З песняй і надзеяй па жыцці

Падзеі

Летась грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» адсвяткавала 90-годдзе з дня ўтварэння. А сёлета свой 70-гадовы юбілей адзначае Гродзенская абласная арганізацыя ГА «БелТІЗ». Ёсць нагода яшчэ раз узгадаць, для чаго было створана наша таварыства, якую карысць яно прыносіць людзям, а таксама расказаць пра самых таленавітых і актыўных членаў Дзятлаўскай «пярвічкі».

Галоўнымі задачамі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку з’яўляюцца: сабраць разам людзей, аб’яднаных адной бядой, зацікавіць іх грамадска-карыснай работай, дапамагчы цікава арганізаваць вольны час, наладзіць быт. Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА «БелТІЗ» з гэтымі задачамі паспяхова спраўляецца, бо тут сабраўся дружны калектыў аднадумцаў. Ёсць сярод членаў нашай пярвічкі і тыя, кім можна ганарыцца. Гэта жыхарка вёскі Явар Гэля Браніславаўна Красоцкая, дзятлаўчанкі Станіслава Іосіфаўна Чурай і Надзея Іванаўна Салановіч. Гэтыя жанчыны, нягледзячы на хваробу, ніколі не здаюцца. Яны актыўныя, няўрымслівыя, ідуць па жыцці з песняй і надзеяй.
Так, Гэля Браніславаўна Красоцкая захапляецца рукадзеллем: спрытна вяжа на спіцах і кручком. Вочы бачаць кепска, але рукі ніколі не памыляюцца за работай, у выніку з’яўляюцца прыгожыя адметныя вырабы. Шмат работ Гэлі Браніславаўны знаходзіцца ў школах, на выставах. Не адзін раз яварская майстрыха абараняла гонар Дзятлаўскага раёна на конкурсах і фестывалях. Свае веды і ўменні Гэля Браніславаўна Красоцкая актыўна перадае маладому пакаленню. А яшчэ яна вельмі любіць спяваць. Ніводнае свята ў сельгаскааператыве не абыходзіцца без яе ўдзелу. Разам са Станіславай Іосіфаўнай Чурай і Надзеяй Іванаўнай Салановіч Гэля Браніславаўна Красоцкая неаднаразова ўдзельнічала ў абласных музычных конкурсах і фестывалях.
Гэтыя жанчыны страцілі зрок ужо ў сталым узросце, але не зламаліся, не адчаяліся, а, наадварот, сваім аптымізмам і добрым настроем стараюцца падбадзёрваць іншых, нават здаровых людзей. Яны імкнуцца быць патрэбнымі, з’яўляюцца актыўнымі членамі грамадства. З іх, лічу, варта браць прыклад. Якія непрыемныя сюрпрызы не прынесла б жыццё, трэба знаходзіць ў сабе сілы выстаяць. Можна і варта адшукаць для сябе тую справу ці рамяство, якія дапамогуць самарэалізавацца і парадаваць іншых. У членаў нашай пярвічкі ёсць чаму павучыцца!

С. КРЭЙДЗІЧ,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ»



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *