Цэнтралізаванае тэсціраванне-2015 — што новага?

Падзеі

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, прадстаўнікі якога ў гэтым годзе, як і раней, упаўнаважаны ажыццяўляць кантроль за арганізацыяй і ходам уступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі, адказалі на пытанні, якія найбольш часта паступаюць на яго адрас.

— Калі на цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыенту стане дрэнна, ці можна прайсці яго паўторна?

— Названыя сітуацыі, зыходзячы з вопыту правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, урэгуляваны з бягучага года Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджаным пастановай урада. У выпадку захворвання, узнікнення іншых уважлівых прычын або непрадбачаных абставінаў пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання абітурыент вызваляецца ад удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Пры гэтым бланк адказаў пагашаецца шляхам перакрэслівання па дыяганалях, а ў пропуску робіцца пазнака «Тэсціраванне не прайшоў». Дадзеныя факты ўносяцца ў пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў аўдыторыі. Абітурыент, які быў вызвалены ад удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні па ўважлівай прычыне, праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовы дзень.

— Ці змогуць бацькі атрымаць сертыфікаты замест свайго сына?

— У выпадку немагчымасці асабістага атрымання сертыфіката абітурыентам па ўважлівай прычыне (захворванне, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовая камандзіроўка ці іншыя не залежачыя ад абітурыента абставіны, пацверджаныя дакументальна) сертыфікат атрымліваюць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў (пры прад’яўленні дакументаў, якія сведчаць пра асобу і пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка, а таксама копіі дакумента, які сведчыць пра асобу абітурыента, заверанай натарыяльна) або прадстаўнікі абітурыентаў, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна або ўпаўнаважанай службовай асобай (пры прад’яўленні дакументаў, якія сведчаць пра асобу, а таксама копіі дакумента, які сведчыць пра асобу абітурыента, засведчанай натарыяльна).

— Ці ўсе ў гэтым годзе змогуць удзельнічаць у конкурсе для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы?

— Не, не ўсе. Як і кожны год, былі ўведзены так званыя “парогі”. Аднак у параўнанні з 2014 годам зменены падыход да вызначэння ніжніх парогавых балаў ЦТ.

Так, у 2015 годзе нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14, а па такіх прадметах, як гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19. Па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14. Па рускай і беларускай мовах нездавальняючыя адзнакі — ад 0 да 9 балаў.

Так званыя парогавыя значэнні ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпамежкамітэта, на ваенныя факультэты дзяржаўных ВНУ, у дзяржаўныя ВНУ па групах спецыяльнасцяў «вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства», «сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «меліярацыя і водная гаспадарка», «аграінжынерыя» і ў ВНУ МУС на месцы дадатковага набору устаноўлены ад 0 да 4 балаў.

— У час ЦТ дзейнічае забарона мець пры сабе ў экзаменацыйных аўдыторыях мабільныя тэлефоны абітурыентам. Ці ёсць яшчэ якія-небудзь забароны? Забароны распаўсюджваюцца толькі на абітурыентаў або таксама на тых, хто праводзіць ЦТ?

— Абітурыентам забараняецца: прыносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, любыя прадметы, акрамя дакумента, які засведчвае асобу, пропуску, ручкі (гелевай або капілярнай) з чарніламі чорнага колеру; фальсіфікаваць даныя ў вобласці рэгістрацыі бланка адказаў; мяняцца месцамі, выкарыстоўваць дапамогу іншых асобаў для выканання тэставых заданняў. Пры выкананні тэстаў па хіміі і фізіцы дазваляецца выкарыстанне калькулятара, які не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі.

Арганізатарам, якія працуюць у аўдыторыі, забараняецца мець пры сабе мабільныя тэлефоны і іншыя сродкі прыёму-перадачы інфармацыі, а таксама прыносіць і (або) выкарыстоўваць ручкі (гелевыя ці капілярныя) з чарніламі чорнага колеру.

Профіль падрыхтоўкі педагога не павінен супадаць з профілем экзаменацыйнай дысцыпліны: напрыклад, філолагі прысутнічаюць на ЦТ па матэматыцы, а біёлагі — па гісторыі Беларусі.

А. САДАЎНІЧЫ,

першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Теги:

2 комментария по теме “Цэнтралізаванае тэсціраванне-2015 — што новага?

  1. Цэнтралiзаванае
    интересно, в редакции газеты грамотные люди есть? а на сайт они заходят?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *