Бабуля Аляксандра

Падзеі

Аляксандры Аляксандраўне Варонка, жыхарцы вёскі Бярозаўка, — 95 гадоў. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, яна па-ранейшаму застаецца актыўнай гаспадыняй. Трымае курэй, сама даглядае агарод. А ў момант нашага прыезду жанчына збірала шчаўе. «Збіраю шчавельчык, каб пасля ўнучка змагла прыгатаваць  халаднік» — патлумачыла бабуля Аляксандра.

Усё жыццё яна была нястомнай працаўніцай. Рана застаўшыся без мужа, яна тым не менш працягвала  трымаць вялікую гаспадарку, разводзіла пчолаў, працавала ў калгасе. Была і добрай рукадзельніцай.

Лёс выбраў  для бабулі Аляксандры нялёгкую дарогу. Мама памерла, калі Аляксандры  было дзевяць гадоў, а малодшаму брату не споўнілася і двух. Клопат пра дзяцей узялі на сябе іх бабулі, цётка, а таксама хросная  маці Аляксандры — Вольга. У іх дзяўчынка і навучылася весці хатнюю гаспадарку, а таксама прасці, ткаць, вязаць. А вось агульную адукацыю дзяўчынка атрымала ў чатырохгадовай школе.

 

Дарэчы, гэта неяк здзівіла міліцыянера ў Маскве, куды Аляксандра Аляксандраўна павезла прадаваць яблыкі. Правяраючы дакументы , ён, гледзячы на жанчыну, спытаў: «Колькі класаў ты закончыла?». Пачуўшы ў адказ, што чатыры,  недаверліва перапытаў. А пасля сказаў : «Дзе твая вёска, а дзе Масква. Як ты змагла даехаць сюды, маючы за плячыма толькі чатыры класы адукацыі?.»

Яшчэ і сёння каля дома Аляксандры Аляксандраўны растуць яблыні — усяго толькі трэцяя частка некалі вялікага саду, у якім было пяцьдзясят дрэваў сорту ранет.

Сёння Аляксандраўна Аляксандраўна жыве разам з унукам. Часта прыязджае і жонка старэйшага унука — Ала, якую Аляксандра Аляксандраўна ласкава называе ўнучкай.

Яна, у сваю чаргу расказваючы пра бабулю Аляксандру адзначае, што без працы жанчына не ўяўляе ніводнага дня.

Прачынаецца рана, корміць курэй, завіхаецца на агародзе. А вось тэлевізар не глядзіць.

Магчыма, у працы і заключаны сакрэт даўгалецця бабулі Аляксандры. Як і ўвогуле, людзей старэйшага пакалення, якія, нягледзячы на сталыя гады, не прывыклі сядзець без справы.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *