Прэзідэнцкія выбары — гэта экзамен для ўсіх органаў улады перад народам

Падзеі

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі неабходна падрыхтаваць і правесці адкрыта, сумленна, спакойна і строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і ўзятымі на сябе міжнароднымі абавязацельствамі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных і ўнутрыпалітычных пытаннях

Ён нагадаў, што Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў унесла прапанову аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года. «Думаю, што дэпутаты ў гэтым выпадку падтрымаюць прапанову ЦВК, і, хутчэй за ўсё, выбары адбудуцца 11 кастрычніка», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца ў пэўным сэнсе экзаменам для ўсіх органаў улады. «Гэта экзамен перад народам, перад тымі, хто даверыў нам лёс Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле словаў Прэзідэнта, яго вынікі прадэманструюць адносіны людзей да вынікаў гэтай работы, а таксама стануць асновай стратэгіі далейшага развіцця краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўную ролю ў правядзенні выбарчай кампаніі ў адпаведнасці з заканадаўствам будзе адыгрываць Цэнтрвыбаркам. «ЦВК з часу аб’яўлення прэзідэнцкіх выбараў і толькі ён будзе займацца ў краіне арганізацыяй і правядзеннем выбарчай кампаніі. Усе астатнія, і я ў тым ліку, будуць удзельнічаць у ёй толькі настолькі, наколькі гэтага запатрабуе ЦВК. Усялякія заявы, ініцыятывы павінны ўзгадняцца са старшынёй Цэнтрвыбаркама», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў краіне нікому не будуць забараняць назіраць за выбарамі: «ні ўнутраным наглядальнікам, ні замежным».

«Пры гэтым хачу падкрэсліць, што палітычная стабільнасць, мір і згода з’яўляюцца краевугольнымі элементамі паслядоўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Мір, спакой і стабільнасць значна важнейшыя за любыя электаральныя кампаніі, любыя прэзідэнцкія, парламенцкія і іншыя выбары. Гэта лёс нашага народа і нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, асаблівая важнасць забеспячэння бяспекі абумоўлена тымі трывожнымі падзеямі, якія адбываюцца на міжнароднай арэне і непасрэдна каля межаў Беларусі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што кіраўнікам усіх органаў улады трэба забяспечыць зладжанае, бесперабойнае функцыянаванне дзяржаўнага апарату, строгую выканальніцкую дысцыпліну, максімальную скаардынаванасць дзеянняў вертыкалі ўлады і сілавых структур.

Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць асаблівую ўвагу на пытанні занятасці насельніцтва, выплаты заработнай платы і стабільнасці цэнаў.

«Мы адкрыта і сумленна сказалі: мы не будзем пад выбары, друкуючы грошы або беручы з золатавалютных і іншых рэзерваў, накручваць заработныя платы. Але калі мы не маем такой магчымасці на павышэнне зарплаты, цэны павінны быць адпаведныя. Гэта ў нашых руках», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Галоўнай тэмай у нашай палітыцы заўсёды застаецца і будзе заставацца клопат аб чалавеку. Ніякая вытворчасць, ніякая краіна нічога не варта, калі яна не можа стварыць нармальныя ўмовы для жыцця простага чалавека», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Цэнтральная выбарчая камісія і службовыя асобы абавязаны прыняць усе меры для арганізацыі выбараў на самым высокім, дастойным узроўні, з дэталёвай прапрацоўкай усіх аспектаў, пачынаючы ад інфармавання выбаршчыкаў да стварэння аднолькавых умоваў кандыдатам.

Кіраўніку дзяржавы даложана аб аб’ёмах фінансавання маючай адбыцца кампаніі, пытаннях арганізацыі правядзення масавых мерапрыемстваў у гэты перыяд і забеспячэння бяспекі людзей, працэсе фарміравання выбарчых камісій, пытаннях празрыстасці галасавання і падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама каго з міжнародных наглядальнікаў плануецца запрасіць.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *