На АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» пабудавалі новы склад

Падзеі

На Дзятлаўскім вінна-гарэлачным заводзе ўведзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін гаспадарчы аб’ект — новы складскі будынак. З гэтай нагоды на прадпрыемстве сустракалі гасцей, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці. Дзятлаўшчыну наведалі выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара УП «Гроднахарчпрам» І. Б. Марцінеўскі, калегі па галіне з Навагрудка і Слоніма, а таксама дырэктары Боркаўскага, Рагознінскага, Гальшанскага крухмальных заводаў. Сярод гасцей былі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, і тыя, хто дапамагаў у будаўніцтве — генеральны падрадчык ТАА «Полымя», Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

 

Першым прысутных павітаў дырэктар АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» В. Я. Гузень:

— Сёння ў нас значная падзея — адкрываем новы склад. Мы даўно бачылі, якія праблемы існуюць на рынку і чаго не хапае нашаму заводу. Мяне, як кіраўніка, хвалявала думка аб пашырэнні складскіх памяшканняў, паляпшэнні ўмоваў захоўвання прадукцыі і ўмоваў працы людзей. Сёлета выдалася магчымасць рэалізаваць задумкі. Цяпер будаўніцтва завершана — запускаем аб’ект у эксплуатацыю.

 

Асвяціць новы будынак запрасілі настаяцеля храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына айца Георгія Ярмоліча.

Старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта І. І. Крахмальчык зазначыў, што 2015 год багаты на падзеі для нашай краіны і Дзятлаўшчыны ў прыватнасці. Радуе, што менавіта сёлета ўдалося адкыць на АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» такі важны аб’ект, як склад для гатовай прадукцыі. Іван Іосіфавіч пажадаў работнікам прадпрыемства, каб іх праца была выніковай. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што сёння для вытворцаў важна не проста выпусціць прадукцыю, але і выгадна яе рэалізаваць, накіраваць на экспарт, бо краіне патрэбна зарабляць валюту для закупу энерганосьбітаў.

 

Іван Іосіфавіч зазначыў, што тыя прадпрыемствы, якія мадэрнізуюцца ў такі нялёгкі для эканомікі час, укладваюць сродкі ў будаўніцтва новых аб’ектаў, — маюць будучыню. Прадпрыемства павінна развівацца, выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая карыстаецца попытам на рынку. Марка «Алгонь» ужо вядомая не толькі на Гродзеншчыне, але і ў астатніх абласцях нашай краіны, а прадукцыя завода разнастайная. Старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што ў недалёкай будучыні АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» знойдзе новых гандлёвых партнёраў за мяжой і зможа ў большых аб’ёмах рэалізоўваць выпускаемую прадукцю.

Напрыканцы свайго выступлення Іван Іосіфавіч падзякаваў кіраўніку прадпрыемства Валерыю Яўгенавічу Гузеню за правільны падыход у будаўніцтве новага аб’екта: тут актыўна выкарыстоўваўся гаспадарчы метад работ, які патрабуе вялікіх працазатратаў, але значна зніжае кошт будаўніцтва, а гэта, па словах старшыні райвыканкама, важкі ўклад у агульную скарбонку раёна. І. І. Крахмальчык пажадаў аб’яднанаму прадпрыемству АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» і надалей паспяхова развівацца і мацнець. Таксама ён падзякаваў генеральнаму падрадчыку ТАА «Полымя» за сціслыя тэрміны будаўніцтва, якасць выкананых работ, адказныя адносіны да справы.

Выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара УП «Гроднахарчпрам» І. Б. Марцінеўскі зазначыў, што будаўніцтва склада для гатовай прадукцыі было неабходна, бо на АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» растуць аб’ёмы вытворчасці. Іван Браніслававіч парадаваўся, што ўзведзены зручны сучасны будынак, але пажадаў, каб прадукцыя завода доўга тут не застойвалася.

 

Традыцыйную чырвоную стужку ля ўвахода ў новы склад перарэзалі выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара УП «Гроднахарчпрам» І. Б. Марцінеўскі, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчык, дырэктар АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» В. Я. Гузень.

 

 

Пасля афіцыйнай часткі кіраўнік прадпрыемства запрасіў гасцей на невялікую экскурсію па новым будынку, у час якой падрабязна расказаў аб гісторыі будаўніцтва, паказаў слайд-шоу, як усё адбывалася.

— Пачыналі з выбару месца пад будучы склад. Мы былі абмежаваны па тэрыторыі. На гэтым месцы знаходзілася пустка, зарослая бур’яном, але вочы баяцца, а рукі робяць. Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм выдзеліла нам у арэнду неабходную тэхніку, што значна знізіла кошт работ па пракладцы зручнага пад’езда, распрацоўцы пляцоўкі. Падмурак узводзілі на сваях, што даволі надзейна і паскарае тэмпы работ. Аркі выгіналі самі з ацынкаванага металу. На каркас патрацілі каля 1 мільярда 360 мільёнаў рублёў. Сцены ўцяплілі. У цэлым будаўніцтва і закуп абсталявання для склада каштавалі нам каля трох мільярдаў рублёў.

За кароткі тэрмін завод змог пабудаваць новы сучасны аб’ект. За гэты час наш калектыў упэўніўся, што мы здольны не толькі марыць, але і вынікова працаваць. Склад для прадукцыі ўзводзілі не за крэдытныя рэсурсы, а за кошт абаротных сродкаў. Пры сённяшняй дарагавізне крэдытаў гэта вельмі важна.

Новы склад аснасцілі адразу некалькімі відамі тэхнікі для пагрузкі-выгрузкі: транспарцёрам на тры секцыі; карай, якая возіць паддоны і ставіць іх на стэлажы; штабялёрам з акумулятарам, які зараджаецца ад звычайнай сеткі.

За кошт намаганняў і плённай працы ўсіх службаў і цэхаў прадпрыемства мы здолелі пабудаваць новы аб’ект, і я вельмі ўдзячны калектыву. Хачу асобна падзякаваць службам, якія ўнеслі значны працоўны ўклад ва ўзвядзенне склада: інжынернай на чале з В. Р. Шапуркам, энергетычнай на чале з Г. А. Якубовічам, механічнай на чале з Ю. У. Ляждзеем, а таксама будаўнікам.

І. КАЎКЕЛЬ

Фота П. АДАМЧУКА 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *