Беларусы цэняць тое, што ў краіне ёсць магчымасць працаваць і зарабляць

Улада

Жыхары Беларусі цэняць тое, што ў краіне ёсць магчымасць працаваць і зарабляць, што выконваецца пастаўленая кіраўніком дзяржавы задача аб захаванні працоўных калектываў. Аб гэтым заявіла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік рэспубліканскага выбарчага штаба кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Мар’яна Шчоткіна, аналізуючы вынікі сустрэч давераных асоб з выбаршчыкамі.

«Давераныя асобы праводзяць сустрэчы ў першую чаргу на тых прадпрыемствах, дзе ёсць праблемы (у прыватнасці, з выплатай заработнай платы). Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі па месцы жыхарства, у ходзе якіх людзі таксама звяртаюцца з хвалюючымі пытаннямі. Іх можна падзяліць на два блокі. Першы датычыцца праблем мясцовага значэння: стану двароў і дарог, работы паліклінік, школ і г.д. у канкрэтным горадзе, раёне. Другі блок пытанняў — аб перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў цэлым. Людзей хвалююць пытанні пенсійнага ўзросту, падтрымкі моладзі і маладых сем’яў, змянення падатковай нагрузкі, будаўніцтва жылля, у тым ліку арэнднага. Даволі часта гучаць пытанні аб вектарах знешняй палітыкі, а таксама аб сітуацыі ва Украіне, — сказала Мар’яна Шчоткіна. — Так, многія цікавяцца пытаннямі аказання дапамогі тым, хто прыехаў у Беларусь з зоны канфлікту, людзі гатовы аказаць падтрымку пацярпелым і выказваюць удзячнасць дзеючаму кіраўніку дзяржавы за тое, што ў нашай краіне захоўваецца мір, спакой, парадак».

«Выбудавана дакладная сістэма работы штаба, — падкрэсліла яго кіраўнік. — Адна з задач — каардынацыя работы давераных асоб (іх 30). Створаны арганізацыйны алгарытм сустрэч з выбаршчыкамі на прадпрыемствах і па месцы жыхарства. Я пераканана ў тым, што ўсе жыхары рэспублікі павінны мець магчымасць ведаць палажэнні праграмы нашага кандыдата і разумець, у якім напрамку рухаецца краіна. Залы на сустрэчах з выбаршчыкамі літаральна перапоўнены — гэта сведчыць аб вялікім грамадскім інтарэсе да выбарчай кампаніі».

Паводле яе слоў, штодзень у штабе праводзіцца аналіз пытанняў, прапаноў, што паступілі, — з улікам гэтага арганізуецца далейшая агітацыйная работа. Асаблівы акцэнт зроблены на маніторынгу СМІ, да гэтай штодзённай работы падключаны актывісты БРСМ, Беларускага саюза жанчын і іншых грамадскіх аб’яднанняў. «У Мінску (вул. Фрунзэ, 5) адкрыта грамадская прыёмная нашага кандыдата на базе прыёмнай ГА «Белая Русь», у якой ёсць 20 філіялаў, — дадала Мар’яна Шчоткіна. — У кастрычніку ў штабе пачне працаваць гарачая лінія». Яна падкрэсліла, што агітацыйная работа ідзе кожны дзень з 8.00 да 22.00, давераныя асобы працуюць таксама на пікетах, у грамадскіх прыёмных.

«Напэўна, нам лягчэй, чым іншым штабам, паколькі нашага кандыдата добра ведаюць, яму давяраюць. Прыемна чуць словы падтрымкі, а таксама прапановы аб дапамозе ў рабоце выбарчага штаба. Напрыклад, сёння да нас звярнуўся мужчына: маўляў, я пенсіянер, вольнага часу шмат, ёсць асабісты аўтамабіль, гатовы дапамагчы. І такіх прыкладаў вельмі многа, некаторыя нават гатовы ўзяць водпуск, каб падключыцца да работы штаба», — сказала Мар’яна Шчоткіна.

Што датычыцца якіх-небудзь заўваг, скаргаў на ход выбарчай кампаніі, то такіх зваротаў у штаб не паступала, праінфармавала Мар’яна Шчоткіна. «Кожны кандыдат у Прэзідэнты, у падтрымку вылучэння якога сабрана больш як 100 тыс. подпісаў, дастойны павагі. Зарэгістраваны чатыры кандыдаты, ёсць у адкрытым доступе іх праграмы, штабы сфарміраваны і працуюць, даволі актыўна праводзіцца агітацыя. Выбарчы працэс ідзе цывілізавана. І нікому не трэба ствараць штучныя ачагі напружання, — лічыць яна. — Наш народ ніколі не быў пасіўным, інертным, і я думаю, што 11 кастрычніка людзі выкажуць сваю грамадзянскую пазіцыю, зрабіўшы выбар паміж кандыдатамі».

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *