«Раўненне на Перамогу!»

Падзеі

Пад такой назвай сёлета ў Дзятлаве ў фармаце моладзевай канферэнцыі праходзіў восьмы раённы піянерскі злёт, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Дню піянерскага сяброўства. Добрыя справы, валанцёрства, песні, вершы — усё ў самых лепшых традыцыях, так піянеры Дзятлаўшчыны рахункавалі вынікі сваёй дзейнасці за апошнія два гады. Стартавала мерапрыемства ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе сабраліся прадстаўнікі 17 піянерскіх дружын установаў адукацыі раёна. На ўрачыстую лінейку былі запрошаны прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму, першасных арганізацый ГА «БРСМ», а таксама ветэраны піянерскага і камсамольскага рухаў Дзятлаўшчыны — Я. Р. Савань, Л. І. Халопік, В. П. Ерамейчык, М. І. Шоцік.

З рапарта, права прачытаць які было прадастаўлена старшыні гарадскога піянерскага штаба дзіцячай палаты Дзятлаўскага раённага савета ГА «БРПА» Наталлі Крывулька, стала вядома, што сёння піянерская арганізацыя Дзятлаўшчыны аб’ядноўвае 1850 сяброў-аднадумцаў, расце з кожным годам. Ад пакалення да пакалення перадаюць піянеры свае лепшыя традыцыі, прымаючы ў любой справе на карысць Радзімы самы актыўны, дзейсны ўдзел. Найбольш значнымі за справаздачны перыяд былі: сацыяльна-творчы праект «Ведаю. Памятаю. Ганаруся», агляд-конкурс па героіка-патрыятычным выхаванні «Нам даверана памяць», раённыя этапы рэспубліканскага конкурсу творчых работ «Лідары дзяцінства» і трэцяга рэспубліканскага збору «Я — піянер сваёй краіны», акцыі «Эстафета радасці», «Наша піянерская праца — табе, Айчына!». Дзятлаўшчына ганарыцца піянерскімі дружынамі сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, Наваельнянскай, Гезгалаўскай, Казлоўшчынскай сярэдніх школ, Вензавецкага, Круцілавіцкага, Хвінявіцкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ, а таксама актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця раёна, лепшымі піянерамі-лідарамі Марыяй Каско, Янай Касцюкевіч, Кацярынай Кіслай, дэпутатамі моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Ягорам Стракоўскім, Яўгенам Умоўскім, піянерамі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй Вадзімам Уласевічам, Вікторыяй Свяцецкай, Лізаветай Горбач, Ягорам Юрчыкам, Уладзімірам Ерамейчыкам, Арцёмам Балтрукевічам, Дар’яй Сямашка, Аленай Мацюкевіч.

Павіншаваў удзельнікаў злёту са святам, пажадаў раённай піянерскай арганізацыі далейшага паспяховага развіцця намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч.

— Піянеры Беларусі заўжды славіліся сваімі багатымі традыцыямі, падтрымлівалі старэйшае пакаленне. У час Вялікай Айчыннай вайны разам з дарослымі станавіліся на абарону Радзімы. У мірны час актыўна ўдзельнічалі ў валанцёрскім руху, спартыўных спаборніцтвах, грамадскім жыцці краіны. Жадаю вам і надалей заставацца настойлівымі, мэтанакіраванымі, таленавітымі, крэатыўнымі — нам патрэбны светлыя ідэі. Будзьце для іншых прыкладам ва ўсім.

Творчага запалу піянерам пажадала ветэран піянерскага і камсамольскага рухаў Дзятлаўшчыны Л. І. Халопік. Людміла Іванаўна зазначыла, што старэйшае пакаленне ганарыцца поспехамі маладых і спадзяецца, што школьнікі і надалей добрымі справамі і перамогамі будуць праслаўляць сваю малую радзіму.

А. І. Жадзейка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, уручыла граматы піянерскім дружынам, якія па выніках апошніх двух гадоў былі сярод лепшых. Дыпломы першай ступені за праект «Ведаю. Памятаю. Ганаруся» атрымалі ў намінацыях «У авангардзе патрыятычных справаў» і «Баявы настрой» — Гезгалаўская СШ , у намінацыях «Школа мужнасці» і «Ушаноўваем гераізм, подзвіг, Перамогу» — Вензавецкі д/с-СШ, у намінацыі «Школа мужнасці» — СШ №1 горада Дзятлава, у намінацыі «Аб Радзіме, аб подзвігу, аб славе» — Наваельнянская СШ і СШ №1 горада Дзятлава. За выніковы ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе «Нам даверана памяць» дыпломы першай ступені атрымалі СШ №1 горада Дзятлава і Наваельнянская СШ.

Затым удзельнікі піянерскага злёту-2015 наведалі прэзентацыйна-экспазіцыйны цэнтр «ПіянерыЯ-лэнд», які размясціўся ў СШ №3 горада Дзятлава. Тут былі прадстаўлены лепшыя прэзентацыі дзйнасці дзіцячых арганізацый, скіраваныя на дастойную сустрэчу 70-годдзя Перамогі. Хвінявіцкія школьнікі правялі прамы эфір тэлеперадачы «Запальваем зоркі дабрыні» і расказалі аб валанцёрскіх справах, падарожжах, конкурсах. Не менш цікавым было жыццё піянерскай дружыны «Дабрадзел» СШ №3 горада Дзятлава. Навучэнцы, рэалізоўваючы праект «Дзеля жыцця на зямлі», наведвалі ветэранаў і былых вязняў канцлагераў, збіралі звесткі для прысваення дружыне імя Героя Савецкага Саюза Я. Фогеля. Гезгалаўскія піянеры рэалізоўвалі праект «Ганарымся. Памятаем. Шануем» і таксама займаліся пошукавай і валанцёрскай дзейнасцю. У касмічнае падарожжа па галактыцы «Перамозе — 70» запрасілі сяброў навучэнцы СШ №1 горада Дзятлава. А канцэрт-прэзентацыя вензавецкіх піянераў усхваляваў да глыбіні душы і моладзь, і старэйшае пакаленне. Наступным прыпынкам стаў цэнтр «МузейЭкспаПлюс» у СШ №1 горада Дзятлава, дзе піянеры сямі ўстановаў адукацыі падрахункавалі сваю пошукавую дзейнасць, скіраваную на папаўненне фондаў школьных музеяў, расказалі аб цікавых знаходках, прынялі ўдзел у экскурсіі па адноўленым музеі гаспадароў пляцоўкі.

Апошнім прыпынкам удзельнікаў злёту была гімназія №1 горада Дзятлава — цэнтр «Ідэя-Форум». У час яго работы сваімі ідэямі дзяліліся гімназісты (расказалі аб новым сайце «Каб памяталі»), гезгалаўскія школьнікі (стварылі школьны блог «Ганарымся. Памятаем. Шануем»), піянеры дружыны імя М. Марозавай СШ №1 горада Дзятлава (расказалі аб блогу класа «Шустрыкі»), раготнаўскія школьнікі (прэзентавалі групу «Вялікая Айчынная вайна», створаную «ВКонтакте»). Зацікавілі сяброў сваімі наватарскімі праектамі аўтары камп’ютарных гульняў «Патрыёт» і «Начныя ведзьмы» Максім Калюта і Ілья Радзюк з Наваельнянскай СШ, а таксама Ягор Юрчык з Казлоўшчынскай СШ з гульнёй «Вызваліць Беларусь».

Педагогі прапанавалі піянерам паўдзельнічаць у кірмашы ідэяў і стварыць свае бізнэс-кампаніі. Юныя прадпрымальнікі марылі вырошчваць садавіну і агародніну, пячы тарты, а школьнікі з Наваельні — выпускаць новыя камп’ютарныя гульні.

Падрахункавала вынікі злёту намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму А. І. Жадзейка, якая падзякавала піянерам за плённую і выніковую працу на працягу справаздачнага перыяду, дастойнае прадстаўленне Дзятлаўскага раёна на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Напрыканцы мерапрыемства быў зачытаны зварот удзельнікаў злёту-2015 да піянераў Дзятлаўшчыны, які прысутныя падтрымалі адзінагалосна.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *