Здаровы я — здаровая краіна

Падзеі

Гэта выслоўе даўно стала дэвізам і назвай традыцыйнага раённага турысцкага злёту для працоўнай моладзі, які праходзіць ва ўрочышчы Рыбакі. Сёлета ён быў прымеркаваны да Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі. Удзел у спаборніцтвах прынялі 16 каманд, якія прадстаўлялі гаспадаркі, прадпрыемствы і арганізацыі Дзятлаўшчыны.

Мерапрыемства адкрыў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта І. Крахмальчык. Іван Іосіфавіч зазначыў, што рад бачыць на турыстычным злёце столькі ўдзельнікаў, але спадзяецца, што з кожным годам іх будзе ўсё больш і больш. Старшыня райвыканкама пажадаў моладзі спартыўных поспехаў, выдатнага адпачынку на ўлонні прыроды і новых знаёмстваў.

Права ўзняць сцяг было прадастаўлена капітану каманды мінулагодніх пераможцаў СВК «Граніт-Агра» Яўгену Дворыку. Яшчэ некалькі прадстаўнікоў гэтай каманды накіраваліся да помніка загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны салдатам, каб ускласці там кветкі.

Работнікі аддзела культуры і адпачынку «Дварэцкі дом культуры», якія забяспечвалі музычнае суправаджэнне турзлёту і былі вядучымі, павіншавалі прысутных з яшчэ адной значнай падзеяй сёлетняга года — 75-годдзем утварэння Дзятлаўскага раёна і заклікалі разам праспяваць песню пра горад Дзятлава.

Арганізацыйныя моманты сустрэчы патлумачыў галоўны суддзя спаборніцтваў Д. Ёда. Удзельнікам прапанавалі насычаную праграму, разлічаную на тры дні, дзе спартыўныя конкурсы чаргуюцца з творчымі. Ужо ў першы дзень турыстаў чакалі аматарскі валейбол, перацягванне каната і конкурс «Быт турыста».

Тым часам на паляне завяршалася «разгортванне» турысцкага гарадка. Кожная каманда старалася чым-небудзь здзівіць судзейскую калегію і рэалізаваць свае ідэі. Мінулагоднія лідары СВК «Граніт-Агра» на час турзлёту адкрылі начны клуб «Кактус» з танцпляцоўкай і імправізаваным барам. СВК «Хвінявічы», якім летась да лідарства не хапіла аднаго бала, пабудавалі з бярозавых бярвенняў кавярню «Бліндажок», такім чынам падкрэсліваючы свой баявы настрой на перамогу. Аператар ачысных збудаванняў РУП ЖКГ Яўген Лабарэвіч даставіў на пляцоўку свой рэтра-аўтамабіль ГАЗ, які члены каманды ўпрыгожылі рознымі наклейкамі. Дэбютанты турзлёту стараліся не саступаць пастаянным удзельнікам. Так, каманда Дзятлаўскага райаддзела міліцыі стылізавала сваю пляцоўку пад беларускую хатку, дзе пачэснае месца занялі вышываныя ручнікі, даматканыя радзюшкі, самавар і талерка з блінамі. Сцяг з брэндавым знакам ТАА «Ізакам» і агароджа з пластыкавых трубак сведчылі аб тым, дзе і з якімі матэрыяламі працуюць гаспадары суседняй ад праваахоўнікаў пляцоўкі.

Конкурс «Быт турыста» нікога не пакінуў раўнадушным. Ён сёлета папоўніўся новым заданнем — стварыць малыя архітэктурныя формы з бярвенняў. Бярвенні ва ўрочышча Рыбакі напярэдадні мерапрыемства прывезлі работнікі ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас», каб турысты змаглі сумясціць прыемнае з карысным: творча папрацаваць і добраўпарадкаваць пляцоўку, якая ўжо шмат гадоў сустракае ўдзельнікаў раённых і абласных спаборніцтваў. У гэтым конкурсе лідзіравала каманда жылкамунгаса з работай «Лодка». А дзякуючы намаганням каманды СВК «Хвінявічы», на турысцкай паляне вырасла сямейка грыбоў-столікаў. Праваахоўнікі яшчэ раз нагадалі ўдзельнікам сустрэчы аб правілах паводзінаў і законах, напісаўшы іх на берасцяной грамаце, якую прымацавалі да дрэва. Таксама яны выразалі з бярвенняў міліцэйскі жэзл і лаўку.

Праграма другога дня была яшчэ багацейшая на конкурсы. Ладзіліся гульня «Гарады», спаборніцтвы па падняцці гіры, падцягванні, дартс. Але найбольш складанай была паласа перашкодаў, якая ўключала ў сябе ўстаноўку палаткі, купіны, бервяно, буралом, маятнік, паралельныя вяроўкі, транспарціроўку пацярпелага, мышалоўку, гаць. З лепшым часам (7,39) і найменшай колькасцю штрафных ачкоў (5) яе ўдалося прайсці камандзе СВК «Хвінявічы». Без «штрафаў», але не так хутка (8,13) фінішавала каманда СВК «Жукоўшчына». Трэцімі на фініш прыйшлі праваахоўнікі, якія атрымалі 70 штрафных ачкоў і паказалі агульназаліковы час 9,15 хвіліны.

Завяршыўся другі дзень спаборніцтваў конкурсам «Песня ля вогнішча», умовы якога сёлета таксама змяніліся. Удзельнікі павінны былі выканаць дзве песні: на ваенную і турысцкую тэматыку. У музычным конкурсе вызначылася каманда аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. Праваахоўнікі пакарылі судзейскую калегію рэміксам на песню Мурата Тхагалегава «Калым» пад акампанемент гітары (Анатоль Андалюкевіч), ударных (Ігар Хітро), бразготак (Дзмітрый Абрамчык).

Трэці дзень турысцкага злёту ўключаў у сябе армрэслінг, падвядзенне вынікаў конкурсу турысцкіх газет, падвядзенне агульных вынікаў спаборніцтваў. Завяршылася мерапрыемства пастраеннем і ўручэннем узнагародаў пераможцам і моладзевым лідарам.

Падзячныя пісьмы старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта «За актыўную жыццёвую пазіцыю і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Дзятлаўскага раёна» атрымалі Яўген Дворык (СВК «Граніт-Агра»), Дзмітрый Басай (Дзятлаўская ЦРБ), Аксана Баброўнік (Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства), Тарас Орсік (СШ №3 горада Дзятлава), Аляксандра Гліністая (ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас»).

Бясспрэчным пераможцам сёлетняга турзлёту стала каманда СВК «Хвінявічы», якая атрымала пераходны кубак спаборніцтваў. На другім месцы трывала замацаваліся дэбютанты — каманда аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, якая лідзіравала ў сямі конкурсах. На трэцюю пазіцыю выйшла каманда Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Чацвёртымі сёлета пасля шэрагу мінулагодніх перамогаў сталі гранітаўцы. Каманды раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, Наваельнянскага КХП, ТАА «Ізакам», СВК «Жукоўшчына», СВК «Дварэц-Агра», АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод», ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас», камбіната бытавога абслугоўвання, ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», СВК «Русь-Агра», МПМК-147, Дзятлаўскага філіяла ААБ «Белаграпрамбанк» занялі з 5 па 16 месца адпаведна. Усе пераможцы конкурсаў атрымалі граматы і прызы.

І. КАЎКЕЛЬ

Фота П. АДАМЧУКА, Н. АВЯРЧУК, І. ГАЛОМЗІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *