Сто трыццаць дзевяць гадоў агульнага стажу — гэта яшчэ не фінал!

Падзеі

Сёлета ў красавіку ў Гродне прайшоў рэспубліканскі метадычны фестываль педагагічных ідэяў для маладых настаўнікаў «Прызванне — педагог», у якім удзельнічалі і прафесіяналы педагагічнай справы: прадстаўнікі настаўніцкіх дынастый, удзельнікі конкурсу прафмайстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», члены рэспубліканскага клуба «Хрустальны журавель». У межах фестывалю працавалі секцыі па актуальных накірунках адукацыйнай дзейнасці, было арганізавана ток-шоу «Прызванне — педагог» з удзелам настаўніцкіх дынастый, ладзіліся майстар-класы і адкрытыя ўрокі. Мерапрыемства было скіравана на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, перадачу лепшага педагагічнага вопыту маладым настаўнікам. Сярод дэлегатаў фестывалю была наша зямлячка, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава Алена Уладзіміраўна Мацюкевіч.

— Я не малады спецыяліст, але мерапрыемства мне спадабалася, многаму навучыла. Тут былі дэлегаты з усіх абласцей нашай краіны, некалькі сямейных дынастый педагогаў. Я наведала майстар-класы «жураўлікаў» — членаў клуба «Хрустальны журавель», пабыла на уроку ў незнаёмым класе, які праводзіла наша зямлячка Інэса Зубрыліна. Цяпер яна выкладае замежную мову ў адной з мінскіх гімназій, з’яўляецца старшым выкладчыкам кафедры паслядыпломнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Нікога не пакінулі раўнадушным інтэрактыўныя перапынкі, у час якіх нас запрашалі да выпуску насценнай газеты, вырабу паштовак для ветэранаў, выканання песень. Цікава праходзіла прэзентацыя вопыту педагагічных дынастый — людзей, якія «захварэлі» настаўніцкай справай і змаглі прывіць любоў да яе сваім дзецям і ўнукам.

 

Дарэчы, Алена Уладзіміраўна Мацюкевіч і сама прадстаўніца адной з такіх дынастый, агульны педагагічны стаж якой складае ўжо сто трыццаць чатыры гады. І гэта яшчэ не фінал, бо бацькі, сястра і сама Алена Уладзіміраўна прадаўжаюць працаваць ва ўстановах адукацыі.

Першым на настаўніцкую дарогу ступіў дзядуля Алены Уладзіміраўны — Мікалай Цітавіч Любах , ураджэнец вёскі Забалоцце Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Нарадзіўся ён у 1934 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў родных: матулю, трох братоў і сястрычку спалілі фашысцкія карнікі разам са многімі жыхарамі вёскі. Сам Мікалай Цітавіч з-за жахаў вайны дзяцінства амаль не бачыў, рана стаў дарослым. Магчыма таму ён марыў стаць настаўнікам, дарыць радасць ад мірнага жыцця і цяпло свайго сэрца дзецям. Скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, завочнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, выкладаў матэматыку ў Слаўкавіцкай сярэдняй школе Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Пазней Мікалай Цітавіч перавёўся ў родную Забалоцкую школу, дзе прайшоў шлях ад настаўніка і завуча да дырэктара ўстановы. Памёр ён на 59-ым годзе жыцця, маючы за плячамі 38 гадоў настаўніцтва.

Дачка Мікалая Цітавіча Любаха — Ганна Мікалаеўна (цяпер — Лішык) з дзяцінства марыла прадоўжыць справу бацькоў (матуля таксама была педагогам) і не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі. Пасля заканчэння школы яна адпрацавала год піянерважатай, а ў 1976 годзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў. У 1981-ым атрымала дыплом настаўніцы англійскай і нямецкай моваў, па размеркаванні была накіравана на Дзятлаўшчыну, дзе трапіла ў калектыў сярэдняй школы №1. Калі ў Дзятлаве пабудавалі СШ №3, Ганна Мікалаеўна разам з некаторымі сваімі калегамі-настаўнікамі перавялася ў гэтую навучальную ўстанову, дзе і працуе на працягу 26 гадоў. Агульны педагагічны стаж Ганны Мікалаеўны Лішык ужо перасягнуў бацькоўскі і складае 39 гадоў.

Муж настаўніцы — Уладзімір Анатольевіч Лішык родам з Дзятлаўшчыны, вёскі Драбавічы. Ён скончыў Казлоўшчынскую СШ, працаваў трактарыстам у калгасе «Слава працы», затым паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, атрымаў «чырвоны» дыплом «інжынера-механіка». Пасля пераезду ў Дзятлава пачаў працаваць выкладчыкам вучэбна-вытворчага камбіната, паспяхова скончыў Мозырскі педінстытут (факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі), што дазволіла выкладаць фізіку, чарчэнне, працоўнае навучанне ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава. Сёння педагагічны стаж Уладзіміра Анатольевіча таксама складае 30 гадоў.

Дзве дачкі Лішыкаў не сталі здраджваць сямейнай традыцыі і таксама працуюць педагогамі. Старэйшая — Алена Уладзіміраўна Мацюкевіч — скончыла на выдатна факультэт пачатковай адукацыі  Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. З 1996 па 2012 гады працавала настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, але аднойчы вырашыла памяняць што-небудзь у жыцці, па-ранейшаму не здраджваючы прафесіі. Паколькі выдатна ведала англійскую мову, паступіла ў акадэмію паслядыпломнай адукацыі на спецыяльнасць «замежная мова». Пасля заканчэння вучобы працягвае педагагічную дзейнасць па новай спецыяльнасці ў сярэдняй школе №3 горада Дзятлава. Цяпер яна — класны кіраўнік і настаўнік англійскай мовы ў сваёй малодшай дачкі Кацярыны.

Другая дачка Лішыкаў — Тамара Уладзіміраўна Марцінкевіч заўсёды была актыўнай, захаплялася спортам. Яе выбар прафесіі быў зроблены на карысць спецыяльнасці «выхавальнік-метадыст, педагог-арганізатар фізічнага выхавання», якую Тамара атрымала ў Мінскім педагагічным ўніверсітэце імя М. Танка. Пасля заканчэння ВНУ чатыры гады яна адпрацавала настаўніцай фізкультуры ў адной з мінскіх школ, а цяпер працуе трэнерам па плаванні ў яслях-садзе №281 горада Мінска.

Калі вялікая і дружная сям’я Лішыкаў збіраецца разам, размова абавязкова закране акалічнасці педагагічнай справы, цікавыя здарэнні і сітуацыі ў школе, бо больш за палову іх жыцця праходзіць у сценах установаў адукацыі побач з дзецьмі. Дома цэнтрам увагі з’яўляюцца ўнукі — будучыня сям’і. Іх у Лішыкаў трое: васьмікласніца Яўгенія і шасцікласніца Кацярына Мацюкевічы, а таксама пяцігадовы Макар Марцінкевіч. Дарослыя сочаць за іх поспехамі, радуюцца маленькім перамогам. Дарэчы, старэйшай Яўгеніі ўжо ёсць чым ганарыцца: сёлета яна заняла першае месца на раённай алімпіядзе па англійскай мове. На жаль, васьмікласнікі не ўдзельнічаюць у абласным і рэспубліканскім этапах прадметнай алімпіяды, але Жэня спадзяецца на добрыя вынікі і ў наступным годзе. Варта зазначыць, што культ замежнай мовы даўно пануе ў сям’і Лішыкаў-Мацюкевічаў, бо і бабуля, і матуля могуць свабодна размаўляць з дзецьмі па-англійску.

Настаўнікі педагагічнай дынастыі Лішыкаў цвёрда ўпэўнены, што школа — гэта месца, дзе застаешся вечна маладым душой, бо дзеці пастаянна прымушаюць развівацца, чытаць, удасканальваць веды, адшукваць новае і сачыць за знешнім выглядам. Работа педагога сумнай не бывае, бо гэта не толькі цікавыя ўрокі, але і паходы, экскурсіі, паездкі, карысныя калектыўная справы, школьныя вечары і шматлікія конкурсы розных узроўняў. Тут галоўнае — быць актыўным, ініцыятыўным, творчым, каб прывіць гэтыя якасці характару сваім вучням.

І. КАЎКЕЛЬ

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *