Ратаўнікі ў гасцях у Малечы

Здарэнні і бяспека

На Дзятлаўшчыне падыходзіць да завяршэння трэці этап рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці!». Папярэдні, другі этап, скончыўся наведваннем дзіцячай бібліятэкі. Паколькі цеснае супрацоўніцтва паміж бібліятэчнымі работнікамі і ратаўнікамі наладжана ўжо даўно, візіт інспектара не стаў нечаканасцю. У гэту сустрэчу чытальны фонд бібліятэкі папоўніўся дапаможнікамі “Формула бяспекі” і “Што рабіць у надзвычайнай сітуацыі”, якія перадалі ўстанове супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС.

Пачаўся 16 верасня і завяршаецца сёння трэці этап акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці!». На працягу яго дзятлаўскія ратаўнікі пабылі ў гасцях у выхаванцаў дашкольных установаў адукацыі, у тым ліку, “Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 г. Дзятлава”.

IMG_0331

IMG_0358

IMG_0395

_MG_0242

IMG_0246

IMG_0255

IMG_0267

IMG_0273

З самай раніцы, як пазней расказала загадчыца ўстановы Святлана Васільеўна Ус, дзеці з нецярпеннем чакалі прыбыцця гасцей. На іх здзіўленне, адразу пасля дзённай “ціхай” гадзіны да будынка садка пад’ехала вялікая пажарная машына. Сустрэча пачалася з размовы пра бяспечныя паводзіны, недапушчэнне гульні з запалкамі і агнём. Малеча не толькі даведалася аб працы ратаўнікоў, але пазнаёмілася з тэхнікай работнікаў пажарнай службы. Разам дзеці згадалі нумар службы выратавання, алгарытм паведамлення аб пажары і, вядома ж, даведаліся, як ратаўнікі кіруюць такім вялікім аўтамабілем. Як працуе механізаваны інструмент, ажыццяўляецца падача вады з пажарнага ствала, ды і многае іншае садкоўцы пабачылі ў паказальным выступленні. На заканчэнне сустрэчы ўсе дзеці паабяцалі ратаўнікам не сваволіць з агнём, за што атрымалі маляўнічыя наклейкі.

На працягу трэцяга этапу самыя маленькія жыхары нашага раёна разам з ратаўнікамі ўдзельнічалі ў тэматычных гульнях, цікавых сустрэчах, замацоўвалі веды па пажарнай бяспецы, атрымлівалі прызы і пазітыўныя ўражанні.

Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *