Зрабі свой выбар!

Падзеі

Раённы марафон «Зрабі свой выбар» па правядзенні сустрэчаў дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў з моладдзю стартаваў на Дзятлаўшчыне. Арганізатары мерапрыемства — раённы Савет дэпутатаў, раённы камітэт ГА «БРСМ», аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама — спадзяюцца на адкрыты дыялог з моладдзю. На працягу марафона рабочая група наведае ўсе сельскія саветы раёна, правядзе тлумачальную работу па пытаннях дзяржаўнай моладзевай палітыкі, стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і Дзятлаўскага раёна ў прыватнасці. Чакаецца, што такія сустрэчы паспрыяюць актывізацыі моладзевых ініцыятываў, заахвоцяць моладзь да розных відаў сацыяльна-значнай дзейнасці і актыўнага ўдзелу ў перадвыбарчай і выбарчай кампаніі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе.

Карэспандэнтка газеты прыняла ўдзел у сустрэчы моладзі са старшынёй раённага Савета Дэпутатаў А. С. Бараноўскім у аграгарадку Данілавічы. У склад рабочай групы таксама ўваходзілі першы сакратар РК ГА «БРСМ» Анастасія Чурай, інструктар па падпісцы Дзятлаўскага аддзялення РУП «Белпошта» В. Л. Радзюк. Гасцей сустракалі старшыня Данілавіцкага сельскага Савета Г. М. Жых, старшыня СВК «Граніт-Агра» С. С. Мазур, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Л. І. Мядзведзь, дырэктар Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы С. А. Гузоўскі.

Аб рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Дзятлаўскім раёне расказала першы сакратар РК ГА «БРСМ» Анастасія Чурай. Яна зазначыла, што асноўнымі накірункамі ў рабоце з моладдзю Дзятлаўшчыны з’яўляюцца: прафілактыка злачынстваў і супрацьпраўных паводзінаў, мерапрыемствы, скіраваныя на замацаванне маладых спецыялістаў у раёне, фарміраванне здаровага ладу жыцця, прапаганда сямейных каштоўнасцяў і павышэння нараджальнасці, працоўная занятасць моладзі, у тым ліку студэнтаў і навучэнцаў у час летніх канікулаў.

Анастасія Чурай заклікала мясцовую моладзь да далейшага актыўнага ўдзелу ў раённых конкурсах і мерапрыемствах. Варта зазначыць, што гранітаўцы ўжо некалькі гадоў запар з’яўляюцца пераможцамі штогадовага раённага моладзевага турзлёту, моладзевых спаборніцтваў на жніве. І гэта далёка не ўсе іх дасягненні: інжынер-энергетык гаспадаркі Мікалай Райко сёлета стаў абласным фіналістам рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», другое месца на раённым этапе абласнога конкурсу «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя» заняў галоўны заатэхнік сельгаскааператыву Яўген Дворык.

Старшыня Данілавіцкага сельскага Савета Г. М. Жых расказала аб жыцці сельскага савета, назвала некаторыя лічбы, сярод якіх была нараджальнасць. Так, у 2014 годзе тут нарадзіліся 20 дзетак, а з пачатку сёлетняга года зарэгістраваны ўжо 12 немаўлятак. Ганна Мікалаеўна зазначыла, што на тэрыторыі сельскага савета, на жаль, ёсць 10 выміраючых вёсак, дзе жывуць менш за 10 жыхароў, але ёсць і населеныя пункты, якія аблюбавала моладзь і набывае тут нежылыя хаты пад дачы. Гэта Яцукі, Клішавічы, Барышына.

Ганна Мікалаеўна задала першаму сакратару РК ГА «БРСМ» адно з набалелых пытанняў: «Ці можа раённая арганізацыя дапамагчы сельскаму савету вырашыць пытанні працаўладкавання маладых людзей, якія не жадаюць працаваць?»

Анастасія Чурай адказала, што раённы камітэт можа прапанаваць непрацаўладкаванай моладзі шэраг вакансій, у тым ліку за межамі раёна і Рэспублікі Беларусь, няхай звяртаюцца. А падштурхнуць безпрацоўных да актыўных дзеянняў у гэтым накірунку можа нядаўна прыняты закон «аб тунеядцах».

Інструктар па падпісцы Дзятлаўскага аддзялення РУП «Белпошта» В. Л. Радзюк азнаёміла прысутных з папулярнай перыёдыкай і заклікала аформіць падпіску.

Старшыня СВК «Граніт-Агра» С. С. Мазур зазначыў, што ў гаспадарцы працуе таленавітая, працавітая, актыўная моладзь, якая штогод дасягае высокіх паказчыкаў, а кіраўніцтва заўжды ідзе ёй насустрач у сацыяльных і арганізацыйных пытаннях, падтрымлівае матэрыяльна. У час сустрэчы старшыня павіншаваў з прызавым месцам на раённым этапе конкурсу «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя» Яўгена Дворыка, уручыў яму грашовую прэмію. Сярод пытанняў, якія хвалююць кіраўніцтва гаспадаркі, Станіслаў Станіслававіч назваў нежаданне мясцовых выпускнікоў звяртацца па мэтавымя накіраванні для паступлення. Пазней многія студэнты-старшакурснікі шкадуюць аб гэтым, калі хочуць вярнуцца працаваць у родныя мясціны, а па накіраванні трапляюць у іншыя рэгіёны Беларусі. Старшыня гаспадаркі агучыў яшчэ адну праблем: у Данілавічах няма свайго клуба, дзе магла б збірацца моладзь у вольны час.

Л. І. Мядзведзь, намеснік старшыні СВК «Граніт-Агра» па ідэалагічнай рабоце, пацвердзіла, што кіраўніцтва гаспадаркі заўжды падтрымлівае моладзь, дапамагае наладзіць жыццё на новым месцы, многія пасады галоўных спецыялістаў у гаспадарцы займаюць маладыя. Дзякуючы старшыні, нават у самы напружаны летні час у работнікаў СВК «Граніт-Агра» ёсць пастаянны выхадны — нядзеля. Людміла Іванаўна звярнулася да выпускнікоў з заклікам браць мэтавыя накіраванні, вяртацца працаваць у родныя мясціны.

Напрыканцы мерапрыемства А. С. Бараноўскі зазначыў, што падобныя сустрэчы патрэбныя, бо дапамагаюць даведацца аб праблемах моладзі ў раёне. Аляксандр Станіслававіч сказаў, што мясцовым маладым людзям пашанцавала з кіраўніком, бо ён не толькі кіраўнік гаспадаркі, а і дэпутат трох узроўняў — сельскага, раённага, абласнога Саветаў дэпутатаў — абараняе правы і інтарэсы грамадзян на ўсіх гэтых ўзроўнях. Па пытаннях працаўладкавання, прадастаўлення жылля, з іншымі праблемамі можна звяртацца да Станіслава Станіслававіча Мазура.

Аляксандр Станіслававіч нагадаў моладзі аб важных падзеях, якіх чакаем сёлета, абласных «Дажынках» у Дзятлаве, выбарах Прэзідэнта, папрасіў быць актыўнымі. Спыніўся дэпутат і на праблеме здаровага ладу жыцця, расказаў аб няшчасных выпадках з-за ўжывання спайсаў. На шчасце, бяда пакуль мінае наш раён, але варта быць інфармаванымі. Напрыканцы выступлення Аляксандр Станіслававіч выказаў спадзяванні на зваротную сувязь, папрасіў маладых людзей быць больш ініцыятыўнымі, паабяцаў падтрымку з боку раённага Савета дэпутатаў.

І. КАЎКЕЛЬ 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *