі юрыдычна правамоцнымі з’яўляюцца толькі зарэгістраваныя шлюбы, грамадзянскія законам не прызнаюцца. Павел Юр’евіч расказаў, якія юрыдычныя наступствы чакаюць грамадзянскіх мужа і жонку, іх дзяцей пры расставанні.

Затым удзельнікаў пасяджэння пазнаёмілі з вынікамі сацыяльнага апытання сярод жыхароў горада Дзятлава на тэму «Адносіны да інстытута сям’і ў сучасным грамадстве». Высветлілася, што сям’я стаіць на першым месцы сярод такіх жыццёвых каштоўнасцяў, як здароўе, работа, сябры, вольны час у 86,5% апытаных. У рэспандэнтаў 50-і гадоў і старэйшых вынік склаў 100%, 30-і гадоў і старэйшых — 85,7%, 20-і гадоў і старэйшых — 73,3%.  Бачаць у сям’і і дзецях сэнс жыцця 82,3% апытаных. З іх рэспандэнты 50-і гадоў і старэйшыя — 100%, 30-і гадоў і старэйшыя — 82,7%, 20-і гадоў і старэйшыя — 64,2%. У сярэднім 36,7% апытаных выказаліся за адклад часу стварэння сям’і, нараджэнне дзяцей у больш позні тэрмін на карысць кар’еры або магчымасці «пажыць дзеля сябе». Да сям’і найчасцей звяртаюцца, каб справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі 83,1% апытаных. З іх рэспандэнты 50-і гадоў і старэйшыя — 100%, 30-і гадоў і старэйшыя — 86,1%, 20-і гадоў і старэйшыя — 63,3%.

6

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Т. С. Нікіпорчык выказала меркаванне, што дрэнны прыклад, які паступова вядзе да абясцэньвання духоўных каштоўнасцяў, нам падае Захад. Усё больш у грамадстве становіцца людзей, якіх мы не заўважаем — адзінокіх старых. Усё жыццё чалавек будуе кар’еру, зарабляе грошы, але свае набыткі мы не забіраем у іншы свет. Самае галоўнае — гэта сямейнае цяпло, сувязь паміж блізкімі людзьмі — вось сапраўдныя каштоўнасці. Абавязкова трэба любіць сваіх дзяцей, дарыць ім пяшчоту, цеплыню, знаходзіць для іх час, каб усё гэта вярнулася да бацькоў у старасці.

7

8

Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама В. В. Бародзіч упэўнена, што паняцце сям’і шырэйшае, чым паняцце шлюбу. Аб гэтым сведчаць і лічбы раённай статыстыкі. З пачатку 2015 года ў раёне зарэгіставаны 150 шлюбаў, скасаваны — 87 На Дзятлаўшчыне за гэты перыяд нарадзіліся 187 дзетак, з іх па-за шлюбам — 34.
Аднак па выніках апытанняў, 97% беларусаў лічаць, што дзеці павінны гадавацца ў поўнай сям’і. З якімі цяжкасцямі ў выхаванні дзяцей сутыкаюцца маці-адзіночкі, прысутныя пабачылі ў відэароліках па матэрыялах тэлевізійнага рэаліці-шоу «Дарагая, мы губляем нашых дзяцей». Тлумачэнні паказанаму на экране дала педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава В. М. Ламака. Вольга Мечыславаўна зазначыла, што толькі ў поўнай сям’і дзіця адчувае стабільнасць, абароненасць. У няпоўных сям’ях дзеці рызыкуюць недаатрымаць бацькоўскай любові і пяшчоты. Іх недахоп найчасцей робіць маленькага чалавека агрэсіўным.

9

Прадоўжыў разважанні і выказаў погляд Праваслаўнай царквы на праблемы сям’і і выхавання Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Мікалай Пінчук.

— Сям’я — гэта божы дар усяму чалавецтву. Гасподзь благаслаўляе сям’ю — саюз мужчыны і жанчыны. Прыклад таму — першы цуд Хрыста ў Кане Галілейскай, калі на вяселлі ён ператварыў ваду ў віно. Але галоўная мэта сям’і — гэта не зямны дабрабыт, а пошук Царства Божага і праўды яго, а усё астатняе дадасца. Сям’я будзе моцнай толькі тады, калі ў мужа і жонкі ёсць агульная мэта — жыць па запаведзях божых, дастойна выхоўваць дзяцей. А выхоўваць варта дух, душу і цела, каб пасля не мець сумных наступстваў. Варта памятаць аб устрыманні. Яшчэ Канстанцін Ушынскі казаў пра «выхаванне сэрца», гэта значыць, пачуццяў, якім нельга даваць волі, каб не прывялі да бяды і розных залежнасцяў. Аднак у кожнага з нас павінна быць і спагадлівасць да слабасцяў іншага. Апостал Павел казаў: «Носите тяготы друг друга». Агонь агнём не тушаць. Той, хто мацнейшы духам сярод блізкіх, павінен умець мудра саступіць, спыніць канфлікт. Кожны чалавек павінен імкнуцца да дасканаласці, да падабенства вобразу Божаму. Тым больш, што з дарослых бяруць прыклад іх дзеці. Для хрысціяніна шчасце ў падабенстве Богу, а аснова ўсяго — любоў.

Напрыканцы пасяджэння намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка падзякавала прысутным за тое, што адгукнуліся на запрашэнне, прынялі ўдзел у абмеркаванні важных праблемаў. Алена Іванаўна выказала спадзяванне, што гэта сустрэча прымусіла многіх задумацца, можа каго і памяняць свой погляд на праблему, што яна пакіне добры след у сэрцах удзельнікаў. Старшыня раённай арганізацыі жанчын павіншавала ўсіх з надыходзячым святам — Днём маці, пажадала, каб сем’і дзятлаўчан былі моцнымі ад бацькоўскіх рук, цёплымі — ад матуліных малітваў.

10

11

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *