Прадоўжыў сямейную дынастыю

Падзеі

Уладзімір Уладзіміравіч Баковіч належыць да ліку ветэранаў  пажарнай службы Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

За гады працы Уладзімір Баковіч неаднаразова быў прадстаўлены да ўзнагародаў. У ліку іх медалі «За бездакорную службу», нагрудны знак «За службу»,  шэраг граматаў. Аднак для былога інспектара пажарнага нагляду  галоўным з’яўлялася плённа несці варту па  ахове бяспекі людзей.

У пажарную службу  Уладзімір Баковіч прыйшоў невыпадкова. З гэтай прафесіяй ён быў знаёмы з самага дзяцінства: начальнікам пажарнай часці ў Дзятлаве працаваў яго дзядька, а бацька быў камандзірам аддзялення. Такім чынам, Уладзімір прадоўжыў сямейную справу.

Прыйшоў ён у пажарную службу ў 1983 годзе, пасля арміі. Яе Уладзімір Баковіч праходзіў у Забайкалі, горадзе Чыта.

Ва ўзросце дваццаці двух гадоў заступіў на пасаду інспектара пажарнага дзяржаўнага нагляду. У васьмідзясятыя гады яна ўваходзіла яшчэ ў склад раённага аддзела ўнутраных спраў. Тады ў інспекцыі працавалі толькі тры чалавекі. Яе ўзначальваў Анатоль Сямёнавіч Урублеўскі. Пазней на гэтую пасаду быў прызначаны  Сяргей Уладзіміравіч Малышчык.

Паслужны спіс Уладзіміра Баковіча даволі вялікі. Ён працаваў інспектарам, старшым інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду, а таксама намеснікам начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

З цягам часу пажарная служба стала асобнай структурай, пашырыўся і кадравы склад інспекцыі. Сюды прыйшла маладая змена — Сяргей Саламевіч, Уладзімір Кажала, Сяргей Казак. Усе яны, адзначае Уладзімір Уладзіміравіч,  зарэкамендавалі сябе як адданыя службе людзі, прафесіяналы, з якімі прыемна было працаваць. Менавіта з гэтых людзей варта браць прыклад маладым спецыялістам пажарнай службы.

Пяты год Уладзімір Уладзіміравіч  на заслужаным адпачынку. Аднак часу для суму няма.

Photo 013

Як  чалавек з адкрытай душой, Уладзімір Уладзіміравіч любіць сустракацца з сябрамі, былымі калегамі па службе. Захапляецца рыбалкай і паляваннем. Займаецца гаспадарчымі клопатамі на прысядзібным участку, а таксама на дачы. Акрамя гэтага,  працягвае працаваць — матросам-ратаўніком на Дзятлаўскім ратавальным пасту.

19 студзеня і 25 ліпеня па-ранейшаму  застаюцца для Уладзіміра Уладзіміравіча  прафесійнымі святамі. Віншуюць сябры, былыя калегі. Ну, і вядома — сям’я. Гэта жонка,сын,  дачка, унучка. Дарэчы, у гэтым годзе сям’і Баковічаў споўнілася ўжо трыццаць гадоў.

Такога ж сямейнага даўгалецця, а таксама сямейнага шчасця і дабрабыту ветэран пажарнай службы  зычыць усім ратаўнікам з нагоды прафесійнага свята, а таксама аддана служыць дзеля бяспекі людзей, любіць сваю справу.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *