Славяць Перамогу ветэраны

Падзеі

Юбілейную 70-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзе Вялікай Перамогі народны хор “Ветэраны ў страі” сустрэў надзвычай актыўна. Калектыў, які налічвае сёння 25 удзельнікаў, паспеў за гэты час адзначыць юбілей існавання, абнавіць рэпертуар, стаць прызёрам конкурсу і нават пашыць новыя канцэртныя строі, набылі новыя інструменты. Падрабязней пра жыццё і планы “Ветэранаў у страі” карэспандэнтка газеты “Перамога” даведалася ў кіраўніка хора Таццяны Шостка.

Шостка

— Таццяна Віктараўна, што новага ў жыцці вашага калектыву адбылося ў юбілейныя гады вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі?

— Па-першае, летась мы адзначылі юбілей існавання калектыву – трыццацігоддзе. Неаднаразова ўдзельнічалі ў канцэртных праграмах (да Дня Перамогі, Дня незалежнасці), ладзілі сольныя выступленні (з нагоды свята Кастрычніцкай рэвалюцыі). Ветэраны працы асабістым прыкладам паказвалі моладзі, як яны жывуць, як спяваюць, натхнялі падрастаючае пакаленне. Акрамя таго, мы штогод удзельнічаем у песенным фестывалі “Не старэюць душой ветэраны”, што праходзіць у Іўі. Летась “Ветэраны ў страі” ўвайшлі ў чацвёрку лепшых сярод 15 песенных калектываў. Акрамя таго, у нас з’явіліся новыя канцэртныя касцюмы ў сіне-белай колеравай гаме. Іх пашылі для нас работнікі раённага Дома быту, аздобу – кветкі да жаночых строяў – зрабіла Вольга Палухіна. Мясцовыя ўлады выдзелілі хору сваё памяшканне для рэпетыцый, набыць новыя музычныя інструменты.

— Якія песні сёння ў вашым рэпертуары?

— Значную частку, вядома, складаюць песні патрыятычнай, ваеннай тэматыкі, прымеркаваныя да юбілею Вялікай Перамогі. Акрамя таго, калектыў спявае нямала народных, народна-эстрадных песень. Вельмі падабаецца нашым спевакам выконваць песні гродзенскага кампазітара В. Кручкова, якія я сама аранжырую. Ёсць у калектыва і свае адметныя цікавінкі, як, напрыклад, іструментальная кампазіцыя з мастацкім свістам у выкананні Васіля Шпігановіча і Сяргея Малышчыка. Прэзентавалі яе на фестывалі – “парвалі” залу!

— Назавіце хіты “Ветэранаў у страі”.

— Сярод кампазіцый, якія падабаюцца ўдзельнікам хора і прыхільна ўспрымаюцца гледачамі, песня-малітва “Да свяціцца імя тваё”; акапэльная “На пригорке за селом”; “Гімн ветэранаў”, які, спадзяюся, стане нашай візітнай карткай; задорныя “Эх, бульба-бульбачка”, “Эх, не пылі, дарога”, “Мы беларусы”, “Вёсачка”, “Хлеб беларускі”.

— Хто складае песенны калектыў?

— На сёння ў нашым калектыве не толькі ветэраны працы, людзі пенсійнага ўзросту, прыходзяць да нас і больш маладыя. Рэпетыцыя хора – добрая нагода для кожнага яго ўдзельніка прыбрацца, сустрэцца са знаёмымі, паспяваць і пагутарыць (праўда, на самой рэпетыцыі я не дазваляю весці размовы). Цяпер у хоры 25 удзельнікаў, якія зараджаюць мяне энергіяй, а я – зараджаю іх. У нас спявае моцная мужчынская група – А. А. Маляўка, С.У. Малышчык, В. А. Герасіменка, А. І. Раеўскі; выдатныя жаночыя галасы ў Г.Б. Лукашэвіч, Т.Я. Гародка, А.Ф. Роўба, В.А. Дарашэвіч, Н.Б. Сіўко, В.А. Шкіль, І.М. Бакшук, Л.М. Бівойны, А.В. Дзікалавай, Т.І. Герасімені, Я.М. Гушчы. Многія ўдзельнікі хора таленавітыя не толькі ў песні: І.І. Верабей, своеасаблівая стараста калектыву, выдатна арганізуе збор нашых спевакоў і піша кароткія эпіграмы, прысвечаныя кожнаму з удзельнікаў хора; Я.І. Андрукевіч валодае майстэрствам кулінаркі. Многія гады застаюцца верныя калектыву Т.А. Капцеўская, В.М. Літвіна, С.Л. Нядбайлік, І.С. Прэдка, А.І. Шуміцкі, Н.І. Царык. Хочацца згадаць усіх, нікога не абмінуць, бо працаваць з такім калектывам для мяне сапраўдная асалода. Акрамя таго, хачу адзначыць нашу інструментальную групу, якую на добраахвотных пачынаннях складаюць сапраўдныя прафесіяналы, педагогі Дзятлаўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам С.А. Лішыка.

— Якімі шляхамі прыходзяць у хор новыя людзі?

— Найчасцей сённяшнія спевакі – гэта ўчарашнія нашы гледачы. Зазвычай далучаюцца людзі, якія на працягу свайго жыцця мелі актыўную пазіцыю і з выхадам на заслужаны адпачынак не хочуць яе губляць. Таміла Аляксандраўна Крышаловіч пасля канцэрту вырашыла прыйсці да нас на рэпетыцыю – і засталася ў калектыве. Таксама да нас далучылася Зінаіда Паўлаўна Кардаш. Запрашаю ўсіх актыўных, каму падабаецца спяваць, далучацца да народнага хору “Ветэраны ў страі”.

— У чым, па-вашаму, адметнасць “Ветэранаў у страі” і якія маеце творчыя планы?

— Мы не спяваем пад “плюс”, толькі жывыя галасы і музыка – гэта, мабыць, галоўная наша асаблівасць. Калі казаць пра будучыню, хацелася б больш выступаць. У нас ёсць таленавіты зладжаны калектыў, грунтоўная разнастайная праграма, каларытная інструментальная падтрымка і жаданне паказаць сваю творчасць людзям. Калі будзе транспартная падтрымка, мы з радасцю дадзім бясплатныя канцэрты як у нашым раёне, так і за яго межамі. Мы рады сустрэчы з усімі, хто любіць жывую музыку і жывыя галасы.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

НА ФОТАЗДЫМКАХ:

  1. Народны хор “Ветэраны ў страі” прымаў удзел у канцэрце, прысвечаным Дню Перамогі.
  2. Кіраўнік калектыва Таццяна Шостка.

Фота Б ВАРНЫ, Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *