Экспарт рэзідэнтаў ПВТ у І паўгоддзі павялічыўся на 30 працэнтаў да $316,7 млн

Падзеі

Экспарт рэзідэнтаў беларускага Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) за студзень-чэрвень 2015 года склаў $316,7 млн, што на 30 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2014 года. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ПВТ.

За I паўгоддзе пры імпарце $1,7 млн чыстая валютная выручка ПВТ дасягнула $315 млн, што, паводле даных Нацыянальнага банка Беларусі, складае 26 працэнтаў ад сальда знешняга гандлю паслугамі ў плацежным балансе краіны. Доля экспарту ў агульным аб’ёме вытворчасці ПВТ склала 91 працэнт.

Паводле слоў дырэктара Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы, тэмпы росту ПВТ у І паўгоддзі значна перасягнулі прагноз, а аб’ём вытворчасці склаў Br5,2 трлн. Гэта прытым, што вядучыя сусветныя аналітычныя агенцтвы адзначаюць зніжэнне ў свеце расходаў на набыццё праграмнага забеспячэння. «Так, кампанія Gartner панізіла прагноз па глабальным ІТ-рынку, прадказваючы скарачэнне расходаў на набыццё карпаратыўнага праграмнага забеспячэння на 1,2 працэнта і ІТ-паслуг на 4,3 працэнта», — адзначыў кіраўнік ПВТ.

Паводле даных прэс-службы, цяпер заказчыкамі Парка высокіх тэхналогій з’яўляюцца кампаніі з 55 краін свету. «Рэзідэнты ПВТ паспяхова канкурыруюць на высокатэхналагічных рынках Паўночнай Амерыкі, Заходняй Еўропы і Паўднёва-Усходняй Азіі. Напрыклад, экспарт у Паўднёвую Карэю вырас у 10 разоў, у ЗША — у 1,4 раза. Такім чынам, доля экспарту Парка высокіх тэхналогій у ЗША ў 1,5 раза перавысіла экспарт усіх астатніх галін эканомікі Беларусі разам узятых», — канстатавалі спецыялісты.

Аб’ём укаранення распрацаванага ў ПВТ праграмнага забеспячэння ў прамысловых, дзяржаўных і навучальных арганізацыях рэспублікі ў студзені-чэрвені 2015 года склаў Br440,2 млрд і вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года на 27 працэнтаў.

Дэкрэт нумар 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій» быў падпісаны ў 2005 годзе, у 2006 годзе былі прыняты яго першыя чатыры рэзідэнты (ЗП «ЭПАМ Сістэмз», ПУП «Сакрамент ІТ», ІТ СТАА «Сістэмныя тэхналогіі», СП ЗАТ «НавучСофт»). Цяпер у ПВТ 144 рэзідэнты (за І паўгоддзе 2015 года было зарэгістравана 10 новых кампаній). На 1 студзеня 2015 года агульная колькасць работнікаў у парку перавышала 20 тыс. чалавек. Амаль 90 працэнтаў выпускаемага тут праграмнага забеспячэння экспартуецца — амаль 40 працэнтаў пастаўляецца ў ЗША і Канаду, 48 працэнтаў — у краіны Еўропы, 12 працэнтаў — у Расію і СНД.

Logo BelTA



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *