Раённая сустрэча з ветэранамі педагагічнай працы

Падзеі

У Наваельнянскай сярэдняй школе прайшло пасяджэнне прызідыума райкама прафсаюза і раённага савета ветэранаў педагагічнай працы – адбылася сустрэча маладосці і сталасці.

Ля школы гасцей сустракала дырэктар установы М. Я. Лашкоўская і старшыня прафсаюзнага камітэта В. А. Юшкевіч. Прыемна было бачыць маладых, энергічных, дастойных кіраўнікоў, якія не забываюць былых калегаў. Парадавалі вынікі працы педкалектыва, вучняў іх бацькоў: прышкольная тэрыторыя стракацее прыгожымі кветкавымі кампазіцыямі, багатая на малыя архітэктурныя формы. Як зазначылі самі педагогі, тут рэалізоўваецца праект “Квітней, мая школа”.

У актавай зале ўстановы сабраліся амаль усе мясцовыя педагогі-пенсіянеры, якіх госці таксама былі рады пабачыць. А песня з кінастужкі “Дажывём да панядзелка” нагадала маладыя гады, дапамагла адчуць сябе працуючымі настаўнікамі, якія зноў пераступаюць парог школы.

У час свайго выступлення дырэктар установы расказала аб жыцці калектыву, творчай працы, адзначыла поспехі работнікаў і вучняў за апошнія гады. Школа ганарыцца, што  навучэнец Максім Калюта сёлета заняў трэцяе месца на рэспубліканскім этапе алімпіяды па гісторыі, яшчэ двое навучэнцаў сталі прызёрамі абласнога этапу прадметных алімпіяд. 42% выпускнікоў летась паступілі ў ВНУ. Сёння ва ўстанове працуюць камп’ютарны клас, 4 міні-камп’ютарныя прадметныя кабінеты, 14 асобных камп’ютараў для кіраўнічай дзейнасці. Школьны музей “Дзеці ліхалецця”, кіраўніком якога з’яўляецца Т. У. Крывеня, — цэнтр патрыятычнага выхавання. Кожны год тут з’яўляюцца новыя экспазіцыі. У 2014-2015 навучальным годзе аформлены макет “Наваельня ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Па-сучаснаму прыгожа сіламі педагогаў, вучняў і іх бацькоў адрамантаваны калідоры, фае і класы.

Старшыня прафсаюзнага камітэта Наваельнянскай школы В. А. Юшкевіч расказала аб рабоце з ветэранамі педагагічнай працы. Яе выступленне суправаджалася відэапрэзентацыяй аб сустрэчах з былымі настаўнікамі ў школе і дома (створаны віртуальны зборнік «Ветэран працы Наваельнянскай школы», з фотаздымкамі педагогаў і матэрыяламі аб іх працоўнай дзейнасці). Таксама госці пабачылі відэастужку аб тым, як сёння жыве калектыў установы.

Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Р. А. Ганчарэвіч падзякавала кіраўніцтву школы за работу з настаўнікамі-пенсіянерамі, расказала, што зроблена раённым саветам ветэранаў, якія недахопы ёсць у рабоце і як іх пераадольваць.

Выступілі перад прысутнымі Т. У. Крывеня, Д. В. Шмык, Л. А. Лябецкая, якія падзякавалі кіраўніцтву школы і прафкаму за выніковую работу з педагогамі-пенсіянерамі на працягу многіх гадоў.

Некаторыя кажуць, што педагог жыве, пакуль працуе, але, на маю думку, гэта не так. Настаўнік будзе жыць творча, пакуль ёсць такія кіраўнікі, як Марына Яўгенаўна Лашкоўская, якая ўмее знайсці падыход да кожнага чалавека, адшукаць яму месца ў жыцці, хоць ён і пенсіянер, прымусіць адчуць, што ён яшчэ патрэбны людзям.

Дзякуем вам, Марына Яўгенаўна. Жадаем поспехаў і высокіх вынікаў дзейнасці Наваельнянскай сярэдняй школе.

Я. САВАНЬ,

намеснік старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *