Ярмошына: «Пяць патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі адкрылі асабістыя фінансавыя фонды»

Улада

Пяць патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі адкрылі асабістыя фінансавыя фонды. Аб гэтым 30 ліпеня ў эфіры «Панарамы» на тэлеканале «Беларусь 1» заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Вельмі прыемна, што тыя, хто вылучаецца, скарысталіся гэтым новаўвядзеннем, — магчымасцю адкрыць свой асабісты фінансавы фонд для збору ахвяраванняў з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, таму што яно з’явілася толькі тры гады таму, — сказала Лідзія Ярмошына. — Пяць чалавек адкрылі гэтыя рахункі. Спадзяюся, што выбаршчыкі падтрымаюць патэнцыяльных кандыдатаў, па магчымасці дапамогуць грашамі».

Як было заяўлена са спасылкай на кіраўніка ЦВК, у цэлым выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць спакойна. У Цэнтральную камісію не паступала ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Не паступалі яны і ў праваахоўныя органы. «Як адзначыла кіраўнік ЦВК, гэта сведчыць аб тым, што мясцовыя ўлады прынялі ўсе неабходныя меры, каб работа па зборы подпісаў праходзіла ў максімальна ліберальных умовах», — падкрэслілі ў эфіры навін тэлеканала.

Як паведамлялася, Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *