Лазавік: «Вайны лістовак» у гэтай выбарчай кампаніі не будзе

Улада

Адыход ад бюджэтнага фінансавання ў агітацыйнай кампаніі, абумоўлены змяненнямі ў выбарчым заканадаўстве, прадаставіў кандыдатам больш шырокае поле для дзейнасці. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, які правёў семінар-вучобу з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў сакратара ЦВК, у папярэднія выбарчыя кампаніі назіралася пэўная «вайна лістовак», калі агітацыйныя матэрыялы аднаго кандыдата размяшчаліся паверх, а іншым разам і замест агітак канкурэнта. У выбаршчыкаў нават не было выразнага ўяўлення аб кандыдатах. Цяпер адна такая лістоўка з ілюстраваным матэрыялам аб усіх кандыдатах на пасаду кіраўніка дзяржавы будзе выраблена цэнтралізавана і праз аддзяленні сувязі паступіць у паштовыя скрыні кожнай сям’і. «Гэта ў першую чаргу аблегчыць агітацыйную работу саміх кандыдатаў, з іншага боку — павысіць інфармаванасць выбаршчыкаў», — адзначыў Мікалай Лазавік.

Акрамя таго, прэтэндэнтам у кандыдаты дадзена права сфарміраваць свой асабісты выбарчы фонд, за кошт якога ён можа вырабіць дадатковы агітацыйны матэрыял, аплаціць выступленне ў СМІ, арэнду памяшкання для сустрэч з выбаршчыкамі і нават работу свайго перадвыбарнага штаба. «Подпісы збіраць вельмі нялёгка. Гэта вялікая работа. І, напэўна, правільна, калі гэта работа будзе аплачвацца. Сёння на законных падставах кожны патэнцыяльны кандыдат можа прафінансаваць работу членаў свайго перадвыбарнага штаба», — паведаміў сакратар ЦВК.

Істотныя змяненні ў Выбарчым кодэксе сталі прадметам размовы ў час сённяшняга семінара-вучобы ў Брэсце. Членаў тэрытарыяльных камісій чакае вялікая работа — як з патэнцыяльнымі кандыдатамі, так і з участковымі выбарчымі камісіямі. «Такія семінары неабходны для таго, каб акцэнтаваць увагу ўдзельнікаў на новаўвядзенні, якія будуць прыменены ў час гэтай выбарчай кампаніі і, зразумела, выкарыстаць той добры багаты вопыт, які набыты, у тым ліку і ў Брэсцкай вобласці», — сказаў Мікалай Лазавік.

Ён паведаміў, што следам за Гроднам і Брэстам такія сустрэчы з кіраўнікамі тэрытарыяльных выбаркамаў адбудуцца ў Віцебску. У сваю чаргу старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына правядзе навучальныя семінары ў Мінску, Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

У Брэсцкай вобласці ўтворана 21 тэрытарыяльная выбарчая камісія па выбарах Прэзідэнта, у склад якіх увайшлі 255 чалавек (усяго было пададзена 388 заяў). Больш як палавіна складу выбаркамаў (55,3 працэнта, або 141 чалавек) сфарміраваны за кошт прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *