Ініцыятыўныя групы трох патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты перасягнулі 100-тысячны рубеж

Улада

У Беларусі актыўна прадаўжаецца кампанія па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Нягледзячы на гарачыню, у сталіцы і рэгіёнах працуюць пікеты, а ў падпісных лістах паступова расце колькасць унікальных аўтографаў. Карэспандэнты БЕЛТА пацікавіліся, што цяпер могуць запісаць сабе у актыў патэнцыяльныя кандыдаты і іх ініцыятыўныя групы.

У лідарах ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі . Як паведаміў журналістам кіраўнік групы Міхаіл Орда, на сёння сабрана больш як 900 тыс. подпісаў грамадзян. «Па існуючай дынаміцы мы бачым, што да канца тыдня будзе сабрана больш як 1 млн подпісаў», — дадаў ён.

Алег Несцяркоў — кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі — паведаміў, што даныя па сабраных подпісах на 12 жніўня пакуль не абагульнены, але па стане на 11 жніўня сабрана 128 тыс. подпісаў. Цяпер прадаўжаецца ўнутраная праверка падпісных лістоў. Пасля гэтага іх здадуць у выбаркамы. «Але не знімаем пікеты і пакуль працуем», — адзначыў Алег Несцяркоў.

У штабе Сяргея Гайдукевіча паведамілі, што сабрана ўжо каля 120 тыс. подпісаў. Каманда патэнцыяльнага кандыдата плануе здаць усе дакументы 17-18 жніўня. Ідзе праверка падпісных лістоў. «Мы нават зробім копіі ўсіх падпісных лістоў, каб прадстаўнікі СМІ маглі з імі азнаёміцца пры неабходнасці», — адзначылі ў штабе прэтэндэнта ў кандыдаты.

Прадстаўнікі каманды Таццяны Караткевіч не сталі канкрэтызаваць, колькі подпісаў сабрана цяпер, але паабяцалі: «Зыходзячы з таго тэмпу збору подпісаў, які ў нас ужо ёсць, у пятніцу 14 жніўня будзе 100-тысячны подпіс».

Лідара Беларускай патрыятычнай партыі Мікалая Улаховіча сваімі подпісамі падтрымалі ўжо 79 тыс. грамадзян (колькасць прыводзіцца па стане на 10 жніўня). Аднак, кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата Міхаіл Образаў перакананы, што гэта не мяжа і запаветныя 100 тыс. не за гарамі. «Усё ідзе нармальна, па рабочым графіку», — заўважыў ён. Адзінае, што не садзейнічае збору подпісаў, дык гэта анамальна гарачае надвор’е. Магчыма, менавіта таму ініцыятыўнай групай было прынята рашэнне зрабіць стаўку менавіта на пакватэрны абход, абход інтэрнатаў і асабістую гутарку з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. «Да візіту членаў ініцыятыўнай групы людзі ставяцца спакойна, з разуменнем, — расказаў субяседнік. — Спачатку ўнікалі ў тэму, пыталі, хто такі (Мікалай Улаховіч. — Заўвага БЕЛТА) — усё ж новая асоба, а цяпер ужо ў курсе справы».

У ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Калякіна расказалі, што па стане на 10 жніўня сабрана больш як 62 тыс. подпісаў. «З-за гарачыні стала складаней збіраць подпісы: і людзей на вуліцах цяпер менш, і нашы актывісты стамляюцца — не пакінеш жа іх на цэлы дзень пад пякучым сонцам, і з кватэр людзі з’ехалі», — адзначыў кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерый Ухналёў. Аднак, паводле яго слоў, прагнозы ў членаў групы аптымістычныя.

Віктар Карнеенка, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі , паведаміў аб сабраных цяпер 50 тыс. подпісаў. Шанцы па зборы такой жа колькасці аўтографаў да 21 жніўня ён ацэньвае асцярожна — усё-такі да канца работы ініцыятыўных груп засталося крыху больш за тыдзень. «Лічу, наўрад ці паспеем», — сказаў Віктар Карнеенка. Аднак у бягучай выбарчай кампаніі, паводле яго слоў, галоўная мэта — нават не вылучэнне Анатоля Лябедзькі ў якасці кандыдата на пасаду Прэзідэнта, а магчымасць данесці народу альтэрнатыўную праграму развіцця дзяржавы. «У гэтым плане многае ўдалося», — заўважыў кіраўнік ініцыятыўнай групы.

Жанна Раманоўская пакуль не агучвае колькасць сабраных подпісаў, аднак прадаўжае актыўна праводзіць пікеты і пакватэрныя абходы. Паводле яе слоў, у час збору подпісаў людзі часта дзеляцца з ёй сваімі праблемамі і прапановамі. Актыўна звяртаюцца да яе і карыстальнікі ў сацсетках. «Каб дапамагчы людзям, я і хачу стаць прэзідэнтам. На меншай пасадзе гэта наўрад ці атрымаецца», — лічыць яна.

Такім чынам, можна зрабіць вывад, што хоць гарачыня і ўскладніла работу зборшчыкаў подпісаў, аднак выбарчы працэс не збаўляе абаротаў, а колькасць падпісных лістоў за патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты няўхільна расце.

Усяго Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы прадоўжыцца да 21 жніўня ўключна.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *