У Дзятлаве будуць рыхтаваць вадзіцеляў аўтобуса

Падзеі

Восень – ураджайная пара. Не толькі для сельскагаспадарчых работнікаў, якія збіраюць з палеткаў плён сваёй працы, і для навучальных установаў, у якіх зноў багата гаманкіх школьнікаў. Якімі навінамі, дасягненнямі і планамі багата восенню Дзятлаўскае ДТСААФ, расказаў старшыня таварыства Валянцін Варабей:
— Па выніках работы за першае паўгоддзе 2015-га мы занялі 3-е месца ў вобласці, падрыхтавалі 161 вадзіцеля, гадавы план збіраемся выканаць не горш, чым летась.

— Вадзіцеляў якіх катэгорый сёння рыхтуеце?

— Займаемся падрыхтоўкай па катэгорыі “В”, перападрыхтоўкай з “В” на “С” і з “С” – на “Е”. Цяпер праводзім рэканструкцыю новай вучэбнай базы па вуліцы Навагрудскай, дзе ў будучыні плануем адкрыць катэгорыю “D” (аўтобус) і курсы павышэння кваліфікацыі для вадзіцеляў.

IMG_9988_1

— Які сёлета ў вашых навучэнцаў узровень здачы дзяржэкзаменту ў дзяржаўтаінспекцыі?

— Па рэспубліканскім узроўні мы трымаем планку “вышэй сярэдняга”. Па выніках нядаўніх іспытаў з першага разу справіліся 69,8%. Такі высокі вынік атрымаўся за кошт катэгорый “С” і “Е”, дзе выніковасць амаль стопрацэнтная.

— Валянцін Анатольевіч, як быць тым, хто мае правы вадзіцеля, але даўно не садзіўся за руль?

— Для такіх вадзіцеляў, а таксама для пачынаючых, хто пакуль няўпэўнена пачувае сябе за рулём аўто, прапануем дадатковую паслугу. Пасля заключэння дагавора вадзіцель, які ўжо мае пасведчанне, можа некалькі гадзін (дзён) прысвяціць адпрацоўцы практыкі ваджэння аўтамабіля разам з інструктарам.

— Ці часта ў аўташколу прыходзяць вучыцца “аўталэдзі”?

— Так, сучасныя групы на вадзіцельскіх курсах пераважна жаночыя. Да 70% нашых навучэнцаў – жанчыны. Не сакрэт, што сёння назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці жадаючых вучыцца ваджэнню. Дзятлаўскі, Лідскі і Ашмянскі – тры раёны на Гродзеншчыне, дзе наведвальнасць застаецца на высокім узроўні.

— Які ўзрост маюць наведвальнікі Дзятлаўскага ДТСААФ?

— Пераважная большасць – маладыя людзі ад 25 да 35 гадоў. Але ёсць у нас і 60-гадовыя вучні. З улікам таго, што ў школах цяпер не працуюць вучэбна-вытворчыя камбінаты, мы стараемся ахапіць заняткамі школьнікаў. Сёлета да юбілейнага года перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне былі распрацаваны падарункавыя сертыфікаты на аплату часткі навучання для школьнікаў, сёлета імі скарысталіся ўжо каля 30 чалавек. Дарэчы, гэта прапанова яшчэ дзейнічае да канца 2015 года, а вучыцца ваджэнню можна з 16 гадоў.

— Наколькі мне вядома, ДТСААФ сёлета брала ўдзел у святкаванні Вялікай Перамогі…

— Сапраўды, нядаўна былі падведзены вынікі акцыі “100 старонак перагорнем разам”, па выніках якой выпушчана тэматычная кніга “Летапіс, пабарваваны крывёю”, прысвечаная жывым і загінулым героям Вялікай Айчыннай вайны. Пачэсную старонку ў выданні займае расповед пра нашага земляка, ветэрана Аляксандра Аляксандравіча Валуевіча.

— Хто сёння працуе ў Дзятлаўскім ДТСААФ?

— Калектыў у параўнанні з мінулым годам практычна не змяніўся. Па выніках працы мяне і галоўнага бухгалтара арганізацыі Алену Адамчык сёлета ўзнагародзілі Ганаровымі граматамі Гродзенскага ўпраўлення ДТСААФ. У паспяховай працы, высокіх выніках навучэнцаў, увасабленні смелых ідэяў па рэканструкцыі новай базы – заслуга ўсяго калектыву Дзятлаўскага ДТСААФ. Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць выкладчыку Славаміру Бабілу, майстрам Віталю Барысевічу і Міхаілу Баруку. З такой невялікай, але зладжанай камандай мы паспяхова выконваем усе пастаўленыя задачы.

Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *