ЦВК размясціў інфармацыю аб атрыманых і зрасходаваных сродках з фондаў патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты

Улада

Цэнтрвыбаркам Беларусі абнавіў звесткі аб агульнай суме сродкаў, якія паступілі ў выбарчыя фонды патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты. Размешчана таксама інфармацыя аб знятых з рахункаў і зрасходаваных грошах, паведамляе БЕЛТА.

Так, па стане на 19 жніўня, на рахунак Сяргея Калякіна паступіла амаль Br12,1 млн, з якіх зрасходавана больш як Br7,1 млн. У фінансавым фондзе Таццяны Караткевіч — Br12,3 млн (грошы з рахунку яна не знімала). Віктару Цярэшчанку ахвяравалі Br10,6 млн, з якіх патрачана на патрэбы выбарчай кампаніі каля Br9,5 млн. Сяргей Гайдукевіч папоўніў рахунак да Br12,6 млн (грошы не зрасходаваны). Яшчэ ў двух патэнцыяльных кандыдатаў, Жанны Раманоўскай і Мікалая Улаховіча, максімальная сума на рахунку складае Br144 тыс. і Br100 тыс. адпаведна. Прычым Жанна Раманоўская грошы зняла яшчэ ў пачатку выбарчай кампаніі.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам крыніцамі фарміравання асабістага фонду асобы, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты (кандыдата ў прэзідэнты), з’яўляюцца яе ўласныя грашовыя сродкі, прычым іх максімальны памер не можа перавышаць 9 тыс. базавых велічынь. Такім чынам, на сёння максімальны памер фонду складае Br1 млрд 620 млн (адна БВ цяпер складае Br180 тыс.). Акрамя таго, да крыніц адносяцца добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Рэспублікі Беларусь (памер кожнага з іх не можа перавышаць 20 БВ) і добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не больш як 50 БВ).

Не дапускаецца пералічэнне ў пазабюджэтны фонд бюджэтных сродкаў, а таксама грошай замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, асобамі без грамадзянства, арганізацыямі, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх з’яўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.

Сродкі фонду павінны быць выкарыстаны на аплату дадатковых расходаў, звязаных з правядзеннем выбараў кіраўніка дзяржавы. Гэта выраб інфармацыйных матэрыялаў аб кандыдатах на пасаду Прэзідэнта, плакатаў з датай выбараў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, а таксама на аплату іншых расходаў, непасрэдна звязаных з выбарчай кампаніяй.

Як паведамлялася, Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Тэрытарыяльныя камісіі завяршаюць прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп 21 жніўня ў 19.00.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *