Майстрыха па лазе з Лозак

Падзеі

Алена Шалесная — майстар пляцення з лазы. З гэтага немудрагелістага прыроднага матэрыялу жанчына вырабляе вазы, кошычкі, карзіны, сумкі, посуд. Яны не толькі ўпрыгажэнне, але яшчэ і неабходныя ў гаспадарцы рэчы.

Захапілася пляценнем Алена Іванаўна не так даўно. Пачынала з даволі моднага і распаўсюджанага сёння пляцення з газетных трубачак. Аднак па парадзе мужа пазней вырашыла паспрабаваць сябе ў больш сур’ёзнай тэхніцы пляцення з лазы. Тым больш, што гэтае рамяство мае даволі глыбокія карані. Так, напрыклад, у Беларусі на працягу многіх стагоддзяў з лазы плялі посуд, агароджы, дзіцячыя каляскі, калыскі і шмат чаго іншага, нават кузавы для саней і павозак.
Слушныя парады па пляценні з лазы Алена Іванаўна атрымала з інтэрнэту. А першыя яе вырабы былі сплецены з лазы, якую яны з мужам нарыхтавалі зімой у ваколіцах роднай вёскі Лозкі. Увогуле, гаворыць Алена Іванаўна, нарыхтоўваць лазу можна ў любую пару года, галоўнае — правільна падрыхтаваць яе для далейшага пляцення. Для гэтага лазу трэба некалькі гадзін варыць, затым «вышкурыць», паверхня яе павінна быць роўнай і гладкай. Пасля лаза прасушваецца, а ўжо непасрэдна ў час пляцення зноў трохі намочваецца — каб хутка не высыхала, была эластычнай.
Ужо гатовыя рэчы, гаворыць Алена Іванаўна, абавязкова трэба пакрываць лакам, — інакш выраб пацямнее.
Калі адну невялікую карзіну Алена Іванаўна сплятае за 3-4 гадзіны, то аб’ёмныя вырабы патрабуюць больш часу, уседлівасці і сілы. І ў гэтым выпадку справіцца з работай Алене Іванаўне дапамагае муж.
А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *